Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Высакароднасць герояў у апавяданнях Я. Брыля "Маці" і "Memento Morі"

   Апавяданні Я. Брыля "Маці" і "Memento morі" аб’яднаныя агульнай тэмай – тэмай ахвярнасці звычайнага чалавека ў імя жыцця іншых людзей. І маці з аднайменнага апавядання і стары пячнік з "Мemento morі" робяць свой выбар свядома, не думаючы аб нейкай гераічнасці сваіх учынкаў. Гэта – выяўленне сапраўднай сутнасці чалавека.
   У апавяданні "Маці", якое Д. Бугаёў адносіць да ліку самых выдатных узораў гэтага жанру ў беларускай прозе, паказваецца грамадзянскі і чалавечы подзвіг жанчыны-маці. Шмат гора зведала на сваім шляху гэта сціплая і мужная жанчыны: парабкоўства, смерць мужа, вайну, трывогу за двух старэйшых сыноў Уладзіка і Сцяпана, якіх выгнала з хаты вайна, і малодшага Васіля. У цяжкую для іх часіну ў хаце маці знайшлі кавалак хлеба, шклянку малака і мацярынскую пяшчоту знясіленыя палонныя, што ўцяклі з фашысцкага лагера. За гэты ўчынак маці расплачваецца жыццём. Апошні шлях жанчыны "ад роднай хаты да свежай ямы ў лапухах" асацыіруецца з пакутлівым шэсцем Ісуса Хрыста на Галгофу, шэсцем да несмяротнасці.
   Трымаючы "свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі" мазалямі да мазалёў, маці не просіць ні літасці, ні спагады, думае не пра сябе і не пра непазбежнасць смерці. Яна моліцца за сыноў: "Хавай іх, божа, усіх трох ад куль, дай ім усім убачыць матчыну магілу!.." Душа маці вяртаецца да палонных, з якімі так зрадніла яе доля (адзін з іх, "яшчэ зусім хлапчук, нядаўна астрыжаны пад машынку", нагадваў малодшага сына). Па твары жанчыны цякуць слёзы крыўды за чужых маці, якія нарадзілі фашыстаў-нелюдзяў. Заканчваецца апавяданне горкім папрокам тым, хто па розных прычынах не змог выратаваць маці, абараніць чалавека ад гвалту і здзекаў у сваёй хаце, роднай вёсцы: "Вобраз яе засядзе ў сэрцы многіх мужчын горкім, няўмольным дакорам,... вочы і рукі яе ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх перад начной партызанскай атакай...".
   Дзеянне ў апавяданні "Memento morі"( з лацінскага – думай пра смерць) адбываецца ў 1943 г. На адным з перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся фашысцкі эшалон. Праз дзень карнікі сагналі жыхароў адной з навакольных вёсак у адрыну і спалілі. Ад смерці мог бы ўратавацца стары вясковы пячнік, якога пазнаў зондэрфюрэр (пячнік некалі ўдала змайстраваў у камендатуры пліту і галанку). Але ён не прыняў выратавання, просячы вызвалення з адрыны "усіх добрых людзей". "І ён згарэў – адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. І ён жыве", – такімі жыццесцвярджальнымі словамі заканчваецца апавяданне. Печніка будуць успамінаць не толькі за ўменне класці добрыя печы, але і за хараство душы, маральную высокасць, мужнасць, якую ён праявіў у апошнім сваім учынку. Гэты ўчынак печніка не можа сцерціся з людской памяці, бо не могуць загінуць тыя духоўныя каштоўнасці, якія заўсёды насіў у сэрцы гэты чалавек.
   У чым жа сэнс назвы двух твораў Я. Брыля? Маці, нібы самаахвярная птушка-фенікс, кідае сваё жыццё ў ненажэрную пашчу вайны, абараняючы гэтым чужых сыноў. Назваю твора Я. Брыль хацеў падкрэсліць, што для сапраўднае маці не важна, чыіх дзяцей яна абараняе, – у яе свая, мацярынская сутнасць ахвярнасці. Не менш значная і назва другога твора – "Memento morі" ("Памятай пра смерць"). Чалавек павінен заўсёды быць гатовым да смерці – казалі старажытныя. Аўтар фіналам свайго твора ўдакладняе гэтае выказванне: чалавек не павінен чакаць смерці, але, калі яна яго напаткае, ён павінен застацца чалавекам да канца.
   Героі абодвух твораў Я. Брыля ахвяруюць сабою дзеля іншых. У гэтым выявілася іх высакароднасць і сапраўдная чалавечнасць – любоў не толькі да сябе, але і да іншых людзей, да ўсяго свету.

 

Похожие статьи:

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Янка БрыльЯнка Брыль - Сірочы хлеб

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая