Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лірыка Максіма Багдановіча

   У ранніх вершах, якія з’явіліся ў 1909 г., М. Багдановіч таксама ішоў за нашаніўскай традыцыяй. Песня паэта плакала над цяжкай доляй мужыка і роднай старонкі. Так, герой верша «З песняў беларускага мужыка» (1909) жаліцца на свае гаротнае становішча, непасільную, ад цямна да цямна, працу: «Гнусь, працую, пакуль не парвецца / Мне жыццё, як сагніўшая ніць». Як і купалаўскі мужык, ён усведамляе, што на яго працы трымаецца свет:

Адтаптаў сотні вёрст пехатом я,
Будаваў я дарогі, масты;
Ліўся пот мой, як рэзаў на ком’я
Плугам глебы сухія пласты.
Працаваў над пяском, над дрыгвою
І не мала там выцерпеў мук...

   З пачуццём уласнай годнасці селянін заяўляе, што на тым свеце яму не давядзецца «гэтых чорных саромецца рук».
   Калі ў першай частцы верша мужык паказваецца змучаным жыццём, то ў другой – перад намі іншы чалавек. Ён таксама прыгнечаны, заняволены, бо вымушаны ў багатых прасіць хлеба. Але ён нясе ў душы вялікую крыўду і нянавісць да тых, хто ўстанавіў і падтрымлівае несправядлівы лад. Рэвалюцыйна-вызваленчыя настроі свайго героя М. Багдановіч перадае з дапамогай сімвалічных вобразаў камення і сцяны.

Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, –
Яны ж мне каменні давалі;
І тыя каменні між імі і мной
Сцяною вялізнаю ўсталі.
Яна ўсё вышай і вышай расце
І шмат каго дужа лякае.
Што ж будзе, як дрогне, як рухне яна?
Каго пад сабой пахавае?

   Пытанні ў канцы твора – гэта свайго роду папярэджанне класу эксплуататараў.
   Вялікі сыноўні боль за свой народ гучыць у вершы «Народ, Беларускі Народ!..» (1913). Аўтар гаворыць пра яго забітасць і неадукаванасць («Ты цёмны, сляпы, быццам крот»), пра абкрадзенасць душы, у якой «нават мовы няма». Заўсёды пагарджаны, і збудзіўшыся «ад грознай бяды», ён «крыкнуць не вольны «Ратуйце!», а вымушаны крычаць « Дзякуй». У гэтых радках верша – горкая аўтарская іронія. М, Багдановіч хоча адкрыць іншым вочы на становішча свайго народа. Таму твор заканчваецца страсным зваротам да сучаснікаў: «Пачуйце жа гэта, пачуйце, / Хто ўмее з вас сэрцам чуваць!»
   Убачыць жыццё народа, зазірнуць у Душу простага чалавека заклікае М. Багдановіч у вершы «Вы, Панове, пазіраеце далёка...» (1913). Тыя, да каго звяртаецца паэт, у даным выпадку не толькі паны, чые багацці трымаюцца і множацца працай іншых. Тут маюцца на ўвазе людзі разумовай і творчай працы, якія спецыфікай дзейнасці адасоблены ад народа і якія прэтэндуюць на ролю яго прарокаў, правадыроў, кіраўнікоў. З вышыні свайго становішча, набытых ведаў гэтыя людзі «пазіраюць далёка». Аднак, адарваныя ад народа, яны не бачаць «зорак пуцяводных». Днём, у святле сонца, зоркі не бачны, разам з тым іх можна пабачыць, зазірнуўшы ў глыбокую студню, сцвярджае паэт. Іншымі словамі, інтэлігенцыя зможа выканаць сваю прарочую місію ў тым выпадку, калі будзе жыць інтарэсамі народа.
   Побач з сучаснасцю М. Багдановіча цікавіла і мінулае роднага краю. Там, у мінулым, ён шукаў прыклады, знаходзіў адказы на пытанні сучаснага жыцця («Нашых дзедаў душылі абшары лясоў...»).
   Пабачаныя ў калекцыі І. Луцкевіча знакамітыя слуцкія паясы выклікалі да жыцця верш «Слуцкія ткачыхі» (1912). Аўтар сілай паэтычнага ўяўлення ўзнавіў абставіны, у якіх ткаліся паясы. Для большай эмацыянальнай напружанасці М. Багдановіч у верш увёў маладых дзяўчат. Яны «дзявочыя забыўшы сны, свае шырокія тканіны на лад персідскі ткуць» (паясы, як вядома з гісторыі, ткаліся мужчынамі-рабочымі на заснаванай Міхалам Радзівілам фабрыцы). З паднявольнай працай кантрастуе прырода, ад якой ткачыхі адгароджаны сцяной («смяецца поле, зіяе неба з-за акна»). Побач з матывам бяспраўнасці чалавека працы («Ад родных ніў, ад роднай хаты у панскі двор дзеля красы яны, бяздольныя, узяты...») гучыць і іншы. Дзяўчаты павінны ткаць не так і не тое, што рабілі іх маці і бабулі. Васілёк, які выткала, «забыўшыся, рука, заміж персідскага узора», выступае адначасова сімвалам волі і сімвалам сваёй, роднай культуры.
   У поглядах на будучыню беларускага народа М. Багдановіч быў аптымістам, верыў у адраджэнне роднага краю. Гэтая вера не пакідала паэта на працягу ўсяго яго кароткага, але няпростага і небясхмарнага жыцця, у самыя драматычныя перыяды, што перажывала краіна. У 1915 г., калі Беларусь была парэзана акопамі, поўнілася гулам кананады, калі дзесяткі тысяч людзей, ратуючыся ад вайны, сталі бежанцамі, М. Багдановіч напісаў:

Беларусь, твой народ дачакаецца
Залацістага, яснага дня.
Паглядзі, як усход разгараецца,
Сколькі ў хмарках залётных агня...
(«Беларусь, твой народ дачакаецца...»)

   Вера ў будучыню роднага краю гучыць у знакамітай «Пагоні», напісанай М. Багдановічам у Мінску ў 1916 г. Сімвалам неўміручасці радзімы выступае ў вершы Старадаўняя Літоўская Пагоня, якую «не разбіць, не спыніць, не стрымаць».
   Змест твора ўскладняецца актуальнай для беларусаў ва ўсе часы праблемай рэнегацтва і прыстасавальніцтва. Разважаючы, куды імчаць «ваякі на грозных канях», паэт выказвае наступнае меркаванне:

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон ?

   Лірычны герой верша гатовы «ўмерці» за «Маці-Краіну». Ён лічыць патрэбным нагадаць адступнікам пра радзіму, звяртаецца да Пагоні:

Біце ў сэрцьі іх – біце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць.
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць...

   Пра адраджэнне Беларусі М. Багдановіч гаварыў у «Санеце» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...», 1911), дзе сімвалам роднага краю з’яўляецца насенне. Яно праляжала ў гаршку «колькі тысяч год», але «збудзілася і буйна ўскаласіла парой вясновай збожжа на раллі».
   Родная зямля была для паэта не толькі крыніцай творчага натхнення (тут ён знаходзіў тэмы і вобразы, з маленства жывучы ў рускамоўным асяроддзі, далёка ад бацькаўшчыны, пісаў на мове свайго народа). Радзіма поўніла хворага М. Багдановіча жыццёвай сілай, была для яго гаючай жывой вадой. У вершы «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя...» (1910), выкарыстаўшы прыём паралелізму (першая страфа – гісторыя міфічнага Антэя, якому давала сілу маці Гея, багіня зямлі), М. Багдановіч згадвае ўласныя стасункі з бацькаўшчынай:

Паломаны жыццём, чакаючы магілы,
Радзімая зямля, прынікнуў я к табе,
І бодрасць ты ўліла ў слабеючыя жылы,
Зварушыла маёй душы драмаўшай сілы,
І месца ў ёй з тых пор няма ўжо больш жальбе.

   Вершы «Летапісец», «Перапісчык», «Кніга» з’яўляюцца часткай цыкла «Старая Беларусь», які змешчаны ў зборніку «Вянок». Гэтыя творы звязаны паміж сабой праблемна. Летапісанне, перапісванне старажытных рукапісаў – з’ява культуры мінулых вякоў. Паэт гаворыць пра адказнасць і важнасць справы летапісца: расказаць", што дзеелася ў даўнія гады, што думалі, чаго жадалі людзі, «за што змагаліся, як баранілі веру». Летапісец павінен быць аб’ектыўным, каб узнавіць «ўсю праўду пра жыццё ў наш і пройшлы час». Дзякуючы працы летапісцаў мы ведаем гісторыю свайго народа, гісторыю чалавечай цывілізацыі («Летапісец», 1912). Побач з летапісцам, які ў «манастырскіх мурах» спісвае «усё ад слова і да слова з даўнейшых граматак», занатоўвае тыя падзеі, сведкам якіх быў сам, М. Багдановіч ставіць перапісчыка.

На чыстым аркушы, прад вузенькім акном,
Прыгожа літары выводзіць ён пяром,
Устаўляючы паміж іх чорнымі радамі
Чырвоную страку; усякімі цвятамі,
Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў
І птах нявіданых, спляценнем завіткоў
Ён пакрашае скрозь...

(«Перапісчык», 1912)

   Паэту важна, каб летапіс не толькі даносіў дыханне мінулых стагоддзяў, але і выклікаў эстэтычнае пачуццё. І ў жыцці, і ў мастацтве М. Багдановіч праўду не адлучаў ад прыгажосці, «красы». Аднак героі яго вершаў, летапісец і перапісчык, працуючы над рукапісам, пільнуюцца чагосьці аднаго.
   Арганічна яднае змест і форму – твор летапісца і перапісчыка – кніга. Беручы ў рукі Псалтыр, лірычны герой спачатку любуецца знешнім выглядам старажытнай кнігі:

Псалтыр, пакрытую няжорсткай бурай кожай,
Я ўзяў і срэбныя засцёжкі адамкнуў,
Перачытаў радкі кірыліцы прыгожай
І воску з ладанам прыемны пах пачуў.

Кніга», 1912)

   Потым ён атрымлівае душэўнае задавальненне ад зместу «псальмы слічнай» (прыгожай царкоўнай песні). Дзяк Гапон, які згадваецца ў апошняй страфе верша, «кнігу гэтую... дзеля душы спісаў у месцы Ваўкавыску». Ён, такім чынам, выступае ў ролі перапісчыка, аднак адрозніваецца ад героя вышэй згаданага верша. Гапон не проста перапісаў «псальмы», а далучыўся да іх душой, прапусціў праз сэрца.
   Усе тры творы напісаны александрыйскім вершам – антычнай формай радка (у славянскіх літаратурах – гэта шасцістопны ямб з цэзурай пасля трэцяй стапы). Зварот да такога вершаванага памеру не з’яўляецца выпадковым. Доўгі дванаццаціскладовы радок падкрэслівае значнасць і велічнасць справы, якую робяць летапісец і перапісчык.
   М. Багдановіч надаваў вялікую ўвагу паэтычнаму майстэрству, форме твора. У праграмным вершы «Песняру» (1910), дзе выяўляюцца эстэтычныя погляды паэта, гучыць думка пра вялікую, карпатлівую працу над творам. «Брата маладога», песняра, М. Багдановіч папярэджвае, што слабы верш не закране чалавечае сэрца, што

Трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш,
Абрабіць яго трэба з цярпеннем.
Як ударыш ты ім, – ён, як звон, зазвініць,
Брызнуць іскры з халодных каменняў.

   Праз усё свае жыццё М. Багдановіч нёс веру, што адроджаная беларуская літаратура ўздымецца да ўзроўню мастацкіх дасягненняў сусветнай культуры і панясе «свой дар» іншым народам. Творчасць М. Багдановіча сінтэзавала ў сабе два полюсы: фальклорную традыцыю свайго народа і класічную, напрацаваную тысячагоддзямі культурную спадчыну чалавецтва. Як ніхто ў нацыянальнай літаратуры пачатку стагоддзя, ён смела звяртаўся да класічных жанраў, форм, памераў – санета, трыялета, рандо, актавы, пентаметра, александрыйскага верша, верша ў прозе, верлібра і г. д. Узбагачаў, рабіў больш разнастайнай беларускую паэзію і прозу, а побач з гэтым даказваў мастацкай практыкай, што родная мова, багатая, гнуткая, патрапіць любой форме.
   Трыялетам, васьмірадковым вершам, напісаным у адпаведнасці з жорсткай схемай, паэт мог перадаць самыя розныя жыццёвыя з’явы. Так, у трыялеце «С. Палуяну» М. Багдановіч гаворыць пра трагічны лёс свайго сучасніка – крытыка, публіцыста, празаіка С. Палуяна, які ў дваццацігадовым узросце, не вытрымаўшы жыццёвых нягод, застрэліўся. Ён называе прычыны, што прывялі актыўнага нашаніўца да трагічнага фінала:

Ты быў, як месяц, адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.
Хоць свет і людны, і шырокі, –
Ты быў, як месяц, адзінокі.
Красу, і светласць, і прастор
Шукаў – і, ад усіх далёкі,
Ты быў, як месяц, адзінокі:
Самотна жыў, самотна ўмёр.

   Даследчыкі адзначаюць выключную меладычнасць, музыкальнасць паэзіі М. Багдановіча. Не дзіўна, што да вершаў паэта звярталіся кампазітары («Раманс», «Пагоня», «Па-над белым пухам вішняў...», «Маладыя гады...», «Лявоніха», «Ізноў пабачыў я сялібы...»). Уражвае таксама насычанасць твораў фарбамі, гарманічнасць ужытай пісьменнікам каляровай гамы:

Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
І рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Зімой»)

   «Верш «Зімовая дарога» напісаны ў літаральным сэнсе «святлом» – усімі яго адценнямі і пералівамі – залаціста-срэбнага, імгліста-сіняга, халаднавата-стальнога, якія пранізваюць прастору зіхоткім ззяннем, ствараючы ўражанне казачнасці, нерэальнасці: «Брызгі золата ў небе блішчаць», «Маркотныя месяца рожкі //Праз марозную мглу зіхацяць», «Поле нікне ў срэбным тумане, // Снег блішчыць, як халодная сталь», – зазначае Т. Чабан.
   Паэтычна, тонка, запамінальна М. Багдановіч мог перадаць і бадзёрасць марознай зімовай ночы («Зімой», «Зімовая дарога») і сцішанасць позняга летняга вечара («Вечар на захадзе ў попеле тушыць...»), і сумна-узнёслую песню закаханага сэрца, якому наканавана жыць у разлуцы з дарагім чалавекам («Раманс»), і многае-многае іншае, з чаго складаецца жыццё людзей.
   Варункі асабістага жыцця афарбавалі інтымную лірыку М. Багдановіча ў журботна-сумныя, часам нават трагічныя таны. На пачатку XX стагоддзя яшчэ невылечныя сухоты, на што быў хворы паэт, рабілі праблематычным стварэнне ўласнай сям’і, не давалі магчымасці па-сапраўднаму выявіцца нават самому пачуццю кахання. Разлука, ростань – лейтматыў многіх вершаў інтымнай лірыкі. У «Рамансе» («Зорка Венера ўзышла над зямлёю...») прычыны, чаму закаханыя павінны расстацца, не называюцца. «Пэўна, ўжо доля такая у нас», – гаворыць паэт. Разлучаныя няласкавым лесам людзі знаходзяцца далёка адзін ад другога, іх «пагляды» можа злучыць толькі зорка. Каханне ў вершы М. Багдановіча – высокае, адухоўленае пачуццё, сімвалам якога з’яўляецца зорка Венера. Калі «зямля», чалавечы лес, не дазваляе закаханым быць разам, то «неба» (ідэальнае, духоўнае) злучае іх.

Буду ў далёкім краю я нудзіцца,
Ў сэрцы любоў затаіўшы сваю;
Кожную ночку на зорку дзівіцца
Буду ў Далёкім краю.
Глянь іншы раз на яе, – у расстанні
Там з ёй зліём мы пагляды свае...
Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,
Глянь іншы раз на яе...

   М. Багдановіч быў невылечна хворы, бачыў смерць блізкіх людзей (маці, другой жонкі Адама Ягоравіча, сястрычкі...), таму ён рана ўсвядоміў непазбежнасць смерці. Аднак гэта не прынесла ў яго паэзію меладраматызму, слязлівай пачуццёвасці. У многіх вершах паэт выяўляе імкненне да паўнаты жыцця.

Жывеш не вечна, чалавек, –
Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
Каб больш разгону ў ім было,
Каб цераз край душы чуццё
Не раз, не два пайшло! –

заклікае паэт у вершы «Жывеш не вечна, чалавек.. .» (1911). Поўным прыгажосці, светлай радасці паўстае жыццё ў творах «Выйшаў з хаты. Ціха спіць надворак» (1915-1916), «Прывет табе, жыццё на волі!» (1913), «Маладыя гады» (1915-1916) і інш.

Выйшаў з хаты.
Ціха спіць надворак.
Наплывае радасць, з ёю – сум.
Не злічыць у небе ясных зорак,
Не злічыць у сэрцы светлых дум.
Шмат зазнаў я горычы з нудою,
Што шчаміла, мучыла, пякла...
Ўсё ужо прайшло, сплыло вадою, –
Моладасць не знікла, не прайшла!
(«Выйшаў з хаты. Ціха спіць надворак...»)

   Роздум над лесам чалавека і народа ў вершы «Мяжы» (1914) скіроўваецца ў нечаканае агульнафіласофскае рэчышча. Люд, які «моцнымі рукамі стварыў усе багацтвы на зямлі», галодны і абдзёрты. Прычыну гэтага аўтар бачыць у адасобленасці людзей, у падазронасці і недаверы адзін да другога:

...А чалавек .
Мяжы, ірвы, тыны рабіў за векам век,
Хаваўся ў іх, як ліс у норы,
І жыў пужліва сам – адзін,
Дрыжачы, як лісцё асін,
Зласлівы, бессардэчны, хцівы,
Такі здрадлівы,
Для ўсіх чужы, зусім чужы.

   М. Багдановіч гаворыць таксама пра размежаванасць народаў, што прыводзіць да войнаў:

Шнуры штыкоў па ўсёй зямлі
Гараць, як дзікае хаценне,
На гасударстваў рубяжы.
Глядзі: паўсюль мяжы.

   Калі Купала, Бядуля, Колас у вершах пра вайну паказалі жахлівыя карціны разбурэння, смерці, людскога гора, то М. Багдановіч пісаў пра чалавечую адасобленасць, падзеленасць, нагадваў пра агульнасць лесу жыхароў планеты Зямля. («Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...», 1915)
   Творчасць М. Багдановіча – своеасаблівы «пашпарт на інтэлігентнасць» (І. Франко) беларускай літаратуры. Шырокі, абагульнена-філасофскі погляд на жыццё, на чалавека, на лес народа, прысутнічае ў многіх творах пісьменніка.
   «Было б горш, чым нядбальствам, нічога не ўзяць з таго, што сотні народаў праз тысячы год сабіралі ў скарбніцу светавой культуры. Але занасіць толькі чужое, не развіваючы свайго, – гэта яшчэ горш: гэта значна глуміць народную душу. Да таго ж адны жабракі могуць праз усё жыццё толькі браць. Трэба ж і нам, беручы чужое, калі-нікалі даць нешта сваё», – пісаў М. Багдановіч у артыкуле «Забыты шлях» (1915). Паэт свядома арыентаваўся на вобразны лад, паэтыку фальклора, адчуваючы яго як жывую і плённую культурна-нацыянальную традыцыю.
   Да вуснай народнай творчасці М. Багдановіч звяртаўся на працягу ўсіх дзесяці гадоў літаратурнай дзейнасці. А пачаткам тут сталі вершы, якія склалі вельмі арыгінальны цыкл «У зачарованым царстве». «Зачарованае царства» – гэта царства міфічных істот, створаных фантазіяй і ўяўленнем народа – лесуна, вадзяніка, падвея, змяінага цара і г.д. «У нацыянальнай міфалогіі Багдановіч... не шукае яркай экзотыкі, таямнічага, незвычайнага каларыту, а падкрэслівае якраз нешта супрацьлеглае, «непаэтычнае» – паныласць, маркоту, здранцвенне, упадак сіл: «сумны, маркотны лясун», «сівавусы, згорблены», дрэмлючы між ціны вадзянік... калісьці жывое, поўнае сіл, а цяпер нібы зачарованае некім царства, дзе «ўсё навокал сном адвечным спіць», – адзначала Т. Чабан («Вадзянік», 1909).

 

Похожие статьи:

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Маёвая песня

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Страцім-лебедзь

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Вадзянік

Максім БагдановічТворчасць Максіма Багдановіча