Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Уладзімір Ягоўдзік - Лебедзь

   Лебедзь – надзвычай прыгожы птах. Вялікі, бялюткі ўвесь, як снег. Шыя тонкая, дзюба чырвоная, з чорнаю плямкаю на самым кончыку. Плыве – крылы прыўзнятыя, распушчаныя, нібы надзьмутыя ветразі.
   Калі я быў маленькі, дык не сумняваўся: на нашы рэкі і азёры лебедзі вяртаюцца не з далёкага заморскага выраю, а з дзівоснай краіны пад назваю КАЗКА.
   У даўніну лебедзяў шмат гнездавалася на Белай Русі. Людзі нават палявалі на іх. Мяса спажывалі, пухам аздаблялі адзенне. Потым адумаліся, закон абвясцілі: хто пабурыць гняздо лебядзінае ці забярэ з яго яйкі, павінен быць пакараны. Але не надта строга чыніўся закон. Звяліся на нашай зямлі белакрылыя птахі. Толькі адзін застаўся, названы людзьмі Страцім-лебедзем.
   І вось тады, як расказвае паданне, прыйшла вялікая бяда. Пачаўся дождж. Ён ліў як з вядра. Ні ўдзень ні ўночы не сціхаў. Павыходзілі з берагоў рэкі, азёры, крыніцы. Заліло паводкаю лугі-сенажаці, палеткі, самыя высокія пагоркі. Потым вада паглынула пушчы-лясы. І загінулі б да апошняй галавы звяры ды птушкі і гады ўсялякія, каб не добры майстар-чараўнік. Ён зрабіў вялікі карабель і даў на ім прытулак жыўнасці.
   Адзін Страцім-лебедзь адмовіўся ад дапамогі.
   «Не патрэбны мне карабель, – сказаў ён. – У мяне хопіць сілы, каб уратавацца».
   Доўга не сціхаў дождж. Сорак дзён і начэй. Страцім-лебедзь плаваў, не стамляўся. Ды сталася так, што не для ўсіх птушак хапіла месца на караблі. Лёталі-лёталі яны над вадою – няма дзе прысесці, каб адпачыць. Знемагліся. Упалі хмараю на Страцімаву спіну. А некаторыя і на дзюбе прымасціліся, якая ў асілка вялікая была. Прасіў іх лебедзь злезці з дзюбы. Не паслухалася дробнае птаства… Трываў ён, трываў, потым апусціў дзюбу ў ваду і пайшоў на дно.
   Пра гэта наш выдатны паэт Максім Багдановіч напісаў верш, які так і называецца – «Страцім-лебедзь». Абавязкова яго прачытайце, бо ў паэтаў больш праўды пра лебедзяў, чым у каго.
   З таго часу зусім не стала лебедзяў на Белай Русі. Хіба пералётныя сустракаліся. Ды і то ў самых глухіх мясцінах, далей ад людскіх вачэй. Не забыліся старыя крыўды, што ўчынілі нашы далёкія прашчуры.
   Толькі нядаўна адчулі гордыя птахі, што мы ім зычым дабра. Спачатку адна сямейка адважылася збудаваць гнядзечка ў нас каля возера, потым другая… Лебядзіхі адклалі туды буйныя яйкі. Мінула пяць тыдняў, і з’явіліся маленькія пухнацікі. Такія кволыя, ажно не верылася: няўжо папраўдзе з іх вырастуць лебедзі-прыгажуны?
   Выраслі. Падняліся на крыло. На другі год вярнуліся з выраю, пачалі абжываць новыя азёры і рэкі. Нават непадалёку ад вёсак і гарадоў. Ведаюць белакрылыя птахі: тут цяпер жывуць найпершыя іхнія сябры – хлапчукі і дзяўчаткі, якія ў ліхую гадзіну заўсёды прыйдуць на дапамогу.

 

Похожие статьи:

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Вялікая сініца і яе сястрыцы

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Зязюліны панчошкі

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Сон-трава

Уладзімір ЯгоўдзікУладзімір Ягоўдзік - Жабіны вочкі

Пераказы, дыктантыНясвіжскі палац