У пушчы мне давялося ўбачыць з невялікай адлегласці жывога аленя...
Стаміўшыся пасля доўгіх блуканняў, я сядзеў пад старым і высокім грабам...
Вакол панавала цішыня.
Раптам недалёка ад мяне хруснула галлё. Я ўзняў галаву. Перад маімі вачыма мільгнула на фоне зялёнага лісця нешта вялікае, жывое, чырванавата-бурага колеру.
Гэта быў алень.
Я і не заўважыў, як ён з’явіўся, нібы вырас з-пад зямлі на невялікай лугавінцы недалёка ад мяне. Ён стаяў нерухома. Дужае і стройнае цела на тонкіх нагах нібы скамянела. Гордая галава, упрыгожаная раскідзістымі рагамі, была крыху прыўзнята, вушы насцярожаны. Толькі ноздры злёгку варушыліся, уцягваючы паветра.
Я не вытрымаў і паварушыўся. Лёгкім, невыказна прыгожым рухам алень пераскочыў цераз тоўсты ствол паваленага дрэва і знік, нібы здань, у зялёным гушчары.
Пераскочыў? Не, гэта было б сказана занадта недакладна! Не пераскочыў, а пераляцеў! Нібы птушка, адарваўся ад зямлі, узняўся ў паветра і плаўна перанёсся цераз ствол на сваіх нябачных крылах.
Усё адбылося на працягу, можа, адной дзясятай хвіліны, але зрок здолеў зафіксаваць гэты момант і ўтрымаць яго ў памяці.
Доўга глядзеў я на тое месца, дзе стаяў алень, і думаў, ці бачыў я яго сапраўды, ці гэта мне здалося, такім мімалётным было яго з’яўленне.
Свежыя адбіткі вострых капытоў на тым месцы сведчылі, што гэта была не здань, а жывы, рэальны алень.
Перад гэтым я неаднойчы знаходзіў у лесе яго сляды, але дзікі алень ніколі яшчэ не трапляў мне на вочы. Цяпер я ўпершыню ўбачыў яго, жывога, на волі, і нават тады, калі зусім гэтага не чакаў...
Похожие статьи:
Биографии → Артур Вольскі
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Пагоня
Биографии → Віталь Вольскі
Віталь Вольскі → Віталь Вольскі - Несцерка
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Вожык-дзівачок