Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бяззлучнікавасць

   Бяззлучнікавасць (асіндэтон) (ад грэч. asyndeton — нязвязанае) — стылістычны прыём, сутнасць якога заключаецца ў неўжыванні злучнікаў паміж граматычна аднароднымі словамі і сказамі. Гэта надае выказванню сцісласць, дапамагае перадаць хуткую змену з’яў і падзей, ахапіць большую іх колькасць на абмежаванай плошчы вершаванага твора. Напрыклад:

 

О вясна! Таполі! Свеце мілы!
Сонцанімб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
(Уладзімір Караткевіч)

Мама. Радзіма. Мова.
Злітнасць. Сугучнасць. Выток.
І не забыць мне высноваў.
І не закрэсліць радок.
(В. Аколава. «...Мары. Матуля. Мова»)


   У вядомай паэме Аркадзя Куляшова «Сцяг брыгады» бяззлучнікавасць дапамагае выявіць імклівасць бегу Алеся Рыбкі, перад вачамі якога мільгаюць:

Хата.
Хата.
Яшчэ адна хата.
Ганак ваенкамата.


   У вершы Анатоля Вярцінскага «...Мужчына. Жанчына. Чаканне» бяззлучнікавасць з’явілася асноўным мастацкім прыёмам, што дазволіў своеасабліва перадаць дыялектыку ўзаемадачыненняў двух людзей — Мужчыны і Жанчыны:

 

Мужчына. Жанчына. Чаканне.
Шуканне. Блуканне. Час.
Жанчына. Мужчына. Спатканне.
Вітанне. Пытанне. Адказ.
Мужчына. Жанчына. Дыханне.
Сэрцабіццё. Забыццё.
Жанчына. Мужчына. Каханне.
Мужчына. Жанчына. Жыццё.


   У вершы Пімена Панчанкі «Схема жыцця» бяззлучнікавасць дазволіла ўсяго ў 8-і строфах перадаць дыялектыку доўгага чалавечага жыцця. Вось пачатак гэтага верша:

Робім да стомы. Цягнемся. Марым.
Век здаганяем. Героямі ходзім.
Ззяем, як сонца. Чарнеем, як хмары.
Нешта губляем. Нешта знаходзім.

Моцна кахаем. Ад шчасця заходзімся.
Рады, як чэрці. Як людзі, сумуем.
Сварымся. Мірымся. І разыходзімся.
Дзён не хапае. Тыдні марнуем.


   Прыём, супрацьлеглы бяззлучнікавасці, — шматзлучнікавасць.