Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Вячаслава Адамчыка
Вячаслаў Адамчык нарадзіўся 1 лістапада 1933 г. у вёсцы Варакомшчына Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння сямігодкі ў 1949 г. працаваў грузчыкам і наведваў вячэрнюю школу. 3 1952 па 1957 г. вучыўся на аддзяленні журналістыкі БДУ, пасля заканчэння якога працаваў у перыядычных выданнях. У 1965 г. заканчвае Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве, у 1982 г. займае пасаду галоўнага рэдактара дзіцячага часопіса «Бярозка». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1960 г., прымаў удзел у рабоце XXXVIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Памёр 5 жніўня 2001 г.
Паэтычны дэбют Адамчыка адбыўся ў 1952 г., а сваё першае апавяданне ён апублікаваў у 1957 г. 3 таго часу ён пісаў пераважна празаічныя творы: апавяданні, аповесці і раманы. Сярод ягоных зборнікаў апавяданняў трэба назваць наступныя: «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972), «Дзень ранняй восені» (1974) і «Раяль з адламаным вечкам» (1990). Пяру Адамчыка належыць трылогія, якая складаецца з раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1978), «Год нулявы» (1983) і «I скажа той, хто народзіцца...» (1987). За першы раман аўтар быў у 1980 г. узнагароджаны Літаратурнай прэміяй імя I. Мележа, а за ўсю трылогію ў 1988 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Я. Коласа. Паводле рамана «Чужая бацькаўшчына» быў зняты мастацкі фільм, што набыў вялікую папулярнасць. Адамчык таксама напісаў сцэнарыі да некалькіх дакументальных фільмаў (у тым ліку пра Мележа, Таўлая і Коласа) і п’есу «Раіса Грамычына» (1989) і рабіў пераклады балгарскіх народных казак і выбраных твораў сучасных рускіх пісьменнікаў.
Асноўным унёскам Адамчыка ў беларускую вясковую прозу сталі лепшыя ягоныя раманы, аднак ужо раннія апавяданні аўтара (шэраг з якіх быў напісаны яшчэ пад час навучання ва універсітэце), мелі характэрныя рысы ягонай больш спелай творчасці. Ужываючы вельмі актыўна дыялектную лексіку роднай Наваградчыны, пісьменнік ствараў вобразы пераважна праз дыялогі, а не праз расцягнутыя апісанні, і такая лаканічная манера пісьма не заўсёды выкарыстоўвалася для павышэння напружанасці твора, а часцей служыла для адлюстравання няспешнага ладу жыцця людзей, з якімі ён рос побач. Аўтабіяграфія адыгрывае значную ролю ва ўсёй творчасці Вячаслава Адамчыка. Многія апавяданні, напрыклад, пачынаюцца ўспамінамі дзяцінства, аўтар імкнецца даць псіхалагічную і рэалістычную карціну штодзённага жыцця, а галоўнымі літаратурнымі ўзорамі для яго служаць Якуб Колас і Кузьма Чорны. Адзін з найважнейшых твораў Адамчыка, «Млечны шлях», нават быў названы дакладна як раман К. Чорнага. Дзякуючы гэтай працы Адамчык зарэкамендаваў сябе як вальнадумец ў савецкім разуменні гэтага слова. Галоўны герой гэтай кароткай аповесці, вясковы юнак Косця Манцэвіч, якога выключылі з інстытута за супраціўленне рэакцыйным дзеянням своекарыслівага кіраўніцтва ўстановы, вяртаецца сюды праз два гады. Усё ягонае асаблівае злачынства заключаецца ў публічнай крытыцы слабай даследчыцкай працы студэнта, які нават на прафесійныя тэмы не мог гаварыць без паперкі. Пакаранне Косці магло б быць і больш мяккім, аднак усё ж яго выключаюць з інстытута ў выніку бязлітаснай помсты аб’екта крытыкі, які карыстаецца падтрымкай карыслівага дырэктара і ягонага намесніка, цэнячых выгаду і спакой больш за ўсё астатняе. Як і большасць твораў паслясталінскага перыяду, гэтая аповесць акцэнтуе ўвагу на маральным баку чалавечых адносін, у дадзеным выпадку на барацьбе паміж прынцыповасцю і выгадай. Шэрагам кароткіх эпізодаў Адамчык малюе багатую і праўдзівую карціну жыцця навуковых колаў таго часу, цынізму і таленавітасці, а таксама цяжкасцяў у адаптацыі вяскоўцаў да гарадскога ладу жыцця. Няма сумнення, што ў гэтым моцным творы знайшоў адлюстраванне і пэўны універсітэцкі досвед самога Адамчыка.
Іншым значным раннім творам Адамчыка быў «Дзень ранняй восені» (1965), які даў назву выдатнаму аднайменнаму зборніку апавяданняў, адметнаму сваім лірызмам, псіхалагічнымі вобразамі і багатай выразнай мовай. Нягледзячы на тое, што дзеянне аповесці «Млечны шлях» магло адбыцца ў любым інстытуце любога з гарадоў, большасць Адамчыкавых апавяданняў вяртае нас у Заходнюю Беларусь, дзе прайшло дзяцінства аўтара. Амаль усе ягоныя апавяданні будуюцца вакол хвалюючага пераломнага моманту ў чалавечым жыцці. Сярод найбольш удалых высокалірычных мініяцюр у першую чаргу трэба назваць «Зоню» – гісторыю трагічнага лёсу юнака, падманутага ў каханні. Заслугоўваюць увагі таксама два раннія кароткія апавяданні – «Срэбра на павуціне» (пазней перайменаванае ў «Па часе») і «Ліпавы цвет». Апошняе на першы погляд нагадвае простую гісторыю не зусім простага кахання, што не ідзе гладка, але праз яе Адамчык паказвае нам унутраны свет і перажыванні галоўнага героя Сяргея. Хоць і вельмі рамантычная, гэтая гісторыя мае рэалістычную аснову, што характэрна для беларускага рамантызму ў цэлым. Псіхалагічна прыцягальным з’яўляецца таксама твор «Па часе», іншая гісторыя з уяўна простым сюжэтам. Апавядальнік уваскрашае ў памяці другое замужжа сваёй аўдавелай маці, калі яму самому было ўсяго трынаццаць, і тое, як ён не прызнаваў не толькі айчыма, але і сваю родную маці за тое, што абрала яго. Юнацкае адчужэнне і рэўнасць пераходзяць у нянавісць да немаўляці, і калі ўрэшце герой прыходзіць да шчырага раскаяння, аказваецца занадта позна. Тое, што можа падацца проста сентыментальнай гісторыяй, на самой справе з’яўляецца вельмі пераканаўчым адлюстраваннем юнацкага мыслення, і Адамчык ізноў дэманструе высокае майстэрства ў апісанні ўнутранага свету падлеткаў і асабліва іх адносін з дарослымі. Вобраз маці хлопца, спачатку страціўшай на вайне мужа, а потым згубіўшай свайго сына праз ягоны юнацкі максімалізм, намаляваныя з вялікай сімпатыяй і разуменнем. У адрозненні ад рускіх вясковых пісьменнікаў кшталту Вялова і Распуціна, Вячаслаў Адамчык стварае ў сваіх творах шмат вобразаў гераічных мацярок, многія з якіх не толькі гадуюць дзяцей, але таксама змагаюцца і з суровымі ўмовамі ваеннага часу. Найлепшымі ваеннымі творамі аўтара з’яўляюцца апавяданні «Салодкія яблыкі» (1965) і «Раяль з адламаным вечкам» (1965).
Проза Адамчыка як для дзяцей, так і для дарослых нават у мініяцюрах амаль заўсёды мае лірычныя апісанні прыроды, якая не толькі служыць месцам дзеяння, але з’яўляецца неабходным фонам для больш глыбокага разумення падзей і ўчынкаў. Найбольш яркі прыклад лірычных адносін Адамчыка да родных краявідаў дае твор «Песня» (1962). Іншай рысай, характэрнай для жанру вясковай прозы, можна лічыць пільную ўвагу да пачуццяў як старых, так і вельмі маладых людзей. Прыгожае апавяданне 1971 г., «Два злоты», напрыклад, малюе кранальную карціну дачыненняў старога з даваеннай заходнебеларускай вёскі са сваёй сям’ёй і асабліва з унукам. Хоць і малое па аб’ёме, гэтае апавяданне з эпічнай шырынёй апісвае ўнутранае жыццё чалавека. Прыблізна ў той самы час зборнік апавяданняў пад назвай «Дзікі голуб» быў высока адзначаны выдатным беларускі раманістам Iванам Мележам, які казаў наступнае:
«Вячаслаў Адамчык – не толькі таленавіты пісьменнік, але – гэта трэба сказаць таксама – нялёгкі і няпросты пісьменнік. Чытачу, які звык глядзець на літаратуру як на простую арыфметыку, – гэтая кніга можа аказацца цяжкаватай... Карціну В. Адамчык піша, трэба сказаць, па-майстэрску. Ярка, дакладна, так, што ўсё бачыш, нібы яно праходзіць перад вачамі. Аўтар проста здзіўляе шчодрасцю жывапісу».
Хоць ягоныя раннія творы былі досыць моцнымі трактоўкай спрэчных тэмаў, як у «Млечным шляху», вострым псіхалагізмам, як у аповесці «Па часе», чыстым лірызмам, як у «Песні», усё ж вяршыняй ягонай творчасці стала эпічная трылогія «Чужая бацькаўшчына», створаная ў 70-80-я гг. – буйнейшы унёсак пісьменніка ў беларускую літаратуру паслясталінскага перыяду. Безумоўна, у раманах захаваліся ўсе асаблівасці творчай манеры пісьменніка і, не ў апошнюю чаргу, пільная ўвага да роднай Наваградчыны, багатая мова і стрымана рамантычны, а, па сутнасці, рэалістычны стыль апавядання пра будзённае жыццё беларускай вёскі. Тры звязаныя між сабой раманы маюць эпічны характар не столькі дзякуючы шырокай панараме гістарычных падзей, колькі глыбіні і арыгінальнасці, з якімі Адамчык малюе час і тое, як гістарычныя падзеі ўплываюць на жыццё простых людзей. Багаты этнаграфічны матэрыял служыць хутчэй своеасаблівым фонам для персанажаў, чым самамэтай твора, а падзеі ў жыцці жыхароў вёскі Верасава, дзе адбываецца асноўнае дзеянне раманаў, абраныя аўтарам менавіта за іх тыповасць, а не за нейкі захапляльны альбо выключны характар. Цемрашальства, забабоны і неадукаванасць – асноўныя рысы большасці вяскоўцаў, але пры тым у аснове сваёй яны маюць моцны здаровы дух і пэўную духоўную чысціню, нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця. Як Чорны і Мележ, Адамчык для стварэння псіхалагічнай асновы рамана выкарыстоўвае палілог, унутраны маналог і безасабовую форму апавядання з мэтай паказаць чытачу сапраўдны характар сацыяльных, палітычных і псіхалагічных зменаў у сялянскім жыцці ў незвычайных абставінах, што склаліся ў Заходняй Беларусі напярэдадні кардынальнага пералому ў беларускай гісторыі. Магчыма, у мове твора зашмат дыялектызмаў, аднак пачуцці, памкненні і ўчынкі сялян маюць не толькі мясцовае, але і ўсеагульнае значэнне: Адамчык вельмі паспяхова спалучае шырокую карціну старога ладу жыцця з днём сённяшнім.
Будова трылогіі хутчэй эпізадычная, чым цэласная, хоць крытык Аляксей Рагуля, які пісаў пра «Чужую бацькаўшчыну» ў «Літаратуры і мастацтве», адзначаў, што дзеянне рамана развіваецца па спіралі і складаецца з мноства асобных сюжэтаў, якія падводзяць чытача да найбольш поўнага разумення персанажаў і падзей. Эпізадычная форма, несумненна, нагадвае хутчэй вялікую «Палескую хроніку» Iвана Мележа, чым цэласныя, «арыфметычныя», сюжэты многіх традыцыйных савецкіх раманістаў. Дарэчы, трылогія пазбегла штучнай камуністычнай ідэалізацыі, якая пашкодзіла такім раманам пра Заходнюю Беларусь, як, напрыклад, «Сустрэнемся на барыкадах» Піліпа Пестрака ці цыкл раманаў Міхася Машары.
Важным аб’яднаўчым элементам трылогіі Адамчыка з’яўляецца, канечне ж, суровы, але прыгожы пейзаж гэтага краю, што, у нейкім сэнсе, служыць сімвалічным мэтам. Прырода, часам персаніфікаваная, часта дапамагае аўтару даць пэўную характарыстыку і стварыць атмасферу, што выклікае часам сур’ёзную крытыку, нават падазронасць, паколькі многія апісанні зроблены пераважна ў цёмных, змрочных колерах, і часта здаецца, што любімы час дня Адамчыка – змярканне і вечар, хоць у яго ёсць і шэраг прыгожых апісанняў світання. Відавочнай жа з’яўляецца глыбокая любоў аўтара да суровых краявідаў, на якіх пабудавана не толькі ягоная трылогія, але і многія больш кароткія творы.
Апісанне розных сем’яў і асобных людзей у гэтым творы часам бывае залішне схематызаваным, а іх месца ў грамадстве і ідэі падаюцца больш важнымі за індывідуальныя фізічныя і псіхалагічныя рысы, але ўсё ж яны далёкія ад кардонных аплікацый. Адамчык, здаецца, надзяляе некаторых галоўных герояў тыповымі рысамі, што маюць нацыянальную прыналежнасць, так, напрыклад, стары Улас Корсак паказаны пераважна праз ягоную працу і практычны падыход да ўсіх жыццёвых праблем. Абмежаваны, але далёка не трагічны персанаж, ён служыць сімвалам цяжкага жыцця і станоўчых каштоўнасцяў старэйшай генерацыі вяскоўцаў Заходняй Беларусь 3 іншага боку Міця Корсак – у некаторай ступені інтэлектуал, які піша вершы і абдумвае як абстрактныя, так і канкрэтныя праблемы. Менавіта ён адыгрывае вядучую ролю ў барацьбе за большую палітычную свабоду, і ягоны неспакойны, пытлівы розум штурхае яго на пошукі свайго далейшага шляху ў жыцці, ён не хоча слепа следаваць традыцыйным звычаям і вераванням. I гэта толькі два героі з цэлага шэрагу звязаных між сабой персанажаў трылогіі.
У дадатак да нестэрэатыпных характарыстык, павольнай, але лаканічнай манеры пісьма і напраўду аўтэнтычнай сялянскай мовы творчасці Адамчыка пэўную прывабнасць і нязменную каштоўнасць надае моцнае і нястрымнае пачуццё – глыбокая і часам апантаная любоў да роднага кутка, якую аўтар нясе ў сваім сэрцы. Перад намі вясковая проза найвышэйшай вартасці, бо Адамчык, чые творы шырока перакладаюцца і добра ўспрымаюцца за межамі рэспублікі, здолеў стварыць адны з самых запамінальных літаратурных партрэтаў жыхароў Заходняй Беларусі. Гэтым простым і моцным творам наканавана доўгае жыццё.
Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с.
Похожие статьи:
Вячаслаў Адамчык → Вячаслаў Адамчык - На тутэйшай зямлі
Вячаслаў Адамчык → Вячаслаў Адамчык - Голас крыві брата твайго
Вячаслаў Адамчык → Вячаслаў Адамчык - Сонечны зайчык