Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Танічнае вершаванне

   Танічнае вершаванне (ад гр. tonos - націск) — сістэма вершавання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. У той час, калі колькасць такіх націскаў у радках танічным вершаваннем адна і тая ж (ці прыблізна адна і тая ж), колькасць ненаціскных складоў паміж імі - самая розная.
   Літаратурнае танічнае вершаванне склалася ў XIX - пачатку ХХ стст. на аснове народнага вершавання, танічнага па сваёй прыродзе. Прычым, адразу вызначылася некалькі відаў яго: акцэнтна-складовы, дольнік, тактавік, акцэнтны. У кожным з іх маецца тое асноўнае, што вызначае танічнае вершаванне увогуле - чаргаванне пэўнай колькасці моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым, кожны з іх валодае сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж моцнымі націскамі.
   Так, у акцэнтна-складовым вершы, апрача аднолькавай колькасці акцэнтаў, аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках ("Смык" Францішка Багушэвіча, "Спакойнай ночы!" Максіма Танка і інш.).
   Тры іншыя віды танічнага вершавання адрозніваюцца паміж сабой колькасцю міжнаціскных інтэрвалаў: у дольніку - 1-2 склады пры спарадычных пропусках апорных (моцных) націскаў ("Права на верш" М. Лужаніна), у тактавіку - 0-1-2 ці (часцей) 1-2-3 ("Да зямлі прадзедаў маіх" Янкі Купалы), у акцэнтным вершы - ад 0 да 8 складоў (верш Маякоўскага).
   Танічны літаратурны і народны верш пры іх вялікім падабенстве (і там і тут - роўная колькасць моцных націскаў у радках), пры тым, што першы ўзнік пад уплывам другога, — усё ж значна розняцца паміж сабой. І галоўнае адрозненне - у функцыі моцных, або апорных, націскаў. Калі ў народным вершаванні націск выконваў толькі рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя, нават дапаможныя словы, то ў літаратурным танічным вершаванні ён абавязкова прыходзіцца на найбольш значнае па сэнсу слова. Калі ў першым выпадку ён уроўніваў усе словы (гэтаму дапамагала і мелодыя, музычнае суправаджэнне слоўнага тэксту), то цяпер ён, наадварот, падкрэслівае, рытмічна выдзяляе асобныя словы і словазлучэнні.
   Націскам у танічным вершаванні дапамагаюць шматлікія паўзы, якія адыгрываюць рытмаарганізуючую ролю. Яны аддзяляюць адзін ад аднаго інтанацыйна самастойныя рытмічныя адрэзкі, у цэнтры якіх і знаходзяцца націскі.
   Першыя ўзоры літаратурнага танічнага вершавання - гэта пераважна стылізацыя "пад народнае" (творы А. Кальцова, "Казка пра рыбака і рыбку" А. Пушкіна, "Песня пра купца Калашнікава" М. Лермантава і інш.). Тарас Шаўчэнка на аснове ўкраінскага народнага верша стварыў свой так званы каламыйкавы верш. Танічннае вершаванне атрымала ў яго творчасці аднолькавую колькасць складоў у радках (8+6). Шаўчэнкаўскі каламыйкавы верш аказаў моцны ўплыў ня асобных украінскіх, рускіх і беларускіх паэтаў (П. Тычына, А. Малышка, М. Святлоў, Э. Багрыцкі, Янка Купала).
   Вялікую ролю ў развіцці танічнага вершавання адыграла наватарская паэзія У. Маякоўскага, якая паўплывала ня ўсю еўрапейскую вершатворчасць, у тым ліку беларускую. Танічнае вершаванне выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці Янка Купала ("Тарасова доля", "Бандароўна"), Максім Багдановіч ("Страцім-лебедзь"), Міхась Чарот ("Босыя на вогнішчы"), а таксама Пімен Панчанка, Максім Танк. К. Кірэенка, Рыгор Барадулін і інш.

Похожие статьи:

ААкцэнтны (чыста танічны) верш

ВВершаванне (вершаскладанне)

ААнтычнае (метрычнае) вершаванне

ККвантытатыўнае вершаванне

ККвалітатыўнае вершаванне