Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Максім Багдановіч - Страцім-лебедзь
Не анёл у трубу уструбіў —
З хмары бог старому Ною гаварыў:
«Поўна з краем чаша гневу майго
На людскія грахі ды бясчыннасці.
Вось надойдзе часіна суворая,
Лінуць з неба залівы бязмерныя
I абмыюць ад бруду смуроднага
Ўсю зямлю яны, белы-вольны свет».
Пачынаў тут Ной будаваць каўчэг
З таго дзерава ліванскага.
Ўшыркі гэтаму каўчэгу — сто лакцёў,
A ўдаўжкі — болей тысячы.
Ды узяў туды Ной і птах і звяроў,
Каб не звёўся іх род з зямлі.
Ды не плыў к яму з мора сіняга
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Яго звычаі — арліныя,
Яго ўцехі — сакаліныя;
Пер'і-пер'ечкі бялеюцца
Ды на золку агнявеюцца.
У яго ў крыле — трыста тры пяра:
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — што мяцель гудзіць.
Як учнуць дажджы,— пацякла вада,
Разлілася горш ад павадка.
Затапіла ўсе лугі-лагі,
Ўсе лугі-лагі, ўсе лясы-бары;
Уздымаецца вышэй ад гор.
Птахі ў небе стаяй лётаюць,
Енчаць жаласна, ад нуды крычаць,
Выглядаюць стуль прытулачку.
A па ўсёй зямлі толькі хвалі б'юць,
Толькі хвалі б'юць белай пенаю.
Ды па іх дужы, смелы плавае
Страцім-лебедзь — горды, моцны птах.
Узмахне крылом — быццам бор шуміць,
Узмахне другім — як мяцель гудзіць.
I населі тут на лебедзя
Птахі дробныя ўсёй стаяю.
Лебедзь з сілы выбіваецца,
Птушкі ажна усцяшаюцца.
Дзень ён плавае, другі-трэці дзень,
На чацвёрты стаў прасіць-маліць:
«Вы ўзляціце хоць на час які,
Выбіваюся з астатніх сіл.
Дайце вы грудзям, гэй, вальней ўздыхнуць!
Дайце вы крылам, гэй, шырэй ўзмахнуць!»
Не паслухалі птахі лебедзя.
Пацямнела у яго ў вачах,
Крыллі ўрэшце надламаліся,
Галава ў ваду апусцілася.
І пайшоў на дно мора сіняга
Страцім-лебедзь — моцны, горды птах.
Ад усіх цяпер патомкі ёсць,
Ды няма адных — Страцімавых.
1. У аснову канфлікта твора пастаўлены вобраз самаахвярнага птаха, які адмовіўся ад выратавання ў Ноевым каўчэгу, уступіў у адзінаборства са стыхіяй патопу і, хоць сам гінуў, даваў жыццё іншым птахам.
2. Зварот аўтара да біблейскага міфа быў выкліканы вайной, пагібеллю мільёнаў і яго ўласным лёсам.
3. Інверсія (іншасказанне) і гіпербала (перабольшанне) дапамагаюць аўтару стварыць вобраз гордага лебядзя, паказаць сілу яго душы. Народная легенда асуджала птаха, а Максім Багдановіч надзяліў яго здольнасцю ратаваць іншых птушак, ахвяраваць сваім жыццём дзеля іншых.
Похожие статьи:
Уладзімір Ягоўдзік → Уладзімір Ягоўдзік - Лебедзь