Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аўтарская глухата

   Аўтарская глухата - не заўважаныя аўтарам стылёвыя або сэнсавыя недакладнасці ў тым ці іншым творы мастацкай літаратуры. Такія памылкі могуць узнікнуць не толькі ў выніку абыякавасці пісьменніка да сэнсу і гучання слова, а выпадкова - у працэсе захопленай, натхнёнай працы, калі развага адступае перад напалам паэтычных эмоцый. Менавіта таму вопытныя пісьменнікі і не здаюць твор адразу ў друк, а даюць яму магчымасць "вылежацца", каб потым нібы збоку глянуць на яго, ацаніць вартасці і выявіць магчымыя недахопы.

   Найбольш частае праяўленне аўтарскай глухаты - няправільнае ўжыванне слова. Такія памылкі сустракаюцца ў ранніх вершах У. Скарынкіна. "Зашмат на зямлі беларускай калыскі // Асілкаў, як ён, узрасцілі" ("Каваль") - тут, безумоўна, патрэбна слова "шмат". Вось што кажа лірычны герой паэта сваёй каханай перад растаннем, яўна зніжаючы лірычны малюнак: "Ты не кажы прыгожых слоў, // Не сакачы замнога"("Перад адлётам"). У іншым вершы аўтар прызнаецца ў любві да Радзімы, сцвярджаючы, што любіць яе "І зімою - звонкагалосую, // І вясною - проставалосую"(?!) ("Радзіме"). Часам у паэзіі здараюцца памылкі сэнсавага характару. Так, напрыклад, у А. Сербантовіча "Галілея манахі паляць на кастры" ("Галілей"). На самай жа справе, Галілей на вогнішчы святой інквізіцыі не гарэў, бо пад пагрозай смерці ён адмовіўся ад сваіх поглядаў, а спалены быў Джардана Бруна. Лірычны герой П. Марціновіча "круглы год грыбніцы сніў' ("...Як у эфір, выходжу ў бор"). Відаць, сніў ён не грыбніцы, а грыбы, грыбныя нерушы, бо грыбніца (грыбная плесень) - не толькі з'ява не надта эстэтычная, але і настолькі схаваная ў зямлю, што яе нельга бачыць, ідучы па лесе.

   З аўтарскай глухатой можна і патрэбна змагацца як самім пісьменнікам, так і літаратурнай крытыцы.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.