Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Двухмоўе

   Двухмоўе - выкарыстанне пісьменнікам у сваёй творчасці двух, звычайна роднасных, моў.
   Наяўнасць двухмоўя ў літаратуры прадвызначаецца не толькі ступенню аўтарскага валодання мовамі, але і здольнасцю чытача ўспрымаць гэтыя мовы - чытацкім двухмоўем (білінгвізмам). У беларускай літаратуры XIX стагоддзя існавала цэлая кагорта так званых беларуска-польскіх пісьменнікаў, якія свае творы пісалі на польскай і беларускай мовах (Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Аляксандр Рыпінскі, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэсь Каратынскі і іншыя).
   Двухмоўе, але ўжо беларуска-рускае, характэрна і для беларускай літаратуры ХХ ст. Прычым, як правіла, гэтае двухмоўе асіметрычнае і часцей за ўсё асінхроннае: пісьменнікі другой мовай карыстаюцца значна радзей, чым першай, і пераважна ў нейкіх асобных жанрах, або пачынаюць сваю творчасць на адной мове, а праз некаторы час пераходзяць на другую. Яскравыя прыклады двухмоўя знаходзім у Максіма Багдановіча (асобныя свае празаічныя і крытыка-публіцыстычныя творы пісаў па-руску), Алеся Адамовіча (раманы і аповесці пісаў па-руску, крытычныя і публіцыстычныя творы - па-беларуску), Леаніда Дайнекі, Віктара Казько, С. Тарасава, І. Ласкова ( усе яны пачыналі сваю творчасць на рускай мове, затым перайшлі на беларускую) і інш.
   Паэт і перакладчык В. Тарас да 80-х гг. друкаваў вершаваныя і празаічныя творы на рускай мове, затым выдаў кнігу паэзіі "Две тетради" (1982), у якой першая палова ("Русская тетрадь") - творы на рускай мове, а другая ("Беларускі сшытак") - на беларускай. Нарэшце з'явіліся яго кнігі вершаў "Пазіцыя" (1987) і "Колеры" (1995), цалкам напісаныя на беларускай мове. Харкаўская паэтэса М. Львовіч выдала паэтычныя кніжкі "Цяпельца - Вогник" (1995) і "У зязюльчыным барку" - "У зозульчинім у борку" (2002), дзе адны і тыя ж вершы пададзены як ва ўкраінскім, так і ў беларускім гучанні.
   Беларускія літаратары сучаснай Польшчы (А. Баршчэўскі, С. Яновіч, Я. Чыкін і інш.) шырока выкарыстоўваюць у сваёй творчасці і польскую мову.
   Падчас двухмоўе выяўляецца ў выкарыстанні двух моў у адным і тым жа творы. Так, асобныя персанажы з простага народа ў сярэдневяковых беларускіх інтэрмедыях і камедыях, напісаных на польскай мове, карысталіся мовай беларускай. У п'есе Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Ідылія" паны гавораць па-польску, а сяляне, часам паненка Юлія і камісар - па-беларуску.
   У гісторыі літаратуры, у тым ліку беларускай, сустракаюцца выпадкі карыстання літаратарамі трыма і больш мовамі. У прыватнасці, трохмоўным пісьменнікам быў Янка Лучына: пісаў творы (у тым ліку паэтычныя) на беларускай, польскай і часткова рускай мовах. Творчасць двухмоўных (шматмоўных) пісьменнікаў належыць тым народам, на мовах якіх пішуць; яны ўвасабляюць сабой з'яву, якую можна назваць бікультурнасцю. Аднак літаратурны вопыт сведчаць, што найпаўней і найарыгінальней такія пісьменнікі выяўляюцца як творцы толькі на мове роднага народа.