Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шматзлучнікавасць

   Шматзлучнікавасць (полісіндэтон) (ад грэч. poly — шмат і syndeton — звязанае) — стылістычны прыём, сутнасць якога — у выкарыстанні адных і тых жа злучнікаў паміж аднароднымі словамі і сказамі. Ужываецца даволі часта ў фальклорных творах:

 

Як пан звозіў да сваё жытцо
У цёмныя гумны да з светлага поля,
Яно ў тарпе прылежыста,
А на таку прымалоціста,
А ў арудзе прысыпіста,
А ў млыне прымеліста,
А ў дзяжы падыходзіста,
А ў печы румяніста,
А на стале як сыр белы.


   Шматзлучнікавасць дапамагае звязаць аднародныя словы і сказы ў сінтаксічнае адзінства і разам з тым размежаваць іх паміж сабой. Яна запавольвае тэмп паэтычнага выказвання, надае яму ўзнёсласць:

 

Усё, што ёсць, і тое, што было,
Маімі спадарожнікамі будзьце —
І колеры, і гукі, і святло,
І думкі, і пачуцці.
(П. Марціновіч. «Заклінанне»)

Радзіма, радзіма,
хаціна і рэчка, —
То крыкам гусей, то пушком на вярбе,
То роднаю назвай чужога мястэчка
З любой пуцявіны завеш да сябе.
(I. Ласкоў. «... З Варшавы да Мінска ідзе электрычка»)


   Як стылістычны прыём шматзлучнікавасць супрацьстаіць бяззлучнікавасці.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.