Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды"
Раман "Птушкі і гнёзды" не з’яўляецца лёгкім для чытання, бо ён расказвае пра жахлівыя і драматычныя падзеі, выпрабаванні, што выпалі на долю галоўнага героя Алеся Руневіча. Біяграфія героя амаль цалкам супадае з біяграфіяй самога Я. Брыля. Аднак пісьменнік не атаясамлівае сябе і героя рамана. Гэта твор пра цэлае пакаленне заходнебеларускай моладзі, пра тых, хто ў цяжкія для Бацькаўшчыны часы верылі ў перамогу над ворагам і рабілі ўсё для хуткага надыходу вызвалення. У. Калеснік называе гэту кнігу "інтэлектуальным раманам з уласцівай гэтаму жанру актыўнасцю духоўнай сферы".
Кінуты ў вір крывавых ваенных падзей, адарваны ад дому і родных, Руневіч шукае адказу на пытанне: хто ён такі – лісцік, сарваны ветрам з дрэва і занесены на чужыну, ці часцінка свайго народа? Алесь – юнак з заходнебеларускай вёскі Пасынкі – вымушаны служыць у польскім войску. Служба для яго – вымушаны абавязак, які, безумоўна, аказаў значны ўплыў на фарміраванне характару маладога чалавека, яго светапогляду. Калі на Польшчу напала фашысцкая Германія, Руневіч трапіў у палон, дзе за доўгія месяцы зведаў не толькі цяжкую фізічную працу, здзекі, кпіны, голад, але і душэўныя пакуты. Ён спрабуе знайсці адказ на пытанне, чаму нацыя, вядомая ўсяму свету выдатнымі філосафамі, пісьменнікамі, музыкантамі, дазволіла сфарміравацца фашызму з яго чалавеканенавісніцкай, забойчай філасофіяй. Руневіч з годнасцю праходзіць праз усе жыццёвыя выпрабаванні.
У сваім рамане Я. Брыль паказвае звярынае аблічча фашызму з таго боку, з якога гэтага не рабіў у нашай літаратуры ніхто. Ён паказвае, як нечалавечая ідэалогія фашызму і шалёная гебельсаўская прапаганда ачмурае нямецкага абывацеля, "вызваляе" яго ад усялякай адказнасці за злачынствы супраць чалавецтва. Алесю Руневічу не раз даводзілася выслухоўваць лухту розных нямецкіх паноў і падпанкаў аб звышчалавечнасці немцаў, аб неабходнасці пашырэння іх жыццёвай прасторы і закабалення астатніх народаў. Але ў Руневіча няма сляпой нянавісці да Германіі: ён вучыцца распазнаваць, дзе немец, а дзе – фашыст, дзе "вечнае, народнае", а дзе – вынік фашысцкай прапаганды. Адчуванне прыналежнасці да свайго народа, любоў да роднай зямлі – усё гэта дапамагае Алесю прайсці праз цяжкія жыццёвыя выпрабаванні і застацца чалавекам. Для яго непрымальная такая жывёльная філасофія, якую меў адзін з персанажаў рамана Цярэнь з-пад Ліды: "Дзе мне добра, там і маё". Алесь жа ведае, што яго месца там, дзе народ у крыві здабывае свабоду, змагаючыся з ворагам. Таму ён ні на хвіліну не пакідае думкі аб свабодзе. Нарэшце, з другой спробы яму удаецца ўцячы з палону. У эпілогу твора расказваецца аб партызанскай дзейнасці героя.
У рамане многа экскурсаў у мінулае, успамінаў пра сям’ю, сваякоў, блізкіх, многа светлых юнацкіх мар і жаданняў, дзе выяўляюцца духоўныя каштоўнасці галоўнага героя твора, яго гуманістычная прыгажосць. Жахлівай рэчаіснасці жыцця ў палоне Алесь супрацьпастаўляе ўспаміны і мары аб светлых днях маленства, аб сям’і, аб роднай прыродзе. Гэты прыём дазваляе аўтару стварыць фон рамана і канкрэтызаваць для чытача дарагое сэрцу галоўнага героя слова "Радзіма". Я. Брыль так вызначыў тэматыку свайго рамана:"Бурная маладосць майго пакалення, дні вайны, фашысцкі палон, партызанскія ночы".
Ідэя рамана алегарычна выяўляецца праз яго назву. Руневіч вярнуўся на Радзіму, дзе нарадзіўся, атрымаў выхаванне, спазнаў першыя жыццёвыя радасці. І калі птушак цягне ў свае гнёзды біялагічны інстынкт, то ў чалавека сувязь з Бацькаўшчынай мацнейшая: дзеля вяртання на Радзіму ён гатовы прайсці праз самыя цяжкія выпрабаванні, жыццёвыя ахвяры. Толькі тады яго можна назваць сапраўдным сынам сваёй Радзімы, свайго народа.
Похожие статьи:
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая
Янка Брыль → Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Янка Брыль → Янка Брыль - Сірочы хлеб
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча