Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Міхась Стральцоў - На чацвёртым годзе вайны
У апавяданні "На чацвёртым годзе вайны", якое было напісана Міхасём Стральцовым у 1964 годзе, расказваецца пра той час, калі яшчэ ішла вайна, недзе грымелі баі і гінулі людзі, калі чалавечае жыццё магло абарвацца кожную хвіліну, калі з франтоў у вызваленыя ад фашыстаў беларускія вёскі ішлі "пахаронкі". I хаця "гоняць і гоняць немца нашы ", да канца вайны яшчэ далёка. У вёсках, у асноўным, жанчыны-салдаткі ды старыя з малымі. Жывецца цяжка: холад, голад, нястача. А трэба араць і сеяць, аднаўляць на голым месцы гаспадарку, гадаваць дзяцей, многія з якіх ніколі не ўбачаць свайго бацьку. "Цяпер у кожнай хаце хапае свайго гора", — думае гераіня твора Маруся, разважаючы пра тое, як "паставіць сябе ў жыцці, каб не даць у крыўду сябе і сына".
Сюжэт твора зусім просты. У вясковай сям'і, якая страціла кармільца на вайне, адбываецца нязначная падзея: бабуля "адсцябала матузамі" малога ўнука за тое, што ён, не дачакаўшыся вячэры, абшчыпаў "акрайчык ацеслівага, спечанага з бульбы і ячменных шароек хлеба". Малы не заплакаў, толькі глядзеў на маці, просячы ў яе спагады, а потым уцёк на вуліцу і толькі там заплакаў. Маці ў гэты час таўкла проса. I далей падзей ў апавяданні будзе зусім нямнога. Бабуля пойдзе ў хлеў, каб сабраць яйкі, паглядзіць на агарод, дзе яшчэ "было пуставата на градах", паганяе "худога, як дошка, парсюка, які таксама хоча есці", убачыць, як струхлеў ніжні вянец хаты... Менавіта ў гэтым апісанні аўтар падкрэслівае нястачу ў сялянскай сям'і, якую прынесла вайна, забраўшы дабрабыт, спакой і шчасце.
Апісанні паводзін малога — другая лінія сюжэта. Пакрыўджаны, абураны, хлопчык зашыўся ў алешнік, думае пра сваю бяду, будуе шалаш і засынае там.
Трэцяя падзейная лінія звязана з маладой салдацкай удавой Марусяй, якая толькі тры гады была замужам, страціла мужа на вайне, цяпер працуе не разгінаючы спіну. Як без бацькі выхаваць сына, не даць яго ў крыўду, як перажыць нястачу, як цяпер пашкадаваць малога, віна якога ў тым, што ён хоча есці, — вось што непакоіць Марусю..
Падзейны сюжэт завершыцца прымірэннем свекрыві і Марусі: яны плачуць па забітым сыне і мужу, шкадуюць малога, якому рана прыходзіцца станавіцца дарослым і абяцаць сваім жанчынам, што ён не будзе больш "чапаць хлеба", не будзе плакаць і лаяцца. Пры такім звычайным пераказе страчваецца лірызм стральцоўскай прозы: няма ўнутраных маналогаў герояў, якія раскрываюць пачуцці і перажыванні герояў, няма апісанняў прыроды, якія ўзмацняюць гэтыя перажыванні.
Дзве жанчыны, старая і маладая, свякроў і нявестка, ды малы хлопчык — вось героі апавядання. Цяжкае жыццё вызначыла іх паводзіны і светаадчуванне. I старая бабуля, і маладая жанчына — працаўніцы, пакутніцы, на плечы якіх лягла тая нябачная цяжкасць ваеннага ліхалецця. Цяжкая сялянская праца рана састарыла бабулю, гора, якое прыйшло да яе, калі загінуў сын, прыгнула да зямлі і пазбавіла радасці. Аўтар паказвае яе перажыванні, праз унутраны маналог раскрывае характар змучанай горам жанчыны. Яе мучыць віна перад унукам, якога яна пакарала без віны; яшчэ больш яна пакутуе ад таго.'што некалі гэтак жа, без віны пакарала сына, забітага на вайне. Яна не можа дараваць сабе, што мала давала сыну ласкі і цяпла, што не зможа папрасіць у яго прабачэння, і нават смерць яго ставіць сабе ў віну. Праз унутраны маналог бабулі мы разумеем, што за знешняй суровасцю жанчыны хаваецца добрая душа маці, якая ўсё сцерпіць, калі трэба — будзе строгай, іншым разам — лагоднай і пяшчотнай, якой яна паўстае ў фінальнай сцэне, калі яны аплакваюць сваё сіроцтва.
Маруся, нявестка бабулі, у многім вельмі падобная да яе. Яна такая ж працаўніца (на працягу ўсяго апавядання яна працуе), у душы вельмі добрая, спачувае і сыну, і свекрыві, бо бачыць, як абое яны перажываюць здарэнне. I ёй хочацца суцешыць і малога, і старую жанчыну. Не сціхае ў душы Марусі боль па загінулым на вайне мужы, які ўжо ніколі не вернецца, не дае спакою думка пра тое, як выжыць у гэты цяжкі час. Вельмі горка ёй ад таго, што шмат бачыць яна несправядлівасці ў гэтым жыцці. Маруся ўспамінае, як расцягвалі людзі калгасную маёмасць, асуджае суседа Зміцера, які служыў старастам пры немцах, потым падаўся ў партызаны, нацягаў усялякага дабра і цяпер жыве — не бядуе ў поўнай хаце. А ім прыходзіцца выжываць з усіх сіл, працаваць і за сябе, і за тых мужчын, што "паляглі ў гэтай калатнечы". Але чытач разумее: на такіх, як Маруся, заўсёды трымалася сям'я, вёска, народ. Іменна такія Марусі падымалі з руін пасля вайны вёскі і гарады, аднаўлялі калгасы, гадавалі дзяцей, ніколі не гублялі сваёй чалавечай годнасці, сваім жаночым цяплом саграваючы другіх.
Вобраз малога хлопчыка — гэта вобраз дзіцяці вайны, якому рана прыходзіцца сталець і, трохі падросшы, узяць на сябе цяжар мужчынскай працы, бо бацька загінуў на вайне, побач — толькі жанчыны, якія шмат плачуць, калі становіцца вельмі цяжка. Яшчэ малы, хлопчык ужо ўмее пастаяць за сябе і вырашае, як адпомсціць сыну былога паліцая Зміцера, ён думае неяк зусім па-даросламу, адчувае сябе моцным і адзінокім, збіраецца з-за крыўды сыходзіць з дому. Вайна зрабіла гэтых дзяцей не па-дзіцячаму разважлівымі, мудрымі, нібы яны ўжо доўга жывуць на свеце. Іменна ён вырашае канфлікт сваімі па-дзіцячы простымі, але па-даросламу разумнымі словамі: "Не плачце!.. Я не буду чапаць больш хлеба... Не плачце!.. Я не баюся Зміцеравага "паліцая"... Мама, гэта я так тады плакаў, а ты не плач". Гэтыя словы малога, які на вачах становіцца амаль дарослым, высушваюць слёзы маці і бабулі, збліжаюць іх яшчэ больш.
Апавяданне М. Стральцова "На чацвёртым годзе вайны" — твор псіхалагічна паглыблены. Такім яго робяць унутраныя маналогі герояў, якія дазваляюць чытачу стаць сведкам унутраных перажыванняў, глыбокіх пачуццяў і бабулі, і Марусі, і малога хлопчыка. Героі нібы гавораць самі з сабой, думаюць пра сваё жыццё, пра падзеі, іншых людзей. Вось пакрыўджаны хлопчык сядзіць у алешніку, "...Ён чуў, як клікала яго маці, але не выходзіў: нейкая помслівая асалода трымала яго ў кустах. Ён даўно ўжо не плакаў і за гэты час... колькі разоў пачынаў думаць пра свае ўцёкі з вёскі, надоўга, назусім... і няхай тады шукаюць, няхай паплачуць і бабуля, і матка". Кожны, хто ў дзяцінстве перажываў крыўду, пазнае сябе ў гэтым хлопчыку, успомніць свае пачуцці і перажыванні, зразумее ўнутраны стан малога. Так унутраны маналог дапамагае аўтару ў раскрыцці псіхалогіі герояў.
Похожие статьи:
Міхась Стральцоў → Міхась Стральцоў - Дзяцінства, якое мы помнім
Міхась Стральцоў → Міхась Стральцоў - Адзін лапаць, адзін чунь