Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Бясхвосты шпак

Варыянт 1 (286 слоў)

   Вясна была ў поўным разгары, і шпакі спяшаліся аблюбавадь сабе жытло. Але чамусьці яны абміналі шпакоўню каля саду. Нават вераб’і не пажадалі заняць вольную жылплошчу. «Можа, дзірка занадта вялікая», – выказаў сваё меркаванне Ігар.
   І вось аднойчы дзеці ўбачылі шпака, які сеў на гэту шпакоўню. Гэта быў нейкі дзіўны шпак, вяртлявы, неспакойны і баязлівы. А яшчэ ён дзесьці страціў свой хвост і таму выглядаў даволі смешна. Спачатку бясхвосты з прыдзірлівай падазронасцю агледзеў шпакоўню звонку, нібы баючыся хітрага падвоху. Потым з яшчэ большай асцярожнасцю пераскочыў да квадратнай дзіркі. Нарэшце ён асмеліўся зазірнуць у акенца і, пераканаўшыся ў сваёй бяспецы, нырнуў у шпакоўню. Дзеці, узрушаныя і заінтрыгаваныя, назіралі далей. Іх турбавала адно: чым закончацца агледзіны?
   Праз хвіліну-другую бясхвосты выскачыў са шпакоўні, ён па-ранейшаму быў нейкі ўзбуджаны і яршысты. Шпак узляцеў на шпакоўню, агледзеўся і тут жа ўзняўся ў паветра. Але ён хутка вярнуўся з доўгай саломінкай у дзюбе і ўжо без усякай асцярожнасці нырнуў у шпакоўню. «Ага, не ўцёк!» – дзеці ледзьве стрымаліся, каб сваімі крыкамі радасці не спужаць доўгачаканага навасёла.
   Шпак пачаў будаваць гняздо. За першай саломінкай ён хуценька прынёс поўную дзюбу сухой травы, потым яшчэ. Бясхвосты лётаў, нібы апантаны, і зносіў у шпакоўню ўсё, што траплялася яму ў дзюбу: і салому, і сухія травінкі, і курынае пер’е. Ён вельмі спяшаўся, быццам баяўся, што яго могуць апярэдзіць і ён не паспее зладзіць сваё гняздо.
   І тут здарылася неверагоднае. Спачатку ад шпакоўні адвалілася донца. За донцам шухнула саламяна-травяное гняздо, адразу ж падхопленае раптоўным парывам ветру. Услед за донцам і гняздом сігануў уніз бясхвосты. Ён бездапаможна перакуліўся ў паветры, страшна перапалоханы такой неспадзяванкай, але тут жа стаў на крыло, зрабіў круты віраж, жаласліва свіснуў і адчайна паляцеў увысь. Толькі яго і бачылі.
   Дзеці знялі шпакоўню і пачалі яе рамантаваць.
 


 

Варыянт 2 (486 слоў)

   Вясна была ў поўным разгары, і шпакі спяшаліся аблюбаваць сабе жытло. Але чамусьці яны абміналі нашу шпакоўню, быццам якое пачварнае пудзіла. I што ім не падабалася ў нашым дамку? Нават вераб’і не пажадалі заняць вольную жылплошчу.
   – Можа, дзірка занадта вялікая? – выказаў сваё меркаванне брат. Толькі змяніць што-небудзь мы ўжо не маглі, даводзілася чакаць і спадзявацца.
   I вось аднойчы чаканне было ўзнагароджана: мы ўбачылі шпака, які сеў на нашу шпакоўню. Гэта быў нейкі дзіўны шпак, вяртлявы, неспакойны і баязлівы. А яшчэ ён дзесьці страціў свой хвост і таму выглядаў даволі смешна.
   Спачатку бясхвосты з прыдзірлівай падазронасцю агледзеў шпакоўню звонку, нібы баючыся хітрага падвоху. Потым з яшчэ большай асцярожнасцю пераскочыў да квадратнай дзіркі, якую мы з братам выдзеўблі долатам у дошцы. Нарэшце ён асмеліўся зазірнуць у акенца і, пераканаўшыся ў сваёй бяспецы, нырнуў у шпакоўню.
   Мы, узрушаныя і заінтрыгаваныя, працягвалі сваё назіранне, схаваўшыся за вугал хаты. Нас турбавала адно: чым закончацца агледзіны? Вельмі ж ужо дзікаваты гэты навасёл! Такога паспрабуй улагодзіць.
   Праз хвіліну-другую бясхвосты выскачыў са шпакоўні, ён па-ранейшаму быў нейкі ўзбуджаны і яршысты. Нібы толькі што вырваўся з кіпцюрастых каціных лап. А хіба свой хвост шпак згубіў па асабістым жаданні? Вось і асцярожнічае, вось і не давярае.
   Шпак узляцеў на шпакоўню, агледзеўся і тут жа ўзняўся ў паветра. Так і ведалі: усё, і гэты шустрык даў драпака! Але наша расчараванне было заўчаснае. Бясхвосты вярнуўся з доўгай саломінкай у дзюбе і ўжо без усякай асцярожнасці нырнуў у шпакоўню.
   «Ага, не ўцёк!» – мы ледзьве стрымаліся, каб сваімі крыкамі радасці не спужаць доўгачаканага навасёла.
   Шпак пачаў будаваць гняздо. За першай саломінкай ён хуценька прынёс поўную дзюбу сухой травы, потым яшчэ і яшчэ. Бясхвосты лётаў, нібы апантаны, і зносіў у шпакоўню ўсё, што траплялася яму ў дзюбу: і салому, і сухія травінкі, і курынае пер’е. Шпак вельмі спяшаўся, быццам баяўся, што яго могуць апярэдзіць і ён не паспее зладзіць сваё гняздо.
   I тут здарылася неверагоднае. Раптам мы сталі сведкамі нейкага дзіўнага цыркавога нумара, які праз гады бачыцца вясёлым, камічным здарэннем.
   У такое і самі не паверылі б, калі б хто расказаў. Але ж гэта не выдумка!
   I яшчэ раз пераконваешся: жыццё іншы раз падкідвае такія сюрпрызы, што і насмяешся да слёз, і рукамі развядзеш. Толькі ў той вясновы дзень нам было не да смеху, як і ў той дзіўны вечар.
   Спачатку ад шпакоўні адвалілася донца. Вось жа майстравалі мы з братам птушыны домік, а цвікі ў нас былі старыя, іржавыя. Таму і зладзілі яго на скорую руку. За донцам шухнула саламяна-травяное гняздо, адразу ж падхопленае раптоўным парывам ветру. Услед за донцам і гняздом сігануў уніз бясхвосты. Ён бездапаможна перакуліўся ў паветры, страшна перапалоханы такой неспадзяванкай, але тут жа стаў на крыло, зрабіў круты віраж, жаласліва свіснуў і адчайна паляцеў у вышыню. Толькі мы і бачылі яго.
   Мы з братам знялі шпакоўню, прыбілі донца і зноў паднялі над хлявом.
   Але птушыная хатка пуставала да самага лета.
   Гэта была першая і апошняя шпакоўня майго дзяцінства, якая так ашаламіла бяздомнага шпака.

Паводле М. Зарэмбы

 

Похожие статьи:

Янка ЖурбаЯнка Журба - Шпак

Кастусь ЖукКастусь Жук - Шпак купіў магнітафон

Пераказы, дыктантыШпак

Яўген КрупенькаЯўген Крупенька - Шпак

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Шпак спявае