Летапіс - від старажытнай мемуарнай літаратуры, у якім запіс дакладных звестак пра пэўныя падзеі, сведкам якіх быў летапісец, спалучаўся з літаратурна апрацаванымі паданнямі пра падзеі ранейшыя, мінулыя. Такая ўласцівасць летапісу родніць яго з мастацкай літаратурай, яе гісторыка - дакументальным жанрам.
Самыя раннія беларускія летапісы (XІІ - XІV ст. ), у тым ліку Полацкі летапіс, не захаваліся. Вядомыя летапісы XV - XVІІ ст. - "Летапісец вялікіх князёў літоўскіх", "Беларуска-літоўскі летапіс 1446", "Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага", "Хроніка Быхаўца", "Летапіс Аўраамкі", "Радзівілаўскі летапіс", "Баркулабаўская хроніка", "Магілёўская хроніка" і інш.
Спалучаючы ў сабе дакументальнае і выдуманае, рэальнае і легендарнае, летапісы аказалі ўздзеянне на развіццё мастацкай прозы, абумовіўшы нараджэнне такіх яе формаў, як дзённікі ("Дыярыуш" Афанасія Філіповіча), гістарычныя хронікі ("Гістарычныя запіскі" Ф. Еўлашоўскага).
Вобраз летапісца знайшоў адбітак у новай беларускай літаратуры ("Летапісец" Максіма Багдановіча). Сам жа стыль летапісу (хранікальнасць, дакументальнасць, канкрэтнасць звестак, дэталяў і гэтак далей) часам спецыяльна наследуецца ("Дыярыуш Мацея Белановіча" Барыса Сачанкі). Аднак найчасцей летапісы уплываюць на сучасную прозу апасродкавана, прадвызначаюць яе мемуарна-дакументальны характар ("Запіскі Самсона Самасуя" Андрэя Мрыя, "У кіпцюрах ГПУ" Францішка Аляхновіча, "Споведзь" Ларысы Геніюш і інш.).
Похожие статьи:
Іншае → Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.
Сачыненні → Беларуска-літоўскае летапісанне
Іншае → Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх