Прывялая канюшына пахла густа і чуць душнавата. Спаднізу яшчэ не адступіла вільгаць, і пад граблямі неспадзявана буйна і чыста блішчалі расінкі. Ад расы прыемна-халаднавата было ў ногі, не так калолася пакоша. У цяні, пры бярэзніку, яшчэ больш ляжала расы на траве. Яна роўна шарэлася, як прыпацелае на дождж акно, а з гаю павявала на поле душнаватым водарам бярозавага лісця. Ад яго і ад п’янаватага паху канюшыны аж кружылася галава.
Пакрысе негустая летняя цемната рабілася прыцемкам, рэдзенькім, светлым. А потым і зусім стала відно, і толькі вісіць высока ў небе белы месяц ды на ўсходзе асвечваецца светлаю чырванню неба.
У такі час – толькі цішыня над зямлёю. Адзінока за вёскаю, нават крыху не па сабе ад гэтай велічнай палявой бясконцасці і маўклівасці. Здаецца, што ты толькі адзін і ўвесь свет глядзіць на цябе, а ты маленькі такі пад гэтаю сіняватаю вышынёй з прышытым белым лапікам месяца. Таму скаланешся, калі неспадзявана пырхне з каляіны ў неба жаваранак. Разам са жнівом канчаецца і ягоная песня.
(164 слова)
Паводле А. Жука.
Похожие статьи:
Алесь Жук → Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля
Алесь Жук → Алесь Жук - Песня
Алесь Жук → Алесь Жук - Праклятая любоў
Алесь Жук → Алесь Жук - Мужчыны
Алесь Жук → Алесь Жук - Стары бабёр