Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віталь Вольскі - Спатканне з аленем

   У пушчы мне давялося ўбачыць з невялікай адлегласці жывога аленя...
   Стаміўшыся пасля доўгіх блуканняў, я сядзеў пад старым і высокім грабам...
   Вакол панавала цішыня.
   Раптам недалёка ад мяне хруснула галлё. Я ўзняў галаву. Перад маімі вачыма мільгнула на фоне зялёнага лісця нешта вялікае, жывое, чырванавата-бурага колеру.
   Гэта быў алень.
   Я і не заўважыў, як ён з’явіўся, нібы вырас з-пад зямлі на невялікай лугавінцы недалёка ад мяне. Ён стаяў нерухома. Дужае і стройнае цела на тонкіх нагах нібы скамянела. Гордая галава, упрыгожаная раскідзістымі рагамі, была крыху прыўзнята, вушы насцярожаны. Толькі ноздры злёгку варушыліся, уцягваючы паветра.
   Я не вытрымаў і паварушыўся. Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік, нібы здань, у зялёным гушчары.
   Пераскочыў? Не, гэта было б сказана занадта недакладна! Не пераскочыў, а пераляцеў! Нібы птушка, адарваўся ад зямлі, узняўся ў паветра і плаўна перанёсся цераз ствол на сваіх нябачных крылах.
   Усё адбылося на працягу, можа, адной дзясятай хвіліны, але зрок здолеў зафіксаваць гэты момант і ўтрымаць яго ў памяці.
   Доўга глядзеў я на тое месца, дзе стаяў алень, і думаў, ці бачыў я яго сапраўды, ці гэта мне здалося, такім мімалётным было яго з’яўленне.
   Свежыя адбіткі вострых капытоў на тым месцы сведчылі, што гэта была не здань, а жывы, рэальны алень.
   Перад гэтым я неаднойчы знаходзіў у лесе яго сляды, але дзікі алень ніколі яшчэ не трапляў мне на вочы. Цяпер я ўпершыню ўбачыў яго, жывога, на волі, і нават тады, калі зусім гэтага не чакаў...

 

Похожие статьи:

Артур ВольскіАртур Вольскі - Вожык-дзівачок

БиографииАртур Вольскі

Віталь ВольскіВіталь Вольскі - Несцерка

БиографииВіталь Вольскі

Артур ВольскіАртур Вольскі - Пагоня