Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эліпс

   Эліпс (эліпсіс) (грэч. ellepsis — пропуск, недастача) — пропуск нейкага слова, якое лёгка ўзнаўляецца з кантэксту. Напрыклад:

 

Яна рукаўком — слёзы ручайком,
Яна рукою — слёзы ракою.

 

   У гэтых радках з народнай песні прапушчаны выказнік махне. У наступным прыкладзе з верша Уладзіміра Дубоўкі «Дождж у Мазыры» працяжнікі замяняюць выказнік плывуць:

Павольна, ціха над зямлёй,
нібы валы, бліжэюць хмары.
Дзе — чарадой, дзе — грамадой,
дзе — падабраныя да пары.


   У паэтычным выказванні можа быць прапушчаны назоўнік:

 

І за бітвамі навальнічнымі
Чалавецтва
Ізноўку ў баю:
Навуковая і тэхнічная [рэвалюцыі]
Скаланулі планету маю.
(Пімен Панчанка. «Агрызаецца, ды звужаецца»)

Вы зразумейце правільна:
Я не за тое, не,
каб падстаўлялася правая [шчака],
калі хто па левай б’е.
(Анатоль Вярцінскі)


   Эліпс — адзін з відаў недасказа. Ён дапамагае перадаць узрушаны душэўны стан паэта, дынамізм, напружанасць дзеяння і г. д. Да эліпсу адносяцца таксама сінтаксічныя канструкцыі, у якіх выказнік выражаецца дзеяслоўна-выклічнікавым словам:

 

Тут паненка распусціла у руках індычы хвост,
Памахала, пакруціла і ўраніла на памост.
Паніч крута павярнуўся: брык! — падскочыў, цап! —

     узяў,

Напярод дугой сагнуўся ды паненцы — тыц! — падаў.
Тады яна кіў галоўкай і паніч ёй кіў назад,
Шапярнулі са два слоўкі,— шлёп! і сеў тут з ёй у рад.
(Фелікс Тапчэўскі. «Вечарынка»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.