Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Брыль - Memento mori

   Задуму апавядання "Memento mori" Янка Брыль выношваў доўгі час. Неўзабаве пасля вайны ён даведаўся ад паэта Міхася Васілька пра трагічную смерць іх агульнага сябра заходнебеларускага актывіста Грамады Данілы Скварнюка. Гэтую гісторыю і выкарыстаў пісьменнік для свайго твора, зрабіўшы героя безымянным печніком, каб падкрэсліць тыповасць і агульначалавечую сутнасць яго ахвярнай смерці. I назва "Memento mori" (памятай пра смерць) узята аўтарам з антычнай культуры. Гэтае выслоўе нагадвала старажытным рымлянам і грэкам пра неабходнасць пагарджаць жыццём, памятаючы, што не ва ўсіх абставінах яно жаданае. Так, напрыклад, філосаф Сакрат у прызначаны час выпіў атруту і памёр, выконваючы несправядлівы прысуд афінскага суда. Ён адмовіўся ратаваць жыццё ўцёкамі, бо разумеў, што гэты ўчынак прымусіў бы афінян засумнявацца, ці верыў ён у тое, чаму вучыў іншых.
   У кантэксце апавядання Янкі Брыля старажытны афарызм нагадвае, што памяць пра смерць злучае героя з лёсамі продкаў, з іх маральнымі запаветамі жыць па-людску, не забываючы пра фактар часу, які не дае права на памылкі, бо жыццё кароткае, каб іх выправіць.
   Твор Брыля ўражвае лаканічнасцю і высокай ступенню абагульненасці. У разгар карнай аперацыі печніка вылучылі з натоўпу і падагналі да зондэрфюрэра, той вырашыў падараваць яму і яго сям'і жыццё ў знак удзячнасці за цёплую грубку, зробленую старым майстрам. "Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма, і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць". Гэты партрэт героя падрыхтоўвае праяўленне высокай духоўнай прыгажосці ў звычайнай будзённасці дэталяў — яго адмову прыняць жыццё ў падарунак ад ката. Пячнік усведамляе спалучанасць свайго лёсу з жыццём аднавяскоўцаў, усяго народа, ён жахаецца нялюдскасці таго, што задумалі ўчыніць карнікі. Ён камянее душой, назіраючы, як парушаецца святасць жыцця чалавека, парушаецца бяздушна і дзелавіта, нават бесклапотна.
   Дыялог зондэрфюрэра з печніком — кульмінацыйны момант у кампазіцыі твора, тут адбываецца супрацьстаянне двух характараў, дзвюх сістэм духоўных каштоўнасцей. Беларускі селянін, які кіруецца ў жыцці традыцыйнай народнай мараллю, у гэтым паядынку перамагае палітычную дактрыну фашыстоўскай сістэмы. Агульначалавечая філасофія быцця непарушная і таму несмяротная, фашызм несумяшчальны з народнай філасофіяй і таму асуджаны на смерць.

Похожие статьи:

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая