Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Помню тую вясну

   Помню тую вясну – першую гарадскую вясну ў сваім жыцці. Неспадзявана абрушылася яна на горад яркім і шчодрым сонцам, дружнымі капяжамі, нязнанай дагэтуль ажыўленасцю гарадскіх вуліц, вясёлым звонам трамваяў, што раптам неяк шпарчэй і ахвотней забегалі па гладкіх, бліскучых рэйках.
   Тою вясною неяк асабліва рана зацвілі ландышы. Яшчэ не паспела як след развінуцца клейкая маладая лістота на дрэвах, яшчэ ў гарадскіх скверах і парках не ўкрыла зямлю трава, а ўжо бабулі, што зусім нядаўна прадавалі пралескі, стаялі, трымаючы ў руках далікатныя букецікі ландышаў.
   Якраз тою парою адкрылася ў Палацы мастацтваў выстаўка. Добра памятаю гэта, бо ўпершыню зайшла туды з духмяным белым букецікам. Я часта туліла яго да твару, адчуваючы незвычайна тонкі водар гэтых мілых кветак.
   Мне ў той дзень падабалася ўсё: і белыя, цнатліва-чыстыя кветкі, і вясновы сонечны дзень, і вясёлыя, узбуджаныя твары людзей. Я перажывала высокае, ні з чым не параўнальнае ўзрушэнне. Здаецца, я ўпершыню была так моцна захоплена, зачаравана мастацтвам. То была мая першая сустрэча з сапраўдным мастацтвам. Так, першая. Не важна, што былі ўжо ў жыцці Эрмітаж і Траццякоўка, не важна, што мы штомесяц хадзілі ў наш мастацкі музей. Усё гэта было не тое, усё гэта было не так. Тут найперш была роднасць, тут найперш было яднанне тваё душы з тым светам, у які цябе нязмушана, але настойліва вёў мастак. Гэта быў твой свет. І было такое дзіўнае адчуванне, што ты калісьці ўжо жыў у гэтым свеце, бачыў і нават любіў гэтых людзей, але здарылася нейкая непапраўная бяда з тваёю душой, з тваёю памяццю – і ты надоўга забыў гэта ўсё, не думаў, не ўспамінаў, жыў з дня ў дзень дробным і мітуслівым жыццём, думаючы, што так і трэба.
   Вялікі, нязнаны дагэтуль сорам падымаўся ў маёй душы і спапяляў усю істоту. Я пераходзіла ад карціны да карціны, як усё роўна ступала па распаленых камянях мінулага. Яно паўставала перад вачыма – шарачкова-беднае, гаротна-цяжкае, гераічна-мужнае. І тваё, тваё, тваё. Усё да апошняй кропелькі. Мастак міласціва вяртаў яго тваёй душы, як неразумна і балюча страчаны скарб, без якога і душа твая не душа, без якога і ты не чалавек...
   Вы, напэўна, памятаеце тую выставу. Ну канешне ж, яе нельга не помніць. Памятаеце, там цэлую доўгую сцяну займалі партрэты беларускіх сялян? Амаль пад кожным стаяла імя або прозвішча. Як пад фотаздымкам.
   Я часта прыходзіла і сядала насупраць. І глядзела. І заўсёды лавіла сябе на тым, што так я гляджу на фатаграфіі сваіх продкаў, калі прыязджаю дахаты. Пажоўклыя ад часу, тыя здымкі збераглі родныя і незнаёмыя абліччы. Так, гэта былі ўжо не проста партрэты, напісаныя таленавітым мастаком. Я ўглядалася ў твары сваіх продкаў. У кожную іх рысачку. Я пазнавала іх. Мудрых, стомленых жыццём і працаю, але ўчэпістых, цягавітых, з неспатольнаю прагаю жыцця ў спакойных славянскіх вачах. Я забывала ў такія хвіліны пра ўсё на свеце...
(454 словы)

Паводле X. Лялько

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСкарбы продкаў

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Продкі

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мая радаслоўная

Пераказы, дыктантыДухоўная энергія

СачыненніДзяды – вытокі кожнага народа