Не веру ідалам паганым,
Што выразаюць разьбяры,
Бажкам не веру маляваным,
Што мажуць фарбай маляры.
Не веру купленым прарокам,
Што з казальніц за грошы лгуць
І сочаць прагавітым вокам,
Скуль больш чырвонцаў ім нясуць.
Не веру ў фокуснікаў цуды
Усіх народаў і вякоў,
Што ў ход пускаюць хітра ўсюды
Туман на цёмных слепакоў.
Не веру ў каменны багоўні,
Ў людской асвенчаны крыві,
Дзе толькі вяжуць, бы ў прыгоне,
Жывому духу ланцугі.
Ні за якую плату, меру
Не дамся гэтай варажбе...
Ў народ і край свой толькі веру
І веру ў самаго сябе.
1918
1. Кампазіцыйная будова верша адметная выкарыстаннем анафар «не веру...». Чатыры першыя страфы пачынаюцца аднолькава з адмоўнага выразу і ўяўляюць сабой пералік самых розных недабразычліўцаў народа, якім нельга даваць веры:
Не веру ідалам паганым...
Не веру купленым прарокам...
Не веру ў фокуснікаў цуды...
Не веру ў каменны багоўні...
2. Вобразы-сімвалы хлусні, ашуканства – ідалы паганыя, бажкі маляваныя, купленыя прарокі, каменныя багоўні і г. д.
3. Упершыню гэты верш быў надрукаваны ў зборніку «Зажынкі» ў 1918 годзе. Рэвалюцыйныя падзеі вызначылі змест верша. Паэт верыць у свой народ, у ягоную будучыню.
Похожие статьи:
Янка Купала → Тэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці
Янка Купала → Драматургічнае майстэрства Янкі Купалы
Янка Купала → Пошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора
Янка Купала → Тэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы
Янка Купала → Янка Купала - Пясняр беларускага народа