Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Шпак
Пасля чарады халодных, з дажджамі дзён сонечны ранак радаваў цяплом. Сонца поўніла паветра вясною, жыватворным святлом.
Сяджу на ганку, у засені бэзавых кустоў. Кожная пупышка на іх раскрылася, выкінула вострыя цемнавата-зялёныя лісточкі і парасткі будучых буйных пахучых суквеццяў. Любуюся ранкам, з прыемнасцю, на поўныя грудзі, удыхаю свежае паветра.
На самым версе даху бацькавай хаты (пад шыфернымі лістамі) жывуць шпакі. Цяпер яны будуюць гняздо. Ходзяць па двары, збіраюць смецце, цягаюць яго на дах.
Адзін вырашыў адпачыць. Сеў на грушу і працягла засвістаў.
Гэта не спадабалася суседскаму Шарыку, што ляжаў, высунуўшы нос з будкі, і з цікаўнасцю бліскаў на мяне вачамі. Ён ляніва гаўкнуў.
Шпак здзіўлена пакруціў галавою, памаўчаў і раптам перадражніў: «Каў-каў».
Шарык падхапіў гульню: «Гаў-гаў!»
«Каў-каў!» – зноў адказаў шпак.
Перагукваліся яны так хвілін пяць, аж пакуль з балота на сваё гняздо не прыляцеў бусел. Прывітальны пошчак яго пранёсся па двары, высока ўзляцеў у неба.
Шпак прыслухаўся і адказаў такім жа дробным пошчакам. Цішэйшым, вядома. Дзюбка яго надта ж маленькая, каб выклікаць на размову бусла.
Сярод галінак бэзу круцілася сінічка. Адкуль яна ўзялася? З цяплом гэтыя птушкі адкачоўваюць у лясную глуш. Сінічка таропка абследавала галінкі і ціха папісквала: «Сінь-сінь».
Шпак зацікавіўся, прыслухаўся, разглядаючы птушачку. Калі ж сінічка ўзляцела на верхнюю галінку і радасна аб’явіла: «Сі-сінь, вяс-на!», ён даў згоду: «Так-так-так». І раптам перадражніў: «Сі-сінь, сінь-сінь».
Сінічка пакрыўдзілася і паляцела за хату.
Сарока наведваецца на наш падворак кожны дзень. Нешта вышуквае на сметніку, заглядвае ва ўсе куткі.
Так і сёння. Знайшла пажытак і адразу паведаміла аб гэтым усяму наваколлю: «Скрэ-ке-ке-ке-к!»
Шпак, пэўна, ведаў сароку. Таму смела ўступіў у гамонку. Ды так лоўка. Я адразу і не адрозніў па гуку, дзе крычыць сарока, а дзе – шпак. Толькі прыслухаўшыся, заўважыў, што апошні крыху не даводзіць каленца да канца. «Скрэ-ке-ке, скрэ-ке-ке, скрэ-ке-ке», – паўтарае выраз, які, пэўна, вельмі яму спадабаўся.
«Кар-р-р! – абразліва крыкнула, крутануўшыся над шпаком, шэрая варона. – Кар-р-р!» Маўляў, дарэмна стараешся: «Др-р-р-рэнна!»
Шпак нездаволена пераступіў лапкамі, аж крыламі затрапятаў ад абразы. А затым прыглушана так і няўдала адказвае: «Кр, кр-р!» Толькі праз імгненне як выдасць каленца: «Фіць-фіць, фір-р-р, цёх-цёх-цёх, фіў-фіў-ў...» Бы адхвосціў варону сваім спевам: «Каго вучыць сабралася, старая няўмека!»
Пасля ён пераскочыў на галінку вышэй і, умомант забыўшыся пра спрэчку з варонай, весела заспяваў.
Слухаў я шпака і не разумеў, якую ж і чыю песню ён выводзіць. Тут былі і майстэрскія каленцы салаўя, і вераб’інае чырыканне, і ценьканне сінічкі, і мноства іншых знаёмых і незнаёмых мне куплетаў нашага і, напэўна, заморскага птаства.
І ўсё ж я вырашыў таксама ўступіць у размову са шпаком.
Засвістаў спачатку ціха, затым гучней: «Фіць-фіць-фіў».
Той утаропіўся ў мяне. Відаць, раздумваў, што ж адказаць. Затым ускочыў на вяршалінку самай высокай грушы і гучна, нават злосна, пракрычаў: «Скрэ-ке-ке!»
«Фіў-фіў», – паддражніў я птушку.
«Чы-чы-чы-чы!», – па-вераб’інаму зачырыкала тая.
«Ці-ці-ці-ці», – яшчэ больш паддаю рызыкі шпаку.
Той аж крылцамі трапеча, нездаволена падскоквае.
Тут нашу размову перабіла шпачыха. Відаць, ёй надакучыла самой цягаць смецце для гнязда, слухаючы выбрыкі свайго «мужа». Села на верх даху, паглядзела, што ён перасмешвае чалавека, ды як кінецца ў атаку. Шпак наўцёкі. Туды-сюды па агародзе. Яна (з крыкам) – за ім.
Час ад часу, аж да вечара, спрабаваў я выклікаць таго шпака на «размову». Як толькі сядзе ён на тэлеантэну, я так і падсвістваю, дражню. А той гляне, нездаволена свісне і спяшаецца па сваіх справах або хаваецца на другі бок хаты...
(542 словы)
(Паводле В. Жушмы)
Похожие статьи:
Кастусь Жук → Кастусь Жук - Шпак купіў магнітафон
Пераказы, дыктанты → Бясхвосты шпак
Янка Журба → Янка Журба - Шпак