Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Шахматы
На Беларусі шахматы вядомы з адзінаццатага стагоддзя. У час раскопак старажытнага гарадзішча ў Мінску археолагі выявілі майстэрню ювеліра, а пры даследаванні яе знайшлі самаробныя шахматныя фігуркі, выразаныя з драўніны. Падобныя фігуркі знойдзены былі яшчэ ў пятнаццаці гарадах Беларусі. Геаграфія знаходак сведчыць аб раннім распаўсюджванні шахмат па ўсёй тэрыторыі краю.
Беларуская калекцыя шахмат дванаццатага-трынаццатага стагоддзяў складаецца больш як з трыццаці асобных фігурак. Яны знойдзены пад час раскопак у Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мінску, Мсціслаўі, Навагрудку, Полацку, Рагачове, Слоніме, Тураве і іншых гарадах Беларусі. Пераважная большасць іх выразана або вытачана з костак і рагоў майстрамі-разьбярамі. Ёсць драўляныя фігуркі і каменныя, і толькі адна ладдзя зроблена з пакуль што нявызначанага мінералу светла-жоўтага колеру з зялёнымі прожылкамі.
Першыя шахматы на Беларусі мелі абстрактную форму, вобразна не звязаную з лексічным значэннем назвы. У адзінаццатым-дванаццатым стагоддзях назіраецца адыход ад усходняга канона, і фігуркі набываюць ускладненную форму, але па-ранейшаму застаюцца сімвалам сваёй назвы. Шахматныя фігуры данеслі да нас рэальныя выявы матэрыяльных прадметаў і абліччы людзей. Ладдзя – гэта скульптурная мініяцюра сапраўднай насады. Яна была зроблена ў выглядзе баявога судна з надшытымі дошкамі бартамі і накрытым верхам. Кароль прадстаўлены скульптурнай мініяцюрай радавітага князя з невядомым прадметам у правай руцэ, які нагадвае зброю або скіпетр. Фігурка ферзя вырашана ў іншым кампазіцыйным ключы. На круглай падстаўцы сядзіць з падкручанымі пад сябе нагамі мужчына сталага веку са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Так можа сядзець толькі ўпэўнены ў сваіх сілах, спрактыкаваны і абачлівы военачальнік, які ўважліва сочыць за полем бітвы. На яго галаве – чашападобны адкрыты шлем. Пешка была зроблена ў выглядзе фігуркі барабаншчыка з бубнам на перакінутай цераз плячо вочапцы і вашчагай у правай руцэ. Старажытны майстра выканаў яго ў мяккай гумарыстычнай танальнасці, што дасягнута наўмыснай дэфармацыяй аблічча. Разбяр выцягнуў ніжнюю сківіцу, павялічыў мясісты нос – і перад намі дабрадушна-наіўны і ў той жа час зухаваты ваяўнік-барабаншчык. Выліты Несцерка адзінаццатага стагоддзя! Тая ж бескарыслівая хітрынка пад знешняй праставатасцю,той жа схаваны пад дасціпным народным гумарам дапытлівы розум.
Параўнанне знойдзеных на Беларусі шахмат з іх аналагамі з Кіева, Вялікага Ноўгарада і Сандаміра (Польшча) паказвае, што ўсе яны выкананы ў адным традацыйным ключы. Дакладная тэхнічная і стылістычна-кампазіцыйная тоеснасць дазволілі польскім вучоным прыйсці да высновы, што ў Польшчу шахматы трапілі з Беларусі. Значыць, старажытныя разьбяры кіраваліся рэальнымі праявамі жыцця і праўдзіва адлюстроўвалі ў сваёй творчасці рэчаіснасць, а іх вырабы – шахматныя фігуркі – можна прымаць за адну з бездакорна дакладных крыніц вывучэння матэрыяльнай культуры і мастацтва нашых далёкіх продкаў.
Паводле С. Цярохіна
Похожие статьи:
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Шахматы