Які сяголета шчаслівы
І ураджайны выпаў год:
Ва ўсіх садах агрэст і слівы,
Клубнікі повен агарод.
Пустыр, закінуты калішні,
І той увесь зазелянеў,
І наліліся сокам вішні,
Аж ломяцца галіны дрэў.
А за аселіцай, над рэчкай,
Паміж разгалістых крушын,
Набракла дзікая парэчка,
Кусты смародзін і ажын.
А што за ягады лясныя
У нас адразу зацвілі,
Як толькі промні веснавыя
Цяпло разнеслі па зямлі!
Спачатку сочныя суніцы
Заружавелі па лясах,
За імі следам і чарніцы
Закрасавалі ў верасах.
Цяпер салодкія маліны
Свае галовы хіляць ніц,
І ўсе сухія баравіны
Пакрыты завяззю брусніц,
І ўсе балотныя палянкі
Цвітуць агнямі журавін,
І неўзабаве ўспыхнуць гранкі
Чырвоных, яркіх арабін.
Які сяголета шчаслівы
І незвычайны выпаў год,
Які багаты і ўрадлівы
І сад, і лес, і агарод!
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Журавіны
Пераказы, дыктанты → Ягаднае лета
Пераказы, дыктанты → У лесе летам
Пераказы, дыктанты → У ягады
Пераказы, дыктанты → Збіральніцтва