Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ануфрый Петрашкевіч

(1793-1863)


   У памяці нашчадкаў Ануфрый Петрашкевіч застанецца перш за ўсё як адзін з заснавальнікаў і самых актыўных дзеячаў славутага згуртавання студэнтаў Віленскага ўніверсітэта — Таварыства філаматаў. Ён выбіраўся на пэўны час сакратаром Таварыства, намеснікам яго старшыні. Калі ў 1818 г. згуртаванне было падзелена на два аддзелы — аддзел літаратуры і гуманітарных навук і аддзел фізікі, матэматыкі і медыцыны, узначаліць другі з іх філаматы даручылі якраз яму, прыродазнаўцу Ануфрыю Петрашкевічу. На пасяджэннях Таварыства, якія, дарэчы, часта адбываліся ў яго на кватэры, ён даволі актыўна выступаў з трактатамі ў галіне фізікі, з рэцэнзіямі на прачытаныя сябрамі творы, а таксама з уласнымі вершамі і ідыліямі. У філамацкай сям’і Петрашкевіч паказаў сябе як выдатны арганізатар усялякіх святочных цырымоній і ўрачыстасцей, якім філаматы прыдавалі немалое значэнне, завабліваючы ў свае шэрагі віленскую моладзь. Асабліва карыснай была яго дзейнасць як архівіста згуртавання: ён рупліва захоўваў усё напісанае філаматамі. Гэта дзякуючы Ануфрыю Петрашкевічу мы можам сёння чытаць многія творы яго сяброў — Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота, у тым ліку напісаныя па-беларуску.
   Важная роля Ануфрыя Петрашкевіча і як аднаго з першаадкрывальнікаў багаццяў беларускага фальклору. Ён з самага пачатку сваёй паэтычнай творчасці свядома выкарыстоўваў матывы і вобразы вуснай паэзіі роднага народа, яго звычаі і вераванні. Ужо ў спісе прачытаных філаматамі на сваіх пасяджэннях твораў за 1818 г. значыцца і заснаваны на беларускім фальклоры верш Петрашкевіча «Купала», з разборам якога выступаў Ян Чачот. На жаль, верш гэты не захаваўся. Відаць, ён быў першай прыступкай да больш буйнога твора аўтара — ідыліі з той жа назвай, прачытанай філаматам праз год. Ідылію належным чынам ацаніў Адам Міцкевіч, зазначыўшы, што ў творы «няма чаго папраўляць» (меркавалася надрукаваць яго ў планаваным філаматамі часопісе «Геба»),
   I праўда, нягледзячы на ідылічны паказ сялянскага жыцця, яўны ўплыў сентыменталізму, ідылія Ануфрыя Петрашкевіча «Купала» мае і станоўчыя бакі. Перш за ўсё тое, што яна данесла да нас цікавыя, цяпер ужо, здаецца, назаўсёды страчаныя дэталі абраду беларускага Купалля пачатку мінулага стагоддзя. Напрыклад, рытуал ахвярапрынашэнняў язычніцкаму богу Купалу, зварот да яго моладзі з малітвай-песняй, роля дзядка ахоўніка агню для купальскага вогнішча і інш. Шмат каштоўнага фальклорна-этнаграфічнага матэрыялу можна знайсці і ў іншых творах Петрашкевіча вершах на гістарычную тэму, шматлікіх філамацкіх віншаваннях да пэўных дат.
   Звяртае на сябе ўвагу і мова твораў, адчуваецца значны ўплыў на яе беларускай моўнай стыхіі.
   У Віленскі ўніверсітэт Ануфрый Петрашкевіч прыехаў са Шчучына — невялікага мястэчка Лідскага павета Гродзенскай губерні. Там ён нарадзіўся, там скончыў павятовую піярскую школу. Пасля працаваў нейкі час гувернёрам. Якраз у ваколіцах Шчучына чуў ён ад людзей беларускія народныя песні, назіраў народныя звычаі і абрады, якія потым прыдаліся да яго паэтычных твораў.
   Вучобу ва ўніверсітэце (на факультэце прыродазнаўчых і фізічных навук) Ануфрыю Петрашкевічу як выхадцу з незаможнай шляхты даводзілася спалучаць з працай у спецыяльнай канцылярыі па ўпарадкаванні спадчыны Радзівілаў — так званай Масе радзівілаўскай, дзе працаваў у гэты час і Ян Чачот, з якім ён шчыра пасябраваў. Скончыўшы Віленскі ўніверсітэт, Петрашкевіч наважыў прадоўжыць вучобу ў Варшаўскім ўніверсітэце, пасля чаго настаўнічаў у Любліне. У 1822 г. ён зноў вяртаецца ў Вільню.
   Калі пачаліся арышты філаматаў, Ануфрыю Петрашкевічу ўдалося нейкім чынам выкруціцца. Ён арганізаваў спецыяльны камітэт падтрымкі і дапамогі зняволеным сябрам-філаматам, аднак усё роўна не пазбег пакарання. Разам з сябрамі яго выслалі ў Расію. Спачатку жыў у Пецярбургу, а потым як магістра філасофіі яго адправілі ў Маскоўскі ўніверсітэт на пасаду бібліятэкара. Тут ён дапамог Адаму Міцкевічу выдаць напісаныя ў Адэсе і Крыме «Санеты». Рыхтаваў да выдання таксама кнігі твораў сасланых на Урал сяброў — Яна Чачота і Тамаша Зана. Але гэту працу перапыніла Лістападаўскае паўстанне. За арганізацыю ўцёкаў на радзіму афіцэраў Літоўскага корпуса, якіх улады трымалі ў Маскве, далей ад «мяцяжу», Петрашкевіч быў арыштаваны і пасаджаны ў турму. Яго прыгаварылі да смяротнага пакарання. Прычынілася тут і сувязь яго з рэвалюцыйным гуртком Сунгурава. Пра арышт Петрашкевіча і сунгураўскага гуртка гаварыла ўся Масква. Пра гэта пісаў у «Былым і думах» тагачасны студэнт Маскоўскага ўніверсітэта Герцэн: «Над імі была прызначана «ваеннасудная камісія», у перакладзе гэта азначала, што іх чакае гібель. Усе мы ліхаманкава чакалі, што з імі будзе... Бура, што ламала маладыя ўсходы, была побач...»
   Асуджаны на смерць Ануфрый Петрашкевіч два месяцы чакаў у адзіночным зняволенні выканання смяротнага прысуду. Але 13 студзеня 1832 г. яму аб’явілі пра замену смяротнага пакарання на пажыццёвую высылку ў Сібір з пазбаўленнем шляхецтва і званняў.
   I вось этапамі разам з іншымі асуджанымі Ануфрыя Петрашкевіча пагналі ў сцюжы і завірухі ў далёкі Табольск. Толькі ў 1860 г., праз 35 гадоў выгнання, вярнуўся ён дамоў, у родную Беларусь. Жыў у брата Юзафа ў Вільні, дзе неўзабаве і памёр.
   Царскія рэпрэсіі, вядома ж, вельмі адмоўна адбіліся на паэтычнай творчасці Ануфрый Петрашкевіча. Апынуўшыся на чужыне, ён не напісаў ужо ні радка.
 


Кастусь Цвірка