Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Летапісец вялікіх князёў Літоўскіх

   Летапіс прысвячаецца палітычнай гісторыі Літвы, Беларусі і Украіны. Ён ахоплівае падзеі з дня смерці князя Гедзіміна (1341) і да канца XIV ст.

   Першая палова «Летапісца...» ўяўляе сабой гістарычную аповесць, у якой аўтар апавядае пра лютую, поўную драматызму барацьбу за ўладу ў ВКЛ, якая разгарэлася пасля смерці Альгерда Гедзімінавіча паміж яго братам Кейстутам і сынам Ягайлам. Баючыся канкурэнцыі з боку дзядзькі, які меў велізарны палітычны ўплыў у дзяржаве, быў магутным, рашучым і мудрым, і жадаючы стаць адзінаасобным дзяржаўцам, Ягайла замысліў пазбавіць яго ўлады. Аднак Кейстута своечасова папярэдзілі пра вераломны план пляменніка, і Кейстут палоніць яго, але потым велікадушна адпускае. У хуткім часе Ягайла, скарыстаўшы часовую адсутнасць Кейстута ў сталіцы, вяртае сабе велікакняскі прастол. Барацьба разгараецца з новай сілай, і толькі бітва можа вырашыць спрэчку. Бітва набліжаецца.

   Але ў самы крытычны і вырашальны момант Ягайла пасылае да Кейстута і яго сына Вітаўта ганца з прапановай мірна ўрэгуляваць дынастычную спрэчку. Тыя прымаюць прапанову праціўніка і, верачы ў яго добрыя намеры, едуць у лагер Ягайлы. Апісанне падзей у «Летапісцы» дасягае найвышэйшага напружання. Чытач, прадчуваючы нядобрае, перажывае разам з героямі і з хваляваннем чакае развязкі. і развязка тая трагічная: князі былі схоплены і кінуты ў Крэўскі замак, дзе па загадзе Ягайлы Кейстут быў задушаны. Вітаўт жа, пераапрануўшыся ў жаночае адзенне, здолеў уцячы ў Прусію да крыжакоў.  

   Летапіс цікавы і як факт белетрыстыкі: у ім амаль з дакументальнай дакладнасцю, лаканічна, дынамічна і выразна апісваюцца драматычныя падзеі. Аўтар па-майстэрску карыстаецца простай мовай, чым дасягае рэалізму. Пазіцыя аўтара «Летапісца» відавочная: сімпатыі яго цалкам на баку Кейстута і Вітаўта, якія паказаны як сумленныя рыцары, а вераломны і няўдзячны Ягайла як іx антыпод.  

   Другая частка «Летапісца...» не мае такой цэласнасці і завершанасці, як папярэдняя. Яна ўяўляе шэраг асобных апавяданняў пра разнастайныя надзеі: пра жаніцьбу і каранацыю ў Кракаве Ягайлы; пра бітву літоўскіх князёў са смаленскімі пад Мсціславам; пра жаніцьбу маскоўскага князя Васілія Дзмітравіча з дачкой Вітаўта Соф'яй; пра загадкавую смерць у Кіеве «чюдного, доброго» князя Скіргайлы. Галоўным героем аповеду з'яўляецца Вітаўт, які пасля гвалтоўнай смерці свайго бацькі робіць шматлікія спробы дасягнуць запаветнай мэты - вялікакняскага прастола ў Вільні. У жорсткай канкурэнцыі Вітаўт нарэшце дамагаецца свайго: у 1392 г. ён становіцца вялікім князем. Ягайла ў выніку жаніцьбы з польскай каралевай Ядзвігай стаў польскім каралём у 1386 г. і ў 1392 г. вымушаны быў перадаць стрыечнаму брату вярхоўную ўладу ў ВКЛ.  

   Апісанне актыўнай дзейнасці Вітаўта ў першыя гады яго княжання ў ВКЛ — асноўны змест заключных старонак «Летапісца...». Вітаўт выступае супраць удзельных князёў Карыбута і Свідрыгайлы, што часова ўмацаваліся ў Новагародку і Віцебску, ідзе на Кіеў, Смаленск, Падолле, далучае ўкраінскія землі, пашырае межы дзяржавы і  ўмацоўвае яе.

   Як літаратурны помнік «Летапісец...» асабліва цікавы ярка акрэсленай аўтарскай пазіцыяй, якая найбольш выяўлена ў другой частцы пры апісанні бітвы князёў ВКЛ са смаленскімі пад Мсціславам (1386). Аўтар стварае жудасную карціну расправы смаленскага князя Святаслава над мясцовым людам: адзін людзей «збираху и запираху во избах и зажигаху, а другия великия храмы очапы поднимаху и пленников под стены главами кладяху, а иныя жены и дети на колье тыкаху, а иных мук над християны их же срама ради не писахом». Таму выступление літоўскіх князёў супраць Святаслава, на думку аўтара, — пабожная справа, а паражэнне смаленскіх войскаў — справядлівая расплата за ўчыненае супраць адзінаверцаў, Божая кара. Відавочнае імкненне аўтара апраўдаць палітыку Вітаўта ў дачыненні да Смаленскага княства, абгрунтаваць правамернасць яго далучэння да ВКЛ.  

   Той жа думкай прасякнута, тая ж пазіцыя выяўлена і ў «Аповесці пра Падолле», якая была пазней уключана ў «Лeтaпісец...» і стала яго заключнай часткай. Паводле сцверджання летапісца, гэтую ўкраінскую зямлю пасля вызвалення яе князем Альгердам ад татара-мангольскага іга таксама абаранілі, далучыўшы яе да ВКЛ у канцы XIV ст. Прычым Падолле, падкрэслівае аўтар, Вітаўт «добыл литовскими силами, а никто ему ни с которых сторон не помогал». Пасля яго смерці заходняя частка Падольскай зямлі была анексавана польскімі феадаламі, пра што беларускі храніст апавядае з непрыхаваным абурэннем. Відавочна, што аповесць узнікла ў асяродку патрыятычна настроенай часткі беларускіх феадалаў, якія цвёрда стаялі на пазіцыі дзяржаўных інтарэсаў ВКЛ.  

   «Летапісец...» — новы этап у развіцці айчыннага летапісання, у станаўленні беларускай белетрыстыкі старажытнай пары. Відавочны ўплыў гэтага твора і на сучасную літаратуру. З вялікім поспехам на сцэне Купалаўскага тэатра ідзе спектакль па п'есе Аляксея Дударава «Князь Вітаўт», і рэмінісцэнцыі з гэтага летапісу ў п'есе таксама відавочныя.

Похожие статьи:

СачыненніБеларуска-літоўскае летапісанне

ІншаеХроніка Вялікага княства Літоўскага i Жамойцкага

ЛЛетапіс

ІншаеБеларуска-літоўскі летапіс 1446 г.