Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Быкаў - Сваякі. Аналіз апавядання

   "Пра Айчынную вайну пісалі многія пісьменнікі, але толькі 4-5 непасрэдных удзельнікаў вайны, і перш за ўсё былых лейтэнантаў (Сіманаў, Бондараў, Бакланаў, Астаф'еў), напісалі самыя праўдзівыя, глыбокія кнігі пра апошнюю вайну. Васілю Быкаву ў гэтым спісе адно з першых месцаў. А для мяне асабіста — ён першы. Быкаў і некалькі пісьменнікаў з яго пакалення пайшлі далей за тых, хто пісаў пра вайну да іх", — адзначыў Пімен Панчанка. Пад гэтымі словамі, думаецца, могуць падпісацца мільёны быкаўскіх чытачоў, якія прайшлі пакутлівымі шляхамі яго герояў. Ад твора да твора мы ідзём гэтымі сцежкамі, дзе кожны крок аддаецца ў душы трывогай і болем.
   Амаль кожны твор В. Быкава, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, — гэта эпічнае палатно грандыёзнай па сваіх маштабах катастрофы. Але эпічнае не па ўсеахопнасці падзей, не па адлюстраванні батальных карцін, а па глыбіні пранікнення ў псіхалогію вобразаў, рэалістычнасці паказу лакальнай чалавечай драмы. І менавіта гэтыя "эпізоды" адзінкавых чалавечых лёсаў, якія знаходзяцца ў эпіцэнтрах быкаўскіх твораў, уражваюць сваёй трагічнасцю, даюць агульнае ўяўленне пра злачынную сутнасць вайны як з'явы.
   Увагу даследчыкаў творчасці В. Быкава найчасцей прыцягваюць менавіта аповесці пісьменніка. Безумоўна, гэты жанр і найбольш асвоены ў творчай сістэме аўтара, і дае большую прастору (у параўнанні з апавяданнем, навелаю ці прыпавесцю) літаратуразнаўцам і крытыкам для аналітыкі, для даследавання структуры сюжэта, мастацкіх асаблівасцей твора і г. д. Характарызуючы прозу В. Быкава, прафесар Дзмітрый Бугаёў цалкам справядліва сцвярджае: У гэтай прозе пры ўсёй лакальнасці і прасторава-часавага абсягу (а таксама нешматлікасці герояў у кожным асобным творы) скандэнсавана вялікая ўнутраная энергія, якую параўноўваюць з энергіяй сціснутай спружыны, гатовай да расцяжкі ў любы момант. Пускавы механізм гэтай спружыны — удумлівы погляд чытача, які настроены на быкаўскую хвалю і здольны адчуць вялікую моц энергіі, спрасаванай у творах мастака". Якраз гэтая энергетыка, думаецца, асабліва моцна адчуваецца менавіта ў апавяданнях пісьменніка. Бо сама лаканічная форма вымагае ад аўтара спецыфічнай пільнасці і дакладнасці ў характарыстыках, выверанасці падзей, сюжэтнай дынамікі.
   Апавяданне Васіля Быкава "Сваякі" датуецца 1966 годам. Як вядома, ў гэты час у перыёдыцы абвастрылася палеміка вакол "ваеннай прозы". Літаратурная дыскусія, што вялася з другой паловы 1950-х, разгортвалася ў рэчышчы "пошуку аптымальнай формы" дзеля аб'ектыўнага адлюстравання падзей Вялікай Айчыннай вайны. Па сведчанні Алеся Яскевіча, "крытыкі, прызнаючы сур'ёзныя творчыя дасягненні "ваеннай" прозы, пісалі аб тым, што рэалізм гэтай літаратуры няпоўны, абмежаваны, што яна паказвае малую, усяго толькі лакальную праўду вайны, што вялікую праўду здольна выказаць іншая літаратура — "панарамная". В. Быкаў, паслядоўны і ўпарты ў манеры творчага самавыяўлення, слухаецца толькі ўласнага голасу, падпарадкоўваецца свайму мастакоўскаму густу і, у пэўнай ступені насуперак "кананічным" запатрабаванням, дэманструе менавіта "лакальную праўду". І стварае грандыёзны па сваёй гуманістычнай сутнасці мастацкі малюнак ваеннай рэчаіснасці. "Малая" жанравая форма, па-мойму, толькі паспрыяла тут выразнасці ідэявыяўлення, сціснула "спружыну" сюжэта да неверагоднага эмацыйнага напружання.
   Так, апавяданне "Сваякі" з першых радкоў бярэ чытача ў палон найперш "вузкага", "хатняга" канфлікту. Падлеткі, перапоўненыя "духам гераізму", прагай актыўнай дзейнасці ставяць маці перад фактам: яны ідуць у партызаны. Ужо ў самой абмалёўцы гэтай сітуацыі навідавоку чуйнасць пісьменніка да псіхалогіі герояў. Юнакі, якія прынялі такое важнае і, як ім здаецца, правільнае рашэнне, нібыта ў адначассе пасталелі. Яны не кінуліся ўцякаць ад раз'ятранай маці, як гэта было заўсёды, калі яна злавалася на іх ды "хапалася за вілачнік". "Сёмка толькі ўзняў руку, яна выцяла яго некалькі разоў, не гледзячы куды, потым адзін раз — Алеся. Старэйшы прыняў яе ўдар з каменнай абыякавасцю на змрочным худым твары, нават не ўздрыгнуў, толькі мацней сцяў вусны, і яна зразумела, што ўсё гэта — дарма. Дарма ўвесь яе гнеў, яе лаянка, яе запозненая спроба вярнуць сваю ўладу над хлопцамі". У гэтым эпізодзе выразна бачыцца, што хлопцы, з уласцівым іх узросту юначым максімалізмам, пачынаюць адчуваць сябе ўжо зусім па-іншаму — не "мамчынымі сынкамі", а дарослымі мужчынамі, што стаяць на парозе надзвычай важных, магчыма гераічных падзей. Адначасова тут відаць і збянтэжанасць маці, якая разгубілася ад нязвыклых паводзінаў дзяцей, ад іх упартай зацятасці. Яна цудоўна разумее, што намер яе сыноў — гэта ледзь не самагубства. Асабліва востра адчуваецца роспач жанчыны ў наступных радках, якія па сваёй эмацыянальнасці блізкія да галашэння: "Што яны зробяць у лесе, апроч як па дурному загінуць, як загінуў той, што тыдзень назад з ночы ляжаў да поўдня на аколіцы, застрэлены нямецкай засадай, такі маладзенькі, прыгожы дзяцюк, у акрываўленай вайсковай сарочцы. Так і яны будуць валяцца дзе-небудзь, і на іх будуць страхавіта глядзець незнаёмыя людзі, і п'яныя паліцаі будуць перакочваць іх сваімі падкутымі ботамі, а на іх босых нагах будуць апантана бегаць прагныя веснавыя мухі...". Гэтая жудасная карціна, якая паўстае ў экзальтаваным уяўленні бездапаможнай жанчыны, дае аб'ектыўнае разуменне, які магутны пратэст кіруе яе далейшымі ўчынкамі. Нельга не пагадзіцца з меркаваннем Міхася Тычыны: "Мастацкая моц і відушчая яснасць быкаўскага слова, яго сугестыўнае ўздзеянне на чытача знаходзяцца ў прамой прапарцыянальнай залежнасці ад яго ўпэўненасці, што ўсю праўду пра шматгадовую вайну народа і вайну з народам не дадзена сказаць нікому асобна, нават генію з геніяў". Цалкам справядлівыя словы, бо толькі адзін эпізод вайны, згаданы гераіняй (які, дарэчы, мае ўскоснае дачыненне да асноўнай падзейнай лініі), вымушае скаланацца ад усведамлення: такіх ахвяр былі мільёны, і за кожнай смерцю — асобны чалавечы шлях, лёс, неспатольнае гора бацькоў і родных... Усе гэтыя лёсы па сутнасці ёсць не што іншае, як ракурсы вайны, кожны раз новыя, па-свойму драматычныя.
   Адчайнае ўсведамленне жанчыны, што дзяцей трэба ўратаваць, не даць магчымасці ажыццявіцца іх намеру, кіруе парывістымі, у нейкай ступені хаатычнымі дзеяннямі гераіні. Яе паводзіны перададзены пісьменнікам не проста з выразнай рэалістычнасцю, — з дакладнай псіхалагічнай выверанасцю. Нават такая дробная дэталь, як тое каромысла, якім жанчына падпірае дзверы, каб не ўцяклі дзеці, пакуль яе не будзе ў хаце, адыгрывае пэўную ролю. Тут падкрэсліваецца і жаночая бездапаможнасць, і імклівая гарачнасць, з якой вымушана дзейнічаць маці. У шалёнай лютасці яна кідаецца напачатку да Яхіма, якога падазрае ў своеасаблівым "ідэйным уплыве" на яе сыноў. Не застаўшы яго дома, яна, напаўпрытомная, нібыта сама сябе "падбадзёрвае", чапляецца за думкі, якія дапамагаюць рухацца, дзейнічаць, шукаць выйсце: "І ўсё ж яна іх не аддасць, яны — яе дзеці, яна — для іх маці і не пагодзіцца на іх пагібель, хутчэй сама ляжа трупам на гэтым іх вар'яцкім шляху, але засцеражэ іх ад смерці". Згаданае "засцерагчы" гоніць, штурхае, спараджае новую ідэю, за якую хапаецца гераіня. Напружанасць сітуацыі, знерваванасць, душэўная роспач жанчыны перададзены пісьменнікам з такім вытанчаным натуралізмам, што нібыта наяве адчуваецца ўдушлівая знямога, якую яна ледзь-ледзь перасільвае. Нават калі ацэньваць эпізод "пошуку выйсця" з лінгвістычнага пункту гледжання, то відавочна, што на службу мастацкай ідэі тут прызвана мноства вельмі дакладных, сэнсава-ёмістых дзеясловаў і дзеяслоўных формаў. Яны перадаюць і мітуслівыя рухі, і мільгаценне думак, і ўнутраны стан гераіні: "бегла па вуліцы, разганяючы пад платамі курэй, босымі нагамі ўзнімаючы ў доле пыл", "штурханула дзверы, не зачыняючы іх, ірванула за клямку другія", "тузанула пасцілку", "не стрымала сябе", "прыпёршыся да печы, перасільвала іх", "учапілася за думку" і інш. Тут няма ніводнай "лішняй" дэталі, ніводнага жэста, які б перашкаджаў, адцягваў увагу, усё падпарадкавана ўнутранай логіцы сюжэта, максімальна сканцэнтравана на галоўным — імкненні маці засцерагчы дзяцей ад небяспекі. Абсалютна дакладна заўважыла Людміла Сінькова: "Так, Быкаў своеасаблівы мінімаліст. На ягоных сцягах — лаканічнасць усіх сродкаў мастацкага выяўлення. Заўсёды фатальны хранатоп, матэрыялізаваны ў самай будзённай канкрэтыцы, заўсёды звычайны чалавек, а не супергерой, заўсёды найперш псіхалагічны, унутраны драматызм, справакаваны скупым знешнім дзеяннем, і заўсёды апеляцыя да маралі". Гэты спецыфічны "мінімалізм" уласцівы амаль усім творам пісьменніка, і апавяданне "Сваякі" яшчэ раз выразна дэманструе мастацкую вагу дакладнага слова.
   Неабходнасцю тэрміновага вырашэння праблемы, вострым адчаем, і самае галоўнае — надзвычай важкім і, несумненна, лагічным, з пункта гледжання гераіні, аргументам ("усё ж ён ёй дваюрадны пляменнік, не абы-хто чужы") абумоўлена фатальная ідэя маці звярнуцца па дапамогу да паліцая Дразда.
   Аднак сама атмасфера варожасці, якая пануе ў кампаніі паліцэйскіх, даволі выразна сведчыць пра памылковасць прынятага рашэння. Жанчына нібыта ў адно імгненне адчула, што апынулася ў пастцы, але яшчэ застаецца надзея, што яе ўмольныя словы дойдуць да свядомасці "выратавальнікаў": "Пятровіч, родненькі, толькі ж прашу, не зрабі ж ім благога. Ну, можа, напалохай іх, не карай толькі. Маладыя ж яшчэ, блазнота зусім, старэйшаму васемнаццаты пайшоў са ўздзвіжання. Хіба ж яны разумеюць.".
   Абыякавасць да перапалоханай жанчыны робіць у пэўнай ступені прадказальнай трагічную развязку сюжэта. Усё: аўтаматычныя рухі паліцаяў, іх сухія, без ценю эмоцый адказы на просьбы маці, — паказвае на імклівае набліжэнне драмы. Але, чакаючы горшага, — магчыма, арышту хлопцаў, магчыма, нейкага іншага іх пакарання, чытач усё ж застаецца непадрыхтаваным да такога фіналу. Як адзначыў Д. Бугаёў, Быкаў "меў надзвычай нізкі болевы парог, які бывае толькі ў выдатных мастакоў, калі яны чужую бяду, болі і беды іншых людзей успрымаюць як свае ўласныя...". Менавіта гэтым вострым, невыносным, амаль фізічным болем прасякнуты заключныя радкі апавядання. Падзеі, якія з няўмольнай імклівасцю разгортваюцца перад вачыма, маюць эфектам шок, магутны стрэс, які прыводзіць не проста ў роспач, а хутчэй у стан здранцвення ад жахлівага відовішча.
   Шчымлівыя пачуцці выклікае дзіцячая "гаспадарлівасць" Сёмкі, які грунтоўна, нібыта рыхтуючыся да нейкага прыгодніцкага падарожжа, збіраецца ў партызаны: "Нагнуўшыся, сын стаяў над кубёлкам, у якім яны хавалі мясное, з кавалкам сала ў руцэ. Каля ног хлопца ляжала тарбінка з завязкамі...". Ізноў жа, з уласцівай менавіта дзіцяці жвавасцю, убачыўшы паліцаяў, Сёмка не раздумваючы кідаецца на ўцёкі. Тут найперш уражвае імгненнасць рэакцыі паліцаяў, у якіх не ўзнікае і ценю сумнення ў тым, як дзейнічаць: "у той жа момант аглушальна грымнуў адзін, другі, трэці стрэлы . І ўжо відавочна, што вар'яцкія дзеянні нелюдзяў не ў стане спыніць ніхто і нішто: зусім не зважаючы на енк жанчыны, што білася на зямлі, "зайшоўшыся ў амаль здзічэлай, шалёнае роспачы", паліцаі распраўляюцца і са старэйшым сынам.
   Розніца ў паводзінах дзяцей надае надзвычайную рэалістычнасць сітуацыі. Цалкам адпаведна свайму узроставаму "статусу" трымаецца
Алесь. Ён старэйшы, амаль мужчына, ён перапоўнены агідаю да "прадажных халуёў" і гнеўнымі абразлівымі пагрозамі дэманструе і сваё бясстрашша, і сваю маральную перавагу, чым, безумоўна, даводзіць іх да шаленства. Псіхалагічная дакладнасць паводзінаў персанажаў выяўлецца Васілём Быкавым нібыта па-за тэкстуальна. Духоўны свет, глыбіня і шматмернасць герояў раскрываюцца пад уздзеяннем канкрэтных абставін, у плыні абставінаў ўнутранай дынамікі. Слушна адзначыў М. Тычына: " празаік ідзе за перажываннямі чалавека ўшчыльную, расказвае не тое, што яму пра чалавека вядома загадзя, а што толькі вось зараз як бы праявілася, бы вучоны, для якога перад усім важны вынік, калі нават ён будзе самым несуцяшальным, вывучае, аналізуе паводзіны чалавека ў экстрэмальных умовах". Пранікненню ў свядомасць герояў спрыяе таксама апавядальная манера Васіля Быкава — адсутнасць аўтарскіх ацэнак, засяроджанасць менавіта на разгортванні сітуацыі, скрупулёзная ўважлівасць да рухаў і жэстаў персанажаў. Уражваюць і надзвычайна блізкае, шчыльнае суседства мірнага жыцця і вар'яцкай у сваёй жорсткасці вайны; хісткасць мірнай рэчаіснасці — і лютасць, пачварная сутнасць, якую абуджае вайна ў свядомасці людзей хцівых, непаўнавартасных. Паводле Алеся Адамовіча, "менавіта гэтыя "ціхія", "спакойныя" і страшныя сваёй будзённасцю дэталі, сцэны праяўлення бесчалавечнасці вайны асабліва ўражваюць у аповесцях Быкава". Невыносны боль, востры адчай, які апаноўвае чытача ў фінале апавядання, выклікае натуральнае абурэнне такім вырашэннем канфлікту, раздражненне мастакоўскай жорсткасцю, бескампраміснасцю ў адносінах да герояў: "Потым, калі трохі пацішэў балючы звон у галаве, паднялася, спачатку на калені, затым на свае босыя, скарэлыя ногі, акінула няцямным, здзічэлым позіркам двор з нерухомымі целамі яе сыноў. Яна дабрыла да калодзежа, упала жыватом на край яго прысадзістага асклізлага зруба і, убачыўшы ў ягонай глыбі далёкі проблеск святла, нібы за няздзейсненай справядлівасцю таропка рынулася ў змрочную зыбкую пройму". Тут міжволі паўстаюць пытанні — якую ж мэту ставіў перад сабой В. Быкаў, чым матывавана такая жахлівая развязка?.. Чым абумоўлена гэтае, паводле дакладнага вызначэння Л. Сіньковай, "радовішча страснай палемікі", дзе "галоўным аргументам з'яўляецца болевы шок"? Няйначай як "болевым шокам" скаланае карціна вынішчэння цэлай сям'і, жудасная смерць маці, якой давялося напачатку ўбачыць забойства сваіх дзяцей, усвядоміць, што менавіта яна вінаватая ў іх пагібелі.
   У апавяданні "Сваякі" Васіль Быкаў паказаў яшчэ адзін "ракурс" вайны, прадэманстраваў сваё перакананне, што вайна не можа прайсці "наўзбоч", яна не злітуецца, не абміне ні дзіця, ні жанчыну. Глыбінны псіхалагізм, уласцівы творам мастака, лаканізм пісьма, гранічная рэалістычнасць узбуйняюць адзінкавы эпізод вайны да агульнасімвалічнай высновы -вайна нішчыць усё жывое.

Похожие статьи:

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Сотнікаў

Васіль БыкаўАблава. Трагедыя Хведара Роўбы і яго сям'і

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Сваякі - ГДЗ

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Аблава

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Пайсці і не вярнуцца