Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Кантэкст

   Кантэкст (ад лац. contextus – спалучэнне, сувязь) – адносна закончаны ўрывак пісьмовай або вуснай мовы, у якім дакладна праяўляюцца значэнне кожнага слова, думкі, паэтычнага тропа, тонкія адценні мастацкага вобраза.
   Толькі ў кантэксце можна адчуць, напрыклад, што слова ўжыта ў іранічным або іншым пераносным сэнсе. Возьмем для прыкладу верш Янкі Купалы «3 песень беларускага мужыка». Ён пачынаецца так:

Я – багач, я – магнат!
Усім рад, усім сыт!
Што мне пан, што мне кат!? –
Цэлы свет мне адкрыт!


   Узяўшы асобна прыведзеныя радкі, можна падумаць, што герой верша вельмі задаволены жыццём, ён свабодны, не ведае беднасці, валодае ўсімі чалавечымі правамі. Але... чытаем далей і пераконваемся, што гэта зусім не так. Вуснамі таго ж героя паэт далей гаворыць:

 

Толькі шнур мой вузкі...
Толькі ў хатцы маёй
Зімой свішча віхор...
Толькі, як памру я,
Прападаю, як мыш,–
Няма хоць бы гнілля
На труну і на крыж...


   I такім чынам становіцца зразумела, што папярэдняе выказванне мае іранічны сэнс, таксама выяўляе вострае незадаволенне селяніна сваім бяспраўным і галодным існаваннем.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.