Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Манарыфма

   Манарыфма (ад грэч. monos – адзін і rhythmos – суразмернасць) – рыфма, якая спалучае ўсе радкі вершаванага твора. Верш, напісаны манарыфмай, называецца манарымам.
   Вось манарыфма ў вершы Пімена Панчанкі часу Вялікай Айчыннай вайны «Чаго баіцца немец?»:

 

Ці не бачылі вы фрыца,
Што ўсяго цяпер баіцца?
Ён баіцца ў лазні мыцца:
Вельмі лёгка абварыцца,
І ў цырульніка галіцца –
Можа з горла кроў паліцца.
А падыдзе да крыніцы,
Не адважыцца напіцца,
Каб насмерць не атруціцца.
Хоча ў сена ён зарыцца,
Толькі страшна – загарыцца.
І у хаце кепска спіцца –
Партызан заўсёды сніцца.
Бруха ў гада разбаліцца,
Ён да ветру не і мчыцца,
А падыме паўмасніцы
І паскудзіць чужаніца.
Ды за ўсё страшней для фрыца
Нашых залпаў бліскавіцы...
Трэба, хлопцы, згаварыцца,
З акупантам разлічыцца
І зрабіць яму капут.
 

   Апошні радок у гэтым вершы – халасты. Манарыфма, якая надзвычай абвастрыла рыфмовае чаканне, раптам «спатыкаецца» на слове незарыфмаваным. Гэты паэтычны прыём дазволіў Пімену Панчанку выразна вылучыць слова капут, падкрэсліўшы тым самым галоўную думку верша.

Похожие статьи:

ММанарым

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.