Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шпакі

   Калі запытаць жыхароў нашай краіны, з якой птушкай яны звязваюць надыход вясны, пэўна, большасць з іх адкажа: «Са шпаком». Так і ёсць. Шпак – адна з першых сярод пералётных птушак, якія вяртаюцца пасля зімы на радзіму. Яшчэ паўсюль ляжыць снег, толькі-толькі з’яўляюцца першыя праталіны, як аднойчы раніцай, зірнуўшы ў акно, заўважаеш чорную, з бліскучым металічным адлівам птушку. Уладкаваўшыся на суседнім дрэве, шырока адкрываючы дзюбу і старанна трапечучы крыльцамі, выводзідь яна сваю песню, чутную нават праз двайную шыбу. Бывае гэта звычайна ў канцы сакавіка.
   І ўслед за шпакамі, якія адкрылі веснавую эстафету, пачынаюць прылятаць іншыя птушкі.
   Шпакі могуць сяліцца не толькі ў гарадах і вёсках, але і ў лясах, гняздуючыся ў старых дуплістых дрэвах. З усіх птушак яны найбольш ахвотна займаюць штучныя гнездавыя домікі, якія ў нашых вёсках і на дачных участках вісяць ледзь не каля кожнай хаты.
   На жаль, тэрмін, на працягу якога шпакі радуюць нас сваімі спевамі, даволі кароткі. Заняўшы шпакоўню, самец некалькі дзён актыўна спявае, і нарэшце на ўчастку з’яўляецца самка, для якой і выконваліся ўсе гэтыя канцэрты.
   Пасля пабудовы гнязда самка пачынае выседжваць яйкі. Самец жа ўвесь час на суседніх палях шукае корм для сябе і сваёй сяброўкі. Спявае ён у гэты час толькі раніцай і ўвечары.
   Неўзабаве з’яўляюцца птушаняты, і тады дарослым птушкам становіцца ўвогуле не да спеваў. Цяпер ужо яны ўдваіх з вечара да раніцы здабываюць корм для сваіх пражэрлівых птушанят. З’явіўшыся каля гнязда, бацькі стараюцца хуценька і незаўважна шмыгануць у шпакоўню, запіхнуць у адну з шырока разяўленых дзюб чарвяка і зноў ляцець за чарговай порцыяй шпачыных далікатэсаў. Усё гэта працягваецца крыху больш за месяц. Пасля дарослыя птушкі разам з падрослымі птушанятамі збіраюцца ў чароды і пакідаюць нашы сады. Вяртаюцца яны толькі ў канцы ліпеня, каб «дапамагчы» садаводам сабраць ураджай чарэшань і вішань.
(288 слоў)

 

Похожие статьи:

Кастусь ЖукКастусь Жук - Шпак купіў магнітафон

Пераказы, дыктантыБясхвосты шпак

Генадзь БураўкінГенадзь Бураўкін - Шпак спявае

Янка ЖурбаЯнка Журба - Шпак

Пераказы, дыктантыШпак