Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Шахматы далёкіх продкаў
Варыянт 1 (243 словы)
На Беларусі шахматы вядомы з адзінаццатага стагоддзя. У час раскопак старажытнага гарадзішча ў Мінску археолагі знайшлі самаробныя шахматныя фігуркі, выразаныя з драўніны. Падобныя фігуркі былі знойдзены яшчэ ў пятнаццаці гарадах Беларусі: Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Полацку, Рагачове, Слоніме, Тураве і іншых. Геаграфія знаходак сведчыць аб раннім распаўсюджванні шахмат па ўсёй тэрыторыі нашага краю.
Беларуская калекцыя шахмат дванаццатага – трынаццатага стагоддзяў складаецца больш як з трыццаці фігурак, якія былі знойдзены падчас раскопак у розных гарадах. Пераважная большасць гэтых фігурак выразана або вытачана майстрамі з костак і рагоў. Ёсць драўляныя фігуркі і каменныя, і толькі адна ладдзя зроблена з пакуль што нявызначанага мінералу светла-жоўтага колеру з зялёнымі прожылкамі. Першыя шахматы на Беларусі мелі абстрактную форму, вобразна не звязаную з лексічным значэннем назвы.
Пазнейшыя шахматныя фігуры данеслі да нас рэальныя выявы матэрыяльных прадметаў і абліччы людзей. Ладдзя была зроблена ў выглядзе баявога судна з надшытымі дошкамі бартамі і накрытым верхам. Кароль прадстаўлены скульптурнай мініяцюрай радавітага князя з невядомым прадметам у правай руцэ, які нагадвае зброю або скіпетр. Фігурка ферзя выглядала так: на круглай падстаўцы сядзіць з падкручанымі пад сябе нагамі мужчына сталага веку са скрыжаванымі на грудзях рукамі, на галаве ў яго шлем. Так можа сядзець толькі ўпэўнены ў сваіх сілах, спрактыкаваны і абачлівы военачальнік, які ўважліва сочыць за полем бітвы. Пешка была зроблена ў выглядзе фігуркі барабаншчыка з бубнам цераз плячо.
Вырабы шахматных фігур старажытных майстроў можна прымаць за адну з дакладных крыніц вывучэння матэрыяльнай культуры і мастацтва нашых далёкіх продкаў.
Варыянт 2 (134 словы)
На Беларусі шахматы вядомы з адзінаццатага стагоддзя. У час раскопак у Мінску археолагі знайшлі самаробныя шахматныя фігуркі, выразаныя з драўніны. Падобныя фігуркі былі знойдзены яшчэ ў пятнаццаці гарадах Беларусі. Геаграфія знаходак сведчыць аб раннім распаўсюджванні шахмат па ўсёй тэрыторыі нашага краю.
Пераважная большасць фігурак выразана або вытачана майстрамі з костак і рагоў, дрэва і каменю.
Фігуркі мелі незвычайную форму: ладдзя была зроблена ў выглядзе баявога судна, а кароль прадстаўлены мініяцюрай радавітага князя са зброяй у правай руцэ. Фігурка ферзя выглядала так: на круглай падстаўцы сядзіць з падкручанымі пад сябе нагамі мужчына сталага веку са скрыжаванымі на грудзях рукамі, на галаве ў яго шлем. Пешка была зроблена ў выглядзе фігуркі барабаншчыка з бубнам на перакінутай цераз плячо вочапцы.
Вырабы старажытных шахматных фігур – дакладная крыніца вывучэння матэрыяльнай культуры і мастацтва нашых далёкіх продкаў.
Паводле С. Цярохіна
Похожие статьи:
Пераказы, дыктанты → Шахматы... з танцамі