Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сімвал

   Сімвал (ад гр. symbolon - умоўны знак) - від тропа, умоўнае абазначэнне сутнасці якой-небудзь з'явы, паняцця пэўным прадметам ці слоўна-вобразным знакам.
   У той час як умоўная сувязь алегорыі з абазначаемым паняццем мае цалкам адназначны характар, сімвал вызначаецца шматзначнасцю, можа быць адрасаваны да розных з'яў рэчаіснасці.
   Беларуская народна-паэтычная творчасць выпрацавала цэлую катэгорыю сімвалаў. Тут і птушкі (сокал - сімвал мужчыны, голуб і галубка - сімвал закаханай пары), і дрэвы (зялёны дубочак - сімвал хлопца, каханага, каліна - сімвал дзяўчыны), і з'явы прыроды (рака, Дунай - сімвал разлукі), і лічбы ("шчаслівыя" лічбы тры, сем, дзевяць), і колеры (жоўты - сімвал здрады, чорны - сімвал жалобы).
   Літаратура асвоіла ўсё багацце народнай сімволікі. Разам з тым пісьменнікі стварылі шэраг сваіх сімвалічных вобразаў, неабходных для выяўлення ідэйнай задумы ў тых ці іншых творах. Так, у творчасці Максіма Танка значэнне вобраза-сімвала набыла сасна. Яна сімвалізуе сабой вонкава накідкаю, затое "вечназялёную" прыгажосць роднай зямлі, яе жыццястойкасць, неадольнасць ніякай зімой ("Сон над Нёманам", "Ля гэтых сосен", "Нарачанскія сосны" і інш.). На шырокім выкарыстанні сімвалаў заснаваны такі літаратурны напрамак, як сімвалізм.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.