Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзяды – вытокі кожнага народа

Продкамі не грэбуйце ніколі,
Бо яны жыццём сваім, крывёю
Здабывалі і зямлю, і волю.
Э. Валасевіч


   Дзень памяці продкаў у народзе называюць дзядамі. Гэты народны памінальны абрад паходзіць ад дахрысціянскага ўсходнеславянскага звычаю трызны і спраўляецца чатыры разы на год (перад Змітравым днём, на радаўніцу, перад масленіцай і сёмухай). Лічыцца, што ў гэты дзень душы памёршых продкаў прыходзяць да жывых, глядзяць на сваіх нашчадкаў, радуючыся за іх поспехі і сумуючы, калі ў хаце штосьці робіцца не так. Таму на дзяды гатавалі святочныя і абрадавыя стравы, запальвалі свечкі, успаміналі добрым словам памёршых дзядоў і прадзедаў, клікалі на вячэру, паклаўшы для іх на асобныя талеркі куццю.
   А ці помнім мы сваіх дзядоў-прадзедаў? Ці можам адшукаць свае карані ў радаводным дрэве Беларусі? Такое пытанне ў адным з вершаў задае Р. Барадулін:

Дзе карані твае,
Адкуль твой род пачаўся,
Ці з прыцемкаў быцця, –
Ці з цемры небыцця...

   Наш сучаснік наўрад ці можа адказаць на гэта пытанне. Добра, калі ён прыгадае прозвішча і імя дзеда ці прадзеда. Радавод, на жаль, гэтым заканчваецца. Падкрэсліваючы кароткую радаводную памяць нашых сучаснікаў, А. Русецкі піша:

Я – мужыцкі сын, і радаслоўная
анідзе не значыцца мая,
дзед і прадзед, а далей замглёная
далячынь –
стагоддзяў акіян.

   Гэтую ж думку пацвярджае і В. Вітка ў вершы "Спадчына":

Адтуль вяду я свой жыццёвы след
І радаслоўную пішу спачатку,
Бо на той свет з сабою цемнік-дзед
Забраў і герб фамільны, і пячатку.

   Калі ж прасачыць гісторыю Беларусі, то ў ёй можна без цяжкасцей адшукаць такія славутыя постаці, як князь Рагвалод, Рагнеда, Усяслаў Чарадзей, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі. Пажаўцелыя старонкі летапісаў уваскрашаюць смелыя і адважныя ўчынкі чараўніка князя Усяслава, у час кіравання якога полацкая дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту; дзейнасць нябеснай заступніцы Беларусі Ефрасінні Полацкай, па заказе якой была пабудавана сусветна вядомая царква Спаса і створаны крыж – шэдэўр старажытнабеларускага мастацтва; творчы запал славутага пісьменніка, мастака, прапаведніка Кірылы Тураўскага. Эпоху Адраджэння нельга ўявіць без першаасветніка, друкара, рэфарматара мовы, лекара і батаніка Францішка Скарыны, багатая спадчына якога і сёння служыць ідэі нацыянальнага адраджэння. Яркім прыкладам служэння Айчыне з’яўляюцца жыццё і дзейнасць Льва Сапегі, Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Лявонція Карповіча, Лаўрэнція Зізанія. Нязгасныя імёны Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча складаюць гонар і славу нашага народа. Выдатныя пісьменнікі, дзяржаўныя дзеячы, змагары за свабоду і незалежнасць Беларусі сеялі на зямлі зярняты вечнага дабра і праўды, паказвалі ўзоры мужнасці і самаахвярнасці.
Нагадваем гэтыя імёны, і гордасцю поўніцца сэрца. Значыць, мы "не без роду, без племені", значыць ёсць у нас спадчына, багатая, цікавая і разнастайная. Падкрэсліваючы гэта, народны паэт Беларусі Н. Гілевіч сцвярджае:

Мы ўзышлі не з насення, што ветрам занесена,
Мы не дзікай травы самарослыя парасткі.
У глыбінях зямлі, гераічнай і песеннай,
Нашых душ карані – з вузялкамі упартасці.

   На дзяды памінаюцца і нашы далёкія продкі, і трагічныя фігуры сталінскіх рэпрэсій 30-х гг., і загінуўшыя ў гады ваенных ліхалеццяў, і нашы блізкія, родныя. У кожным з нас павінна жыць памяць аб іх светлых вобразах. Не павінна забыцца, сцерціся з памяці і бацькоўская вера, матчына мова, народныя звычаі, традыцыі. Без ведання гістарычнага мінулага не можа быць ні сучаснасці, ні будучыні. Мінулае – гэта карані нашага тысячагадовага радавога дрэва. Не будзе каранёў – загіне дрэва, не застанецца ў будучым і памяці пра нас. І таму трэба ахоўваць, берагчы не толькі радаводнага дрэва, але і кожную яго галіну, якая, тоячы ў сабе памяць далёкіх продкаў, павінна вечна шумець сакавітым лісцем.

 

Похожие статьи:

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Продкі

Пераказы, дыктантыДухоўная энергія

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мая радаслоўная

Пераказы, дыктантыСкарбы продкаў

Пераказы, дыктантыПомню тую вясну