Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Рыторыка

   Рыторыка, красамоўства (гр. rhetorike) – навука аб аратарскім мастацтве. Узнікла ў Грэцыі ў V ст. да н. э. Тагачасныя буйнейшыя тэарэтыкі рыторыкі – Арыстоцель, Цыцэрон, Квінтыліян. У антычнасці рыторыка арыентавалася на судовыя і парадныя прамовы, у сярэднія вякі – на сачыненне пісем і царкоўных казанняў, у эпоху Адраджэння і класіцызму – галоўным чынам на мастацкую прозу. Аказала ўплыў на аратарскую прозу, палемічную літаратуру. На Беларусі ў ХVІ–ХVІІІ стст. рыторыка вывучалася ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, у тым ліку ў брацкіх, езуіцкіх і уніяцкіх школах. Сярод беларускіх тэарэтыкаў рыторыкі таго часу – М. К. Сарбеўскі, К. Каяловіч, М. Цяцерскі, К. Нарбут і інш.
   Традыцыйна рыторыка займалася празаічным спосабам выкладу думак, паэтыка – паэтычным. Пазней (у перыяд рамантызму і крытычнага рэалізму) рыторыка набыла іранічны сэнс і стала ўспрымацца як малазмястоўная напышлівая мова.
   У наш час рыторыка адраджаецца як тэорыя красамоўства з асноўнымі мэтамі – пераканаць, усхваляваць слухача, прынесці яму эстэтычную асалоду. Пры гэтым рыторыка ўлічвае функцыі і экстралінгвістычныя фактары маўлення, звяртаецца да розных стылістычных прыёмаў (гл. стылістычныя фігуры), рытарычных фігур. Сярод апошніх вылучаюцца рытарычнае пытанне (яно не патрабуе адказу, нясе ў сябе сцвярджэнне: "Ці ж мы, хлопцы, рук не маем?// Ці ж нам сілы Бог не даў?" - Якуб Колас, "Беларусам"), рытарычны зваротак (ён не прадугледжвае нейкага канкрэтнага адрасата: "Ой, сястронкі, ой, вясковы, // Ой, вы кветкі прызавяты!"– Цётка, "Вясковым кабетам"), рытарычны вокліч ("А якія месцы тут навокал,// І жывуць якія людзі тут!"- М. Аўрамчык, "Плёсы").

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.