Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Васіль Быкаў - Круглянскі мост
"Круглянскі мост" (1968) — першая аповесць з партызанскага цыкла, услед за якой будуць напісаны "Сотнікаў", "Абеліск", "Воўчая зграя", "Пайсці і не вярнуцца". Яны пераканальна засведчаць устойлівую цікавасць Васіля Быкава да падпольнай і партызанскай барацьбы з фашызмам. Васіль Быкаў быў франтавіком, але расказы землякоў, былых народных мсціўцаў, знаёмства з архівамі "літаральна ашаломілі", паводле прызнання самога летапісца, адкрыццямі: "Колькі гераізму і мужнасці, прычым гераізму масавага, усенароднага! Сённяшняму юнаку нават цяжка ўявіць... А колькі драм і трагедый! І я раптам адчуў, зразумеў, што не магу, не маю права не пісаць пра партызанаў".
"Круглянскі мост", як і некаторыя іншыя творы пісьменніка, мае ў сваёй аснове нявыдуманую падзейную канву. Аповесць вырасла з канкрэтнага факта. Васіль Быкаў расказаў Алесю Адамовічу, што яму надарылася прачытаць у кнізе пра піянераў-герояў, як адзін "хлопчык гэтак прасіўся дазволіць яму аддаць жыццё за Радзіму, што добрыя дзядзі-камандзіры не знайшлі сіл адмовіць хлопчыку і, нашпігаваўшы яго падводу ўзрыўчаткай, пусцілі яго на мост. Мост, вядома, быў узарваны, але ў мяне гэтая гісторыя не выклікала захаплення".
Васіль Быкаў напісаў аповесць, у цэнтры якой паставіў праблему маральнага выбару. А. Твардоўскі так сказаў Васілю Быкаву пра рэалізаваную ім задуму: "Вы падмецілі і ўлавілі галоўнае — чалавечнасць і меру гэтай чалавечнасці, тое, што хвалюе літаратуру з даўніх часоў". Ухвальна пра быкаўскую аповесць адазваўся і А. Салжаніцын, які лічыў яе вялікай удачай пісьменніка. Аднак аповесць і яе аўтар трапілі пад знішчальны агонь партызанскіх генералаў і некаторых прафесійных крытыкаў. Праўду яны аб'явілі паклёпам, аўтара — фальсіфікатарам і дэгераізатарам партызанскага руху.
Асаблівасць кампазіцыі аповесці ў тым, што пачынаецца і заканчваецца яна якраз сітуацыяй выбару. Дакладней, галоўны герой аповесці, 18-гадовы партызан Сцёпка Таўкач, кінуты ў яму паводле загаду Брытвіна да прыезду камісара, канчаткова вызначыўся з выбарам. Вартавыя гавораць, што "цяпер яго дзела труба. Расстрэл будзе". Даніла, з якім ён хадзіў на заданне, папярэджвае Сцёпку, што ён задумаў нядобрае, што будзе шкадаваць, што камісар прыедзе і паслухае не яго, а Брытвіна. Сцёпка ж упарта паўтарае: "Хай едзе! Хай едзе. Я не баюся!"
Аповесць і заканчваецца апісаннем цвёрдай упэўненасці юнака, што "нічога ў іх з Брытвіным не выйдзе. Хопіць хітрыць і выязджаць на чужым гарбе. Сцёпка вінаваты, яго, вядома, пакараюць, але раней ён раскажа, як усё гэта адбылося, і назаве Міцю.
Камісар справядлівы, ён зразумее. Не можа таго быць, каб не зразумеў. Хай едзе камісар!"
А ўсё адбылося так. Група з чатырох партызанаў на чале з Маслаковым атрымала заданне ўзарваць Круглянскі мост, які, як меркавалася, не ахоўваўся.
Аднак дадзеныя разведкі былі састарэлыя. Дыверсія сарвалася: партызаны трапілі на засаду. У час перастрэлкі быў паранены камандзір. Сцёпку ўдалося ўцячы, але ён потым вярнуўся, знайшоў Маслакова і валок яго да лесу, дзе іх чакалі астатнія двое. Параненага камандзіра неабходна было даставіць у атрад, але без падводы гэта немагчыма. Сцёпку паслалі ў вёску раздабыць падводу.
На досвітку Сцёпка набрыў на каня, якога прывязалі на выпас. І тут жа аб'явіўся гаспадар — пятнаццацігадовы падлетак Міця. Партызан угаварыў яго даць каня на пэўны час, каб адвезці ў атрад параненага. Падлетак згадзіўся.
Пазней Міця расказаў Брытвіну, што яго бацька — паліцай, а сам ён марыць пайсці да партызанаў.
Маслакоў, які быў для Сцёпкі "самым лепшым, самым дарагім чалавекам у атрадзе", памёр; яго пахавалі тут жа ў лесе. Дапамога падлетка і конь не спатрэбіліся. Але ў Брытвіна ўзнік план паўтарыць дыверсію, выканаць заданне і ўзарваць мост, хаця ніякага стратэгічнага значэння для немцаў ён не меў.
Брытвіну ж неабходна была гэта дыверсія, каб загладзіць віну і зноў стаць камандзірам. Ён прадумаў усё да драбніц. Закладніком яго жудаснага плана стаў выпадковы падлетак.
Пазней, калі Сцёпка ўсё зразумеў, калі спакваля ўсё станавілася на свае месцы, ён закрычаў: "Падлюга! Падлюга ты! Паняў?" Сутычка закончылася тым, што Сцёпка параніў Брытвіна, які хацеў забраць у яго аўтамат.
У аповесці ёсць "закадравы" герой — Ляховіч. Пра яго Сцёпку расказаў Брытвін, даючы рэзка адмоўную ацэнку ўчынкам Ляховіча ў сітуацыі выбару. Але не меркаванне Брытвіна, а яго інфармацыя пра Ляховіча будзе вызначальнай у выбары Сцёпкі. Хутка і ён, як некалі Ляховіч, стане перад выбарам: кампраміс з Брытвіным — і, як вынік кампрамісу, жыццё ці вернасць свайму сумленню, праўдзе, памяці цаною жыцця.
"Штосьці цвёрдае і наўздзіў упэўненае ўжо авалодала ім і не саступала".
Похожие статьи:
Васіль Быкаў → Аблава. Трагедыя Хведара Роўбы і яго сям'і
Васіль Быкаў → Васіль Быкаў - Пайсці і не вярнуцца
Вацлаў Ластоўскі → Вацлаў Ластоўскі - Мост у Кутах