Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вершаказ

   Вершаказ — напісаная ў форме версэта паэтычная медытацыя, у аснове якой — роздум пра сутнасць нейкай рэчы, прадмета, з’явы. Галоўны мастацкі сродак, што арганізуе вершаказ, — паэтычная этымалогія.
   Па сутнасці, вершаказ уяўляе сабой разгорнуты этымалагізм паэтычны, у якім выяўляюцца падчас самыя нечаканыя асацыятыўныя сувязі паміж асобнымі словамі-паняццямі на аснове іх гукавога падабенства.
   Тэрмін уведзены ў літаратурную практыку Алесем Разанавым, які напісаў некалькі цыклаў вершаказаў. Вось адзін з яго вершаказаў — «Кудзеля»:


   Кудзеля кудлатая, нібы завея-кудаса.
   Яна існуе не сама па сабе, не сама для сябе, а — куды і дзеля: дзеля наступных радзюжак, дзяружак, абрусоў, ручнікоў, перацякаючы з прасніц на верацёны і матавілы, дзелячыся на ручаі прадзіва.
   Кудзеля — работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а «паслядзелак», і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.
   Калі дзіда — удзел мужчыны, то кудзеля — жанчыны, і, прадучы кудзелю, жанчына, услухоўваючыся ў гудзенне верацяна, перажывае ўсе згібы, змены, падзеі,«цудзеі» свайго жыцця і прадзе сваю «дзелю» — долю.