Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
"Я – Свядомасць..." (паэзія Алеся Разанава)
Не вернецца воін,
вандроўнік не вернецца.
вернецца сейбіт...
Заўсёды вяртаецца сейбіт.
А. Разанаў
Творчасць Алеся Разанава як прадстаўніка інтэлектуальнай паэзіі вось ужо чвэрць стагоддзя ўяўляе сабой эксперымент, у якім арганічна спалучыліся традыцыяналізм і наватарства. Паэзія мэтра радка і слова – гэта не столькі прадаўжэнне і развіццё традыцый Я. Купалы і М. Багдановіча, не столькі схематычны перанос на нацыянальную глебу заходнееўрапейскага мадэрнізму і авангардызму, колькі ўзор сінкрэтычнага мастацкага мыслення, дзе цесна знітаваліся разнастайныя кірункі і стылі і ўласная манера паэта.
Паэзія Алеся Разанава ўражвае сваёй неардынарнасцю, вобразнай асацыятыўнасцю, метафарычнасцю. Ён аўтар зборнікаў "Адраджэнне", "Назаўжды", "Каардынаты быцця", "Шлях-360", "Вастрыё стралы", "У горадзе валадарыць Рагвалод", "Паляванне ў райскай даліне". У творах паэта, якія патрабуюць не аднаго прачытання, – філасофская змястоўнасць, ускладненасць думкі, шматлікія сэнсы, нюансы і алюзіі, спрадвечныя пытанні быцця і рэчаіснасці:
Няўжо рэчаіснасць – толькі
дрэвы і небасхіл,
замкнёныя кругазваротам?..
І сцежкі людскія замкнёны,
і парыванні таксама...
Лірычны герой А. Разанава ўзнімаецца над будзённым, звычайным і аднастайным, заклікае людзей абудзіцца ад раўнадушша і абыякавасці, якія ў нашы дні раўназначны забыццю і смерці:
Не спіце...
Працінае нябёсы твой голас...
Галасы мёртвых зор...
галасы мёртвых вёсак...
і крывавых адбіткаў нашых –
сярод голасу галасы,
аб’яўляйце,
тлумачце,
даводзьце
з таго боку зямной раўнавагі,
як губляецца раўнавага!..
Не дазвольце, каб суд наш і ўчынкі
апярэджвалі нас,
абмяжуйце
валадарства наша,
паўстаньце
вартавымі на нашай дарозе.
Паэзія А. Разанава вылучаецца гукавымі асацыяцыямі, разбурэннем многіх традыцыйных форм і канонаў, дзёрзкай эксперыментальнасцю, сінтэзам вершаў і прозы авангардысцкага кірунку. Ён увёў у беларускую літаратуру версэты, квантэмы, вершаказы, пункціры, зномы. У іх асабістае "я" паэта як бы праламляецца праз "каардынаты быцця і асобы", героі пазбаўлены канкрэтных чалавечых рысаў:
Я – свядомасць,
я – цела,
я – свет,
у якім – гарызонтам шкельцы, –
гэта я,
ні аб’ект, ні суб’ект, проста я:
бог, вар’ят і пачвара.
Ёсць у А. Разанава і вершы, дзе не прысутнічае цьмянасць, незразумеласць і метафарычны сэнс зразумелы большасці чытачоў. Так, у вершы "Радзіма", "Паэме святла" і верлібры з яе "Час шукаць Радзіму" паэт спрабуе вызначыць інгрэдыенты складанага паняцця "Радзіма". З уласцівымі творцу медытацыямі і складанымі асацыяцыямі ў іх сцвярджаецца, што Радзіма – гэта непарыўная сувязь мінулага, сённяшняга і будучага, гэта праўдзівая гісторыя роднага краю, строгая адказнасць кожнага чалавека за лёс Айчыны, пакаянне за здзейсненыя памылкі. У творах пра гістарычных асоб (Рагнеду, Лазара Богшу, Каліноўскага, Багушэвіча) паэт не імкнецца ўзнавіць факты іх біяграфіі, а спрабуе асэнсаваць іх ролю і значэнне для беларусаў. У радзе выпадкаў аўтар перадае псіхалагічны стан герояў, якія стаяць перад маральным выбарам паміж жыццём і смерцю, сваімі і чужымі: Каліноўскі памірае на шыбеніцы, Вячка гіне на полі бітвы, Рагнеда адмаўляецца ад свецкага жыцця...
Галоўны тон у паэзіі А. Разанава – гэта чуйнае, засяроджанае ўслухоўванне ў "невядомага рытму струмень, невядомай галактыкі хвалю". Творы незвычайнага чалавека і зямныя, і касмічныя адначасова. У іх мноства зямных, прызначаных для чалавека, парад, рэкамендацый, формул-афарызмаў: "існуе знікаючы", "раскрыжаваныя ў целе, не чуем сябе, не бачым" ("Паэма выніку"); "час будаваць, вечнасць раструшчваць пабудаванае" ("Паэма святла"); "і ўсё менш ува мне мяне і ўсё больш бязмежжа" ("Бязмежжа").
З твораў А. Разанава паўстае сённяшні чалавек, які пакутуе ад нявырашанага пытання: "Кім я ёсць?" Ён шукае сваё імя і, незадаволены пошукамі, усклікае: "Я сам сабе не ведаю імёнаў... Я той, хто неназваны..." Паэт вучыць бачыць нябачнае, чуць нячутнае, заўважаць не толькі зямлю пад нагамі, але і далеч неба, кідаць погляд у іншыя вымярэнні, адчуваць усеабдымнасць, узаемную спалучанасць усяго існага:
І не хапае мне дня, каб усюды
паспець,
І не хапае начы, каб адусюль
вярнуцца,
І не хапае жыцця, каб жыць,
І, каб не жыць, не хапае смерці.
Алесь Разанаў знаходзіўся ў нязменным пошуку, гарэнні, прымушаў сваіх чытачоў зірнуць на свет іншымі вачыма. Яго творы ўзбагацілі беларускую літаратуру новымі формамі і жанрамі, тэмамі, філасофскім асэнсаваннем рэчаіснасці, уменнем раскрыць у слове яго патаемныя магчымасці. Па сваіх ідэйна-эстэтычных якасцях яны адпавядаюць лепшым узорам еўрапейскага і сусветнага паэтычнага мастацтва.
Похожие статьи:
Алесь Разанаў → Творчасць Алеся Разанава
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Рагнеда
Алесь Разанаў → Алесь Разанаў - Арышт Кастуся Каліноўскага