Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васіль Быкаў - Кар'ер. Аналіз твора

   Калісьці Васіль Быкаў засведчыў, што яго цікавіць "не сама вайна, нават не яе побыт і не тэхналогія бою, хаця ўсё гэта для мастацтва таксама важна і цікава, але галоўным чынам маральны свет чалавека, магчымасці яго духу". Гэтая творчая ўстаноўка рэалізоўвалася ім мэтанакіравана: у творах "Жураўліны крык" (1960), "Трэцяя ракета" (1962), "Альпійская балада" (1964), "Сотнікаў" (1972), "Знак бяды" (1984) і інш. празаік прыцягваў чытача да асэнсавання маштабаў катастрофы ў нацыянальнай гісторыі, вымушаючы даваць ўласныя ацэнкі падзеям і героям, рабіць асабістыя высновы.
   Раман "Кар'ер" (1987) стаў у творчасці пісьменніка своеасаблівым працягам той вялікай гісторыі, што на працягу ўсяго жыцця была ў цэнтры ягонай увагі — гісторыі чалавечага духу і характару, годнасці і міласэрнасці, самаўсведамлення і самаўдасканалення.
   Мастацкая прастора рамана ахоплівае падзеі даўжынёю амаль у паўстагоддзя, хаця адрэзак часу, які назаўсёды стаў болем і пакутаю галоўнага героя, доўжыўся ўсяго тры месяцы. Але чалавечая свядомасць знітоўвае мінулае і сучаснае ў адно непарыўнае цэлае — жыццё.
   На авансцэне рамана — галоўны герой, Павел Агееў, чалавек сталага ўзросту, які звычайнай рыдлёўкай раскопвае закінуты кар'ер. Не адразу зразумела, што ён спрабуе знайсці сярод сырога пяску пад абрывам, дзе "сорак гадоў назад, ледзь стрымліваючы дрыжыкі ў скрываўленым целе, развітваўся з жыццём, у роспачы і адчаі ад д'ябальскай несправядлівасці гэтай заўчаснай пагібелі...". Успаміны Агеева пераносяць падзеі на чатыры дзесяцігоддзі назад, у гады Вялікай Айчыннай... Спакваля высвятляючы абставіны драматычнага лёсу героя, чытач праходзіць тою сцежкаю, якою калісьці крочыў старшы лейтэнант Агееў.
   З дэталёвай падрабязнасцю разглядае пісьменнік падзеі, што сталіся пачаткам усёй гісторыі. Скрупулёзнасць, з якой ён вытлумачвае акалічнасці тых ракавых дзён, нельга ігнараваць. Думаецца, якраз тут пачынае пульсаваць думка, якая пасля праходзіць лейтматывам праз увесь твор: як шчыльна знітавана ў чалавечым жыцці выпадковае і заканамернае, прыватнае і агульнае, асабістае і грамадскае. Выходзячы з акружэння, група савецкіх байцоў, якая налічвала пяцьдзесят сем чалавек, натрапіла на нямецкую часць. Пасля зацяжнога бою ў жывых засталіся двое — Агееў і лейтэнант Малаковіч, абодва параненыя. Лінія фронту адступіла далёка, дагнаць сваіх не стае сіл, і таму, знаходзячыся паблізу ад роднай вёскі Малаковіча, знясіленыя і бездапаможныя байцы змушаны на нейкі час застацца там. Менавіта тут разгортваецца трагічная гісторыя, якая знаходзіцца ў эпіцэнтры сюжэта.
   З вытанчанай натуральнасцю, якая, несумненна, з'яўляецца адной з дамінуючых уласцівасцей прозы Васіля Быкава, пісьменнік даследуе эмацыянальную сферу светаадчування героя. Сваё новае становішча бяздзейнасці, фатальнай безвыходнасці Агееў асэнсоўвае пакутліва, са скрухай прыходзячы да несуцяшальнай высновы, што здарылася з ім тое, чаго заўжды баяўся: "каб сіла абставін не загнала яго ў кут без якой магчымасці выйсця або адступлення". Характар персанажа выяўляецца найперш праз раскрыццё яго душэўных станаў, абмалёўку своеасаблівай унутранай палемікі Агеева. Старшаму лейтэнанту, які толькі што ў адкрытым баю са зброяй у руках змагаўся з ворагам, цяжка прымірыцца з уласнай немаччу, горка ўсведамляць, што з-за яго рызыкуюць жыццём мірныя людзі — Варвара Бараноўская, якая дала прытулак і клапатліва даглядае, мясцовая акушэрка Яўсееўна, што дастала асколак з нагі. Маральныя пакуты ад усведамлення, што ён, баявы камандзір, "бавіць час", "адлежваецца", калі недзе грымяць баі, нехта іншы ідзе ў атаку, значна вастрэй перажываюцца ім, чым фізічны боль.
   Невыпадковы ў сюжэце і эпізод, калі пад лютаю бамбёжкаю фашысцкіх самалётаў, выконваючы загад маёра Папова, Агееў дастаўляе боепрыпасы з артскладу. Нягледзячы на тое, што для маладога байца гэта была "першая сур'ёзная спроба агнём", ён дэманструе самаахвярнасць і адданасць агульнай справе: "Агееў пачаў забываць, дзе ён і што з ім робіцца, і толькі ў глыбіні ягонай збянтэжанай свядомасці жыло, не пакідаючы яго, адчуванне мэты, нявыкананай задачы, якую ён што б там ні стала павінен выканаць". Але пад шалёным агнём малавопытны салдат, не разабраўшыся, дастаўляе толькі скрынкі з ручкамі ад РГД, а баявыя галоўкі пакідае на складзе. Атрымаўшы наганяй ад камандзіра палка і зразумеўшы сваю прамашку, Агееў ні на імгненне на задумваецца пра ўласнае жыццё. Ён робіць яшчэ адну спробу і здабывае на складах дваццаць сем скрынак лімонак. Нагружаная машына, праз акружэнне, пад трасіруючым кулямётным агнём прарываецца да сваіх. Гэты эпізод не толькі падкрэслівае здольнасць героя да подзвігу, але і відавочна ўзбуйняе трагедыйнасць той сітуацыі, у якой Агееў апынуўся пазней.
   Няўрымслівае жаданне дзейнічаць, змагацца, быць карысным свайму народу не дае спакою, але з невялікай ахвотай пагаджаецца Агееў на прапанову мясцовых падпольшчыкаў далучыцца да іх. Ён разлічваў, падлячыўшыся, ізноў трапіць на фронт, прагна марыў аб сапраўдных вайсковых аперацыях. Адначасова з гэтым яго даймаюць думкі, што "ў такі час было б злачынствам спакойна ляжаць на гэтым тапчане і чакаць, калі цябе вызваляць ад нямецкай улады. Барацьба з гэтымі вылюдкамі не спынялася, тут, можа, толькі яшчэ наладжвалася, значыць, ён быў абавязаны і не меў права ўхіляцца ад удзелу ў ёй".
   Безумоўна, Агееў, вайсковы начбой, меней за ўсё быў падрыхтаваны да падпольнай барацьбы. Невыпадкова з такой лёгкасцю, амаль з першага позірку начальнік паліцыі Драздзенка, былы савецкі танкіст, пазнае ў ім вайсковага камандзіра. Гэты факт і красамоўна падкрэслівае адсутнасць у Агеева пэўных канспіратыўных навыкаў, і часткова прагназуе трагічны вынік яго падпольшчыцкай дзейнасці.
   Вобраз Агеева пазбаўлены ілюстрацыйнасці: персанаж індывідуалізаваны да канкрэтнай асобы са сваім непаўторным духоўным светам, характарам, свядомасцю. Гэтая асобаснасць напаўняе дзеянні персанажа рэалістычнай праўдзівасцю, абумоўлівае логіку яго ўчынкаў. Цалкам зразумелымі выглядаюць паводзіны героя, калі Драздзенка вымушае яго даць падпіску аб супрацоўніцтве з фашыстамі. Адмовіць начальніку паліцыі немагчыма — гэта выкліча яшчэ большае падазрэнне не толькі да самога Агеева, але можа ўскосна пашкодзіць і іншым падпольшчыкам.    Паперка, напісаная ўласнай рукою, цяжкім грузам легла на сумленне героя, зрабіла яго становішча яшчэ больш невыносным: "Быў бы здаровы, ён бы цяпер апынуўся далёка ад гэтага злашчаснага мястэчка з яго паліцыяй, ад гэтага падонка з танкавых войск. Можа б, назаўжды лёг у сырую зямлю, затое ў яго было б чыстае сумленне і сумленнае імя, якое цяпер невядома як будзе адмыць ад фашысцкай гразі". Асабліва балючым робіцца для Агеева адчуванне халадку падазронасці з боку паплечнікаў па справе — найперш Кіслякова, пасля Малаковіча, — калі ён шчыра прызнаецца ў гэтай падпісцы. З прыкрасцю і крыўдаю герой разважае сам-насам аб крохкасці чалавечых адносін, калі з'яўляецца "маленькае непаразуменне — і ўжо гатовы ўсумніцца, гатовы паверыць некалькім невыразным фактам і не верыць доўгім гадам сяброўства, знаёмства, сумеснай работы, нарэшце, выпрабаванням пагібеллю, якія яны нядаўна стрывалі". Тонкая абмалёўка псіхалогіі героя, яго ўнутраныя маналогі рэалістычна і натуральна перадаюць душэўны стан Агеева ў роспачнай сітуацыі адзіноты, загнанасці, безвыходнасці. Але ў той час, калі герой не ведае, як самому знайсці выйсце з тупіковага становішча, ён вымушаны паклапаціцца яшчэ і пра лёс другога чалавека.
   Шукаючы паратунку ад начальніка паліцыі, да яго кідаецца па дапамогу Марыя, дзяўчына, з якой Агееў быў ледзь знаёмы.
   Менавіта з гэтага моманту сюжэт рамана становіцца ўсё больш дынамічным, робіцца асабліва напружанай. Кампазіцыйная асаблівасць твора — чаргаванне часавых пластоў, сучаснасці і ўспамінаў-зваротаў героя ў ваенную рэчаіснасць — дадае сюжэту вастрыні, непрадказальнасці.
   Асэнсоўваючы складаныя праблемы чалавечага жыцця, В. Быкаў засяроджвае ўвагу найперш на супярэчлівых пытаннях узаемаадносінаў людзей, падкрэсліваючы патрэбу чалавека ў аднадумцах і дарадчыках, сябрах і паплечніках, асабліва ў памежных ці крызісных сітуацыях. Разумеючы рызыкоўнасць свайго ўчынку, Агееў дае Марыі прытулак, хавае яе ад драпежнага паліцая. У сваю чаргу дзяўчына ратуе героя ад адзіноты, ад гнятлівага чакання звестак ад сяброў-падпольшчыкаў. Яна адкрывае яму новы свет — расказвае пра сваё мінулае жыццё ў горадзе, пра сваю сям'ю, вымушае задумацца аб тых рэчах, якім Агееў раней не надаваў асаблівай увагі. Іх гутаркі датычацца і літаратуры, і роднай гісторыі, і мовы, і яшчэ мноства розных жыццёвых пытанняў. У хуткім часе паміж імі ўспыхвае каханне — шчырае, пяшчотнае, сапраўднае.
   У асвятленні адносінаў паміж Марыяй і Агеевым Васіль Быкаў дасягае не толькі псіхалагічнай дакладнасці, але і новай эмацыянальнай вышыні. Мноства сэнсава-эмацыйных адценняў, сплеценых у пачуццях маладых людзей, дэталёвае асэнсаванне душэўных станаў персанажаў выяўляюцца пісьменнікам рэалістычна, надзяляюць іх відавочнай нязмушанасцю, натуральнасцю. Так, напачатку для Агеева адносіны з Марыяй — яшчэ адна падстава, каб дакараць сябе, што "паплыў па хвалях пачуццяў ды яшчэ ў такі самы непрыдатны для таго час", але разам з тым гэтае пачуццё вышэйшае за ўсе довады свядомасці, "на сэрцы ў яго наперакор усяму журчэла ціхая пяшчота да гэтай мілай дзяўчыны". Прысутнасць Марыі напаўняе жыццё Агеева шчасцем і цеплынёй, але яго неадступна даймае пакутлівае прадчуванне, што іх каханне "не можа скончыцца добра ў такі бязлітасны час, на краі прадоння, за два крокі ад паліцыі, немцаў, СД". Несумненна, што менавіта высокае пачуццё, якое ўзнікла паміж героямі, узбуйняе адчуванне драматызму іх становішча. Па справядлівым вызначэнні Алеся Адамовіча, "праз непасрэднае, падкрэсленае суседства гэтай лірычнай стыхіі і рэальнага "вобраза", "аблічча" вайны перадаецца чытачу адчуванне жорсткасці вайны, фашызму. І асабліва падкрэсліваецца гераізм людзей, якія процістаяць ворагу ў адчайнай стычцы — яны ж зусім не з жалеза і сталі, гэтыя добрыя, праўдалюбныя і мужныя героі Васіля Быкава".
   У вобразе Марыі ўвасабляецца не толькі жаночая чуласць і шчырасць, клапатлівасць і спагадлівасць, але, безумоўна, самаахвярнасць і мужнасць. Тое робіцца асабліва відавочным, калі Марыя прызнаецца Агееву, што чакае дзіця. Не асабліва задумваючыся пра ўласны лёс, яна імкнецца супакоіць каханага, магчыма, асцерагаючыся дадаць яму клопатаў, баючыся стаць перашкодаю на яго далейшым шляху. "Ты толькі не перажывай. Калі што — я сама вінаватая", — падводзіць дзяўчына рысу пад іх размовай. Папярэдняй логікай раскрыцця вобраза Марыі абумоўлены яе далейшыя дзеянні, учынак, на які спадзвігла яе і каханне, і сумленне, і свядомасць. Значную ролю ў разуменні характару дзяўчыны адыгрывае аповед пра лёс яе сям'і, умовы выхавання, вялікі ўплыў бацькі — сумленнага беларускага вучонага, які трагічна загінуў у 1937-м. Таму, калі паўстае пытанне, як перадаць тол на станцыю, прапанова дзяўчынаю сваіх паслуг не выклікае здзіўлення, успрымаецца цалкам заканамернаю для вобраза гераіні.
   Трэба заўважыць, што ў рамане "Кар'ер" Васіль Быкаў правёў лейтматывам думку аб вялікай ролі абставінаў у чалавечым лёсе, аб ролі выпадковасцей і супадзенняў, ад якіх, часам, залежыць само чалавечае жыццё. Так, развітваючыся з Марыяй, Агееў ужо нібыта прадчуваў, што робіць недаравальную памылку, адчуваў, "як штосьці ў ягоных намерах пайшло наўскось, нібы пад адхон, незразумелай фатальнай хадой, але змяніць нічога не мог. Падганялі няўмольны час, хваляванне, і ён аддаўся на волю выпадку, на лёс і... на Марыю". Менавіта збег абставінаў выкрывае і Марыю, і самога Агеева: ніхто не мог прадбачыць, што дзяўчына сустрэне якраз таго паліцая, што рамантаваў кашолку, у якой яна несла тол; ніхто не мог прадбачыць і таго, што па вокладцы з кніжкі, якая ляжала на дне кашолкі, выйдуць на Агеева.
   У завострана-трагічнай форме, удакладняючы псіхалагічную характарыстыку героя, выяўляе мастак асэнсаванне Агеевым падзей тых далёкіх дзён. Усё жыццё герой нясе цяжар віны за "недаравальную памылку, што не трэба было пасылаць Марыю, што ён проста не меў права на тое — ні боскага, ні чалавечага, што трэба было пачакаць або ісці самому. Калі ўжо рызыкаваць, дык рызыкаваць сабой і нікім іншым...". Так, Агеева можна папракнуць у неабачлівасці ці нават у эгаізме. Але, верагодна, толькі ў тым выпадку, калі ставіць фармальную мэту знайсці хоць кагосьці вінаватага ў гэтай драме. Відавочна, тут ва ўсім вінаватыя якраз няўмольна-трагічныя абставіны. Па шчаслівай выпадковасці сам Агееў застаецца жывым, каб жыць і несці нясцерпны боль, зноў і зноў пакутліва асэнсоўваючы мінулае. Між іншым, гэтае пякельнае адчуванне віны героем характарызуе яго як чалавека не проста патрабавальнага, а хутчэй бязлітаснага да самога сябе. Менавіта ў выяўленні духоўнага свету героя, паказе яго душэўнага адчаю ўвасоблена дамінуючая ідэя твора: паводле слушнай заўвагі Д. Бугаёва, "так падкрэсліваецца гуманістычная думка пра вялікую каштоўнасць чалавечага жыцця, пра тое, як асцярожна трэба распараджацца жыццём іншых. У гэтай думцы заключаны галоўны маральна-этычны сэнс твора, звернуты, як заўсёды ў Васіля Быкава, да сучаснасці, да нашых дзён".
   Сорак год Агееў нёс крыж свайго мінулага, рабіў усё магчымае, каб даведацца хоць штосьці пра лёс Марыі. Кволая надзея, што дзяўчына ўратавалася, засталася жывой, не пакідае героя. Але нідзе не засталося пра яе ніякіх звестак, ніводнага сведкі, ніводнай нітачкі, якая магла б прывесці да адказу. Засталося адзінае — раскопваць той самы кар'ер, дзе расстрэльвалі тады мясцовых падпольшчыкаў, знайсці парэшткі Марыі ці ўпэўніцца ў іх адсутнасці. Як пясок з кар'еру, што прасейваецца скрозь пальцы, прасейвае Агееў па драбніцы сваю памяць.
Ідэйнае і стылёвае адзінства мастацкай задумы рамана выяўляецца ў канцэптуальнай цэласнасці сюжэта, дзе цэментуючым ядром з'яўляюцца ўспаміны героя. Яны выклікаюць шырокі дыяпазон пачуццяў, то выпраменьваючы ў душы святло і цеплыню, то вымушаючы скаланацца ад нянавісці. З глыбокай удзячнасцю і спагадай згадвае герой Варвару Бараноўскую, якая калісьці дала яму прытулак, выходжвала і даглядала як роднага сына. Даведаўшыся пра лёс гэтай жанчыны, былой пападдзі, Агееў тады многае пераасэнсаваў у сваіх поглядах. Яна шчыра расказвала яму, праз якія выпрабаванні давялося прайсці яе сям'і: мужу, айцу Кірылу -адукаванаму, сумленнаму чалавеку; сыну, з якім вымушана была разлучыцца, каб даць яму магчымасць атрымаць адукацыю, прафесію. Ва ўсе часы, падкрэслівала Бараноўская, светам кіравала людская дабрыня. "Ведаеце, — прызнаецца яна Агееву, — мы былі абдзелены ў нашым жыцці дабрынёй, можа быць, таму так даражылі яе малою рэштай, якая нам дасталася. І якой мы стараліся надзяліць іншых. Тым больш для харошых людзей. Каторым яна патрэбна". Варвара Бараноўская ўсім сваім лёсам даказвае, што пры любых абставінах застаецца вернай свайму перакананню. У гэтым вобразе В. Быкаў тыпізаваў той самы "непрыкметны гераізм", на якім трымаліся і партызанская барацьба, і падпольшчыцкая дзейнасць. Мэтазгодна падкрэсліць, што пры гэтым пісьменнік матываваў дзеянні Варвары Бараноўскай хрысціянскімі перакананнямі і звычайнай чалавечай міласэрнасцю, надзяліўшы гераіню выразнай індывідуальнасцю.
   Заслугоўваюць увагі і вобразы падпольшчыкаў, у кола якіх уваходзяць прадстаўнікі розных сацыяльных і ўзроставых груп. З глыбокай скрухай успамінае Агееў іх, таварышаў па няшчасці, побач з якімі сорак год таму давялося стаяць на ўскрайку кар'ера... Перад вачыма паўстае Кіслякоў, малады хлопец, амаль падлетак, які, скалечаны паліцаямі, не вытрымаў пакут і выдаў Малаковіча. Апраўдваючы свайго пляменніка, станцыйны счэпшчык Зыль тады тлумачыў: "Яны яго білі, так білі, я чуў. Яны яму, ну... палавы орган абцасам раструшчылі". Згадваецца і сам Малаковіч, вайсковец, які ледзьве стрымліваў шалёны гнеў ад недарэчнага правалу. Успамінае Агееў, як быў уражаны, калі даведаўся, што пад знешнасцю ціхмянага вяскоўца Зыля хаваецца сапраўдны герой, які перад смерцю пераможна выкрыквае ў твар Драздзенкі, што ён, Зыль, сапраўды паліў на станцыі вагоны: "Не дванаццаць, начальнік! Семнаццаць! Семнаццаць вагонаў спаліў! Хай там запішуць — семнаццаць.".
   Верагодна, пазбягаючы прыблізнай, недакладнай характарыстыкі таго ці іншага вобраза, Васіль Быкаў часам дазваляе чытачу некаторых персанажаў "дадумаць", тым самым пакідаючы прастору для рэфлексіі наконт згубнасці прыстасавання пад абставіны, што спараджае карозію слабой асобы. Без асаблівай падрабязнасці пісьменнік характарызуе вобразы паліцаяў, не засяроджваючы ўвагу на тым, які шлях прывёў іх да маральнай дэградацыі, да поўнай страты чалавечага аблічча. Агідай і нянавісцю перапаўняецца душа Агеева, калі згадвае ён тых нелюдзяў, што, шчыруючы перад фашыстамі, калечылі і нішчылі суайчыннікаў. Тут асноўная роля адводзіцца мясцоваму начальніку паліцыі Драздзенку, былому савецкаму вайскоўцу, які хутка пераарыентаваўся ў сваіх прыхільнасцях. Выслужваючыся перад фашыстамі, Драздзенка дэманструе сапраўдны запал, дасціпную садысцкую вынаходлівасць. Зусім па-іншаму дзейнічае Кавешка, паплечнік Драздзенкі. Адрознасць гэтых персанажаў нібыта падкрэслівае агульную размаітасць здраднікаў, якія здольныя прыстасавацца да любога рэжыму, здольныя да любой подласці, абы ўратавацца самім. Самотна разважае Кавешка аб "няшчасным лёсе беларусінаў", якія на працягу ўсёй сваёй гісторыі "цягалі каштаны з агню для чужых інтарэсаў". Вельмі дакладна ён выяўляе сваю пазіцыю, калі Агееў задае яму прамое пытанне: "А вы для каго цягаеце? Гэтыя каштаны?" Кавешка без ценю няёмкасці адказвае: "Гэта праўда. І я цягаю. Што рабіць, такая гістарычная заканамернасць. Але я з той хіба розніцай, што ўзнагародаю мне будзе жыццё, а вам, здаецца, смерць".
   Раман прасякнуты моцным гуманістычным пафасам, ён магутна ўплывае на чытача праз кантрасныя супастаўленні жыццёвых процілегласцяў: дабро — зло, гераізм — подласць, мужнасць — баязлівасць... Героі, у залежнасці ад сваіх жыццёвых перакананняў, выбіраюць і да чаго схіліцца, і якім шляхам пайсці... І прымушаюць думаць пра гэта чытача.
   Асобная падзейная лінія ў рамане прысвечана Сямёну Сямёнаву, былому франтавіку, з якім Агееў знаёміцца ў час раскопак кар'ера. Гісторыю свайго пакручастага жыццёвага шляху Сямёнаў каменціруе будзённа, ледзь не з гумарам: "Дзе я толькі не быў! У паліцыі, у парцізанах. У палоне быў. І ў арміі. Да Віслы дайшоў... Шчытай, на тым свеце пабыў". Несумненна, у гэтым персанажы Васіль Быкаў увасабляе "сапраўднага трудзягу вайны", які насамрэч пабываў у самым яе пекле. На службу ў паліцыю Сямёнаў патрапіў толькі дзеля таго, каб разжыцца зброяй, без якой не бралі ў партызаны. Пісьменнік падкрэслівае, што толькі той, хто сам прайшоў праз гэтае пекла, здольны да канца зразумець таварыша па няшчасці, так, як разумее Сямёнава Агееў. Сам Агееў не змог нават з уласным сынам знайсці гэтага паразумення, падзяліцца тым цяжарам, які нёс у душы ўсё пасляваеннае жыццё. Сямёнаў жа сваёй непадкупнай шчырасцю, будзённасцю аповеду здолеў закрануць за жывое і Аркадзя, абудзіць у яго пэўную цікавасць. Невыпадкова Агееў заўважае: "...вялікая гэта справа — чалавечая адкрытасць, праўдзівая споведзь без грама разліку, жадання падаць сябе лепшым, чым ёсць на самай справе, — якасць, якая сустракаецца цяпер не так часта". Вобраз Сямёнава ў вялікай ступені персаніфікуе жывую сувязь паміж мінулым і сучасным, "матэрыялізуе" ўладу абставінаў і выпадковасцей у чалавечым лёсе.
   Фінал твора вырашаны пісьменнікам з традыцыйнай, але ізноў нечаканай бескампраміснасцю. На месцы кар'ера плануецца новабудоўля, неўзабаве бульдозеры распачынаюць сваю працу... "Яны працавалі і ноччу, закопвалі кар'ер — кар'ер яго памяці, раўнялі абрывы ягоных трывог, выбоіны яго памылак, назаўжды сціраючы іх з ягонага жыцця...". Драматычны паказ эмацыянальнага стану Агеева ў фінале рамана, яго роспачны плач — грандыёзнае па сваёй эмацыянальнай магутнасці выяўленне трагедыі асобы. Агееў аплаквае і сваю "скрываўленую маладосць", і свой лёс, і тую, што "была паслана яму для шчасця, а не для збавення". Ён разумее, што канчаткова страціў надзею.
   Што ж, і ў рамане "Кар'ер" В. Быкаў застаўся верным сабе, сваёй тэме, свайму таленту. Асэнсоўваючы мінулае, ён думае пра будучыню. Сваім мастацкім словам ён будзіць чалавечае сумленне, вымушае сучасніка заглянуць у глыбокія кар'еры гісторыі, памяці, прыслухацца да тэктанічных зрухаў у жыцці нацыі.

Похожие статьи:

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Жураўліны крык

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Пайсці і не вярнуцца

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Аблава

Васіль БыкаўАблава. Трагедыя Хведара Роўбы і яго сям'і

Васіль БыкаўВасіль Быкаў - Сотнікаў