Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Матывы трагізму ў драматычных паэмах Янкі Купалы "Адвечная песня" і "Сон на кургане"

   У драматычных паэмах Янкі Купалы "Адвечная песня" і "Сон на кургане" ў найбольш канцэнтраваным выглядзе выявіліся элементы трагічнага: трагедыя духоўна актыўнай і крытычна думаючай асобы, адчужэнне паміж героем і народам, супярэчлівы разлад мары з жыццём, жорсткасць рэчаіснасці, здольнай забіць у чалавеку ўсё чалавечае.
   Паэма "Адвечная песня" ў структурным плане складаецца з 12 раздзелаў-праяў, якія даволі поўна раскрываюць жыццё чалавека ад нараджэння да смерці. На хрэсьбіны сялянскага сына злятаюцца цені Жыцця, Долі, Бяды, Холаду і Голаду, якія даюць хлопчыку імя Мужык. Цень Жыцця прарочыць нованароджанаму, што ён стане царом прыроды:

Пад уладай сваёй будзе меці
Як ёсць усё чыста на свеце;

Ён будзе ўсіх чыста дужэй,
Ён будзе ўсіх чыста мудрэй.

І рэкі, і долы, і горы
Яго будуць слухаць з пакорай.

   На самой жа справе лёс чалавека склаўся інакш. Мужык становіцца не царом, а пакутнікам, ахвярай варожых сацыяльных сіл, якія зрабілі яго гаротным, цёмным і бяспраўным. У пошуках кавалка хлеба герой твора ўладкоўваецца на працу ў лесе і там гіне пад спілаванай ім жа сасной. У апошняй сцэне над магілай узнімаецца цень Мужыка, якому хочацца даведацца аб падзеях, што адбыліся пасля яго смерці. Але яго зноў чакае расчараванне: няма "сцежкі к прасвету", усё "чахне без сіл". У такой сітуацыі для Мужыка лепш быць у магіле, чым жыць. І таму ён усклікае: "Раскрыйся нанова магіла: страшней цябе людзі і свет". У паэме, такім чынам, асуджаецца тагачасная рэчаіснасць, дзе чалавеку лепш памерці, чым цягнуць ярмо адвечнай пакуты і прадаўжаць спрадвечна-трагічны кругазварот жыцця.
   Галоўным героем паэмы "Сон на кургане" з’яўляецца Сам – рамантычна настроены праўдашукальнік, бунтар-адзіночка, які хоча змяніць, перайначыць жыццё, але не ведае канкрэтных шляхоў да здзяйснення намечанага: "хаджу і блуджу я ўжо колькі гадзін, і, дзе ні ступлю я, не бачу пуцін". Згубіўшы ў лесе дарогу, ён прылёг на кургане. Вакол яго сабраліся русалкі і ў фантастычна-казачным плане паказалі "казку долі" яго. Гэта казка – страшны сон, сімвал безвыходнасці, бездапаможнасці ў барацьбе. Дарэмнымі аказаліся яго імкненні знайсці ў руінах старога замка скарбы. Вакол Сама – змрочныя варожыя сілы (увасабленне рэакцыі), ахвярай якіх ён становіцца. Дзеянне ў паэме паступова пераходзіць у рэальнае жыццё. Сам накіроўваецца ў родную вёску, дзе здараецца пажар. Ён бег ратаваць ахопленую пажарам вёску, але яго абвінавацілі ў падпале; па сведчанні аднавяскоўцаў, Сам быццам бы бег са смолкай, саломай і сякерай з мэтай падпаліць вёску. Безумоўна, пажар – алегарычны вобраз рэвалюцыі 1905 г. Далейшае жыццё Сама яшчэ больш трагічнае: за рэвалюцыйную дзейнасць ён трапляе ў турму і Сібір, памірае яго жонка, а сын, здрадзіўшы бацькоўскаму запавету, перакідваецца ў варожы стан. На прыкладзе Сама Я. Купала хацеў паказаць не толькі асабістую драму рэвалюцыянера-адраджэнца, але і цяжкі, пакутлівы шлях беларускага народа да свайго самавызначэння, да найвялікшага скарбу – свабоды і незалежнасці.
   Паэмы Янкі Купалы "Адвечная песня" і "Сон на кургане" насычаны ўмоўнымі персанажамі, дэманічнымі і міфічнымі фігурамі. Праз, сімвалічныя і фантастычныя карціны паэт паказвае тыпова рамантычную, пазбаўленую гістарычнай канкрэтнасці карціну жыцця ў буржуазным грамадстве з яго бесчалавечнымі, варожымі законамі і парадкамі.

 

Похожие статьи:

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы