Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Трагедыя

   Трагедыя (гр. tragoedia, літар. казліная песня) — адзін з відаў драмы, заснаваны ня непрымірымым, трагічным канфлікце паміж моцнай высакароднай асобай і абставінамі, якія не даюць мажлівасці ажыццявіць яе намеры. Трагедыя як правіла заканчваецца гібеллю галоўнага героя (герояў).
   Зарадзіўшыся ў Старажытнай Грэцыі (творы Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда), сваёй дасканаласці дасягнула ў творчасці Шэкспіра ("Кароль Лір", "Рамэа і Джульета", "Атэла", "Гамлет"). Узоры рускай трагедыі — "Барыс Гадуноў" А. Пушкіна, "Навальніца" А. Астроўскага, "Смерць Івана Жахлівага" А. К. Талстога.
   У беларускай літаратуры першыя трагедыі стварыў Янка Купала — філасофскую "Сон на кургане", сацыяльна-бытавую "Раскіданае гняздо". Пасля яго да трагедыі звярталіся К. Губарэвіч ("Брэсцкая крэпасць"), Уладзімір Караткевіч ("Кастусь Каліноўскі", "Маці ўрагану"), Васіль Быкаў ("Апошні шанц"), Алесь Петрашкевіч ("Гора і слава"), Аляксей Дудараў ("Князь Вітаўт"). Часам у драматычных творах трагічныя калізіі спалучаюцца з камічным іх асэнсаваннем ("Трыбунал", "Пагарэльцы" Андрэя Макаёнка) або камедыйныя калізіі заканчваюцца трагічным фіналам ("Тутэйшыя" Янкі Купалы, "Зацюканы апостал" Андрэя Макаёнка). Жанр такіх твораў вызначаюць як трагікамедыю.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.