Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Шахматы... з танцамі

   У сваім двары мы наладзілі суботнік: рамантавалі лавачкі, ускопвалі зямлю, утаптаную, як камень, рабілі клумбы, садзілі кветкі, бэз і шыпшыну.
   Тут з’явіўся ўнук.
   – Дзед, можна мне з табой пабыць, пакуль мама з татам будуць у тэатры?
   Я ўзрадаваўся:
   – Добра, зайка, што ты прыехаў. Я вельмі рады памочніку. Пакуль я капаю, пальеш кусцікі і дрэўцы, каб яны лепш раслі. А потым згуляем у шахматы. Даўно мы з табой не гулялі.
   Калі ўсё зрабілі, аж залюбаваліся: двор папрыгажэў і, здалося, нават пасвятлеў ад пабеленых каменьчыкаў вакол клумбаў. На лаўцы, якую толькі што адрамантавалі, мы паставілі шахматную дошку, расставілі фігуры і пачалі гуляць.
   Заканчвалі партыю. Да нас падышоў Сяргей Урбановіч – мой сусед, шафёр. Я саступіў месца, а сам стаў балельшчыкам, як іншыя, што абступілі нас з усіх бакоў. Ледзь не ўся мужчынская палова жыхароў нашага пад’езда – аматары шахмат, гэтай старажытнай высакароднай гульні.
   – Калі пераможаш мяне, Сашка, атрымаеш прыз.
   – Прыз? Які?! – загарэліся цікаўнасцю Сашкавы вочы.
   – Які ты хацеў бы мець?
   – М...м... шакаладку.
   – Згодзен, будзем гуляць на шакаладку.
   Як бывалы шахматыст, Сашка ўзяў у рукі белую і чорную пешкі, схаваў за спінай і прапанаваў выбіраць. Яму дасталіся чорныя фігуры. Шахматысты перавярнулі дошку з расстаўленымі фігурамі і пачалі гуляць. Яшчэ ў дэбюце (самым пачатку партыі) Сяргей схаваў свайго караля за фігуры ў вугал, зрабіўшы кароткую ракіроўку. Сашка, падумаўшы, кінуў у атаку на варожага караля не толькі фігуры, але і пешкі, паспрабаваўшы адразу ўзарваць каралеўскі фланг. Чорныя ў адказ – наступ у цэнтры. Здавалася, вось-вось белы кароль будзе ў пастцы. Я перажываў за ўнука, але падказваць нельга: на прыз жа гуляюць! І тут, як быццам прачытаўшы мае думкі, палкаводзец белага войска прыняў адзінае правільнае рашэнне: зрабіў доўгую ракіроўку і вырваўся з хітрай пасткі, расстаўленай палкаводцам варожага войска. Праз некалькі хадоў у стан чорных уварваліся баявыя сланы і конніца белых. Давяршыў разгром праціўніка магутны ферзь.
   – Мат! Вам, дзядзя Сярожа, мат! – вочкі Сашкі свяціліся радасцю.
   – Малайчына, Сашка! – парадаваўся разам з усімі за свайго маленькага партнёра зычлівы Сяргей. – Віншую! Ты выйграў. Я табе зараз дам грошы, – Сяргей палез у кішэню, – а шакаладку купіш заўтра сам. Згодзен?
   – Ды тут жа, дзядзя Сярожа, больш, – разгубіўся Сашка, трымаючы ў руцэ грошы і не ведаючы, што з імі рабіць. – У мяне здачы няма.
   – А ты мне на здачу... патанцуй, – знайшоў выхад Урбановіч. – Ты ўмееш танцаваць? Напрыклад, польку, – падахвоціў Сяргей і пачаў напяваць рытмы полькі.
   Спачатку бянтэжачыся, Сашка паступова расхрабрыўся і адчуваў сябе ўсё больш упэўнена. Сяргей не мог паверыць вачам: яго шахматны партнёр не проста танцаваў – ён «даваў жару», як некалі сам Сяргей.
   – І вы, дзядзя Сярожа, танцуйце! – пацягнуў шафёра за руку танцор.
   Ніколькі не бянтэжачыся, той пачаў кружыцца разам з Сашкам.
   – Няправільна! Няправільна, дзядзя Сярожа! – спыніў партнёра Сашка. – Гэты элемент завецца «крок-падскок». Трэба вось так: весела зрабіць крок, наском нагі адштурхнуцца, а другую нагу сагнуць-выпраміць... Паўтарайце за мной.
   Сяргей паспрабаваў паўтарыць і, жартуючы, зачапіўся за Сашку, які, як мячык, адляцеў ад масіўнай постаці шафёра.
   Сашка радасна насіўся па пляцоўцы, а Сяргей не мог за ім угнацца. Людзі, што сабраліся вакол, аж за жываты браліся ад смеху.
   Нехта спытаў, ці ўмее Сашка танцаваць вальс, і тут жа заспяваў. Некалькі чалавек падхапілі – і палілася чароўная мелодыя старадаўняга вальса. Сашка закружыўся ў прыгожым танцы. Цвіў бэз. Яго духмяны водар і гэты плаўны старадаўні танец навявалі ўспаміны аб чароўным юнацтве.
   Я і радаваўся за ўнука, і шкадаваў: паздзірае каленцы аб асфальт. Але не спыняў. А Сашка, радасны, разагрэты танцамі, падскокваў, прысядаў і закончыў грацыёзным, артыстычным паклонам.
   – Малайчына, Сашка! Якая змена ў нас падрастае, нават я так не ўмею! Аказваецца, ты не толькі ў шахматы добра гуляеш, але і выдатна танцуеш. Ну парадаваў!
(583 словы)

(Паводле У. Шулякоўскага)

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыШахматы

Пераказы, дыктантыЗапрашэнне да танцаў

Пераказы, дыктантыШахматы далёкіх продкаў

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Шахматы