Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Жук - Паляванне на Апошняга Жураўля

   "Дзевятнаццатага лістапада ў дваццаць гадзін чатырнаццаць хвілін дзяжурны раённага аддзялення міліцыі прыняў паведамленне ад участковага міліцыянера Жоглы з далёкае вёсачкі Альховыя Крыніцы пра тое, што ім на полі знойдзены цяжка паранены Сцяпан Дзямідчык. Тыя, хто страляў, уцяклі на машыне... Дзесяткі людзей не спалі ў гэтую ноч... з-за двух стрэлаў у далёкай палявой вёсачцы... на полі ля Чортавых Жорнаў."


І

   Сцяпан паставіў пры ганку вядро вады, выглянуў на вуліцу. Яго заўсёды турбавала часіна, калі пачынае насоўвацца прыцемак, здавалася, што ён чуе голас Апошняга Жураўля, пра якога калісьці расказваў дзед.
   Раптам далёка ў полі Дзямідчык убачыў "два па-ваўчынаму роўныя агеньчыкі", зразумеў, што гэта зноў з'явіліся на машыне паляваць на руні зайцоў. Сцяпан узяў стрэльбу і скорым ходам падаўся ў поле. Машына ў паласе святла гнала звярка. Той з "адчаем высільваўся, аж слаўся ўвесь — каб толькі ўцячы туды... да лазняку абапал палявой дарогі". Уцячы зайцу не далі. Калі машына павярнула да выхаду на дарогу, Дзямідчык стрэліў у пярэдняе кола, разагнуўся ў сваім сховішчы за камнем. "I ў гэты час на яго, як на звярка, пырснуў люты сноп святла... пеканула збоку шыю".
   Аднавясковец Дзямідчыка Жогла бачыў агеньчыкі двух сустрэчных стрэлаў, чуў, як уцякае падбітая машына. На матацыкле ён паімчаў у поле, здагадваючыся, што там адбылося.


II

   Стары бабёр пакінуў сваю калонію, каб адшукаць мясціну, дзе ён калісьці ўбачыў свет. Бабёр адзін памятаў яе, астатнія, маладзейшыя, нарадзіліся ўжо тут.
   Дзямідчык устаў рана і, сам таго не заўважаючы, пачаў абход палеткаў, што рабіў у гады свайго старшынёўства, а потым, калі Альховыя Крыніцы далучылі да суседняга калгаса, — брыгадзірства. Цяпер у вёсцы з трыццаці сямі двароў толькі чатыры былі не пенсіянерскія. "Цяпер не было чаго хадзіць, ён гэта ведаў, але не мог перасіліць сябе. Стараўся, каб яго менш і бачылі гэтаю парою".
   Сцяпан ужо заварочваў у вуліцу, калі пачуў ля крыніцы люты сабачы брэх. Ён вельмі здзівіўся, што сабака кідаецца на рыжага мацёрага бабра. Баброў тут даўно не было.

III

   Ідучы дамоў, Дзямідчык сутыкнуўся са старшынёй, той якраз пад'ехаў на машыне. Старшыню Дзямідчык не паважаў, бо бачыў, што той зусім абыякавы і да зямлі, і да калгаса. Пасварыліся яны і на гэты раз, бо брыгадзір даказваў, што жаць яшчэ рана.
   Стары бабёр аблюбаваў месца на шырокай зарослай травой канаве і праз нейкі час прывёў туды двух маладых.

IV

   "Чутка пра баброў пайшла пасля таго, як яны запрудзілі канаву..." На наступны год бабры выйшлі будаваць плаціну на магістральнай канаве, але іх збудаванне знішчылі меліяратары. Першае селішча баброў абараніў Дзямідчык, яно было ўзята пад ахову.

V

   З вымовай за дрэнную падрыхтоўку да жніва Прымачак (старшыня калгаса) вяртаецца з бюро райкома. Аграном Пікуза запрашае начальніка заехаць у леснічоўку і "супакоіць душу". У захмялелай галаве старшыні ўсплывае ўспамін: ён "малады і харошы, у бесказырцы і цяльняшцы" вяртаецца дадому. Цяпер нічога ад таго марачка не засталося. Прымачак думае, што не трэба было яму гэта старшынёўства, ад якога адны непрыемнасці. Але заробак старшыні быў намнога большы, чым заробак інжынера. "I не толькі заробак. Пра гэта ведалі нямногія — на садовай вуліцы ў райцэнтры Прымачакаў бацька будаваў сабе хату. Цагляны дамок у два паверхі... Дом будаваўся роўна і дабротна — старыя жылі ў хатцы побач, ім хапала яе, а Прымачаку надта спяшаць было няварта".

VI

   Дажджы зрабілі непраходнымі для калгаснай тэхнікі палеткі. "Жніво зацягвалася, зерне пасыпалася, прарастала, чарнела палеглая пад ветрам і дажджом салома". Дзямідчыку прыходзіць думка на асушаным тарфяніку жаць уручную. Збожжа там урадзіла і стаяла непалеглае. Вяскоўцы падтрымалі брыгадзіра. Стары хворы каваль Даніла натачыў дзеля гэтага забытыя ўжо сярпы.
   Калі Дзямідчык вяртаецца дахаты, жонка папракае мужа, што яму, як заўсёды, больш за ўсіх трэба, што ніколі за ім ёй не было спакою. Выказвае нават крыўду, што яна век "знелюбелая была", бо Сцяпан "усё тую камандзіршу помніў".
   З Ганькай, будучай жонкай, Дзямідчык сустрэўся на полі, калі з напарнікам ішоў у разведку. Дзяўчына тады, пазнаўшы сваіх, пайшла ў вёску першай, каб партызаны не напароліся на ворага. Пасля вызвалення, калі Сцяпан прыехаў у Альховыя Крыніцы праводзіць сход і зваліўся непрытомны ад запалення лёгкіх, Ганька яго выхадзіла. Развітваючыся, запрасіла прыязджаць да іх. Нікога з родных у Дзямідчыка не засталося і ён пачаў наведвацца ў вёску. Потым рашэннем райкома быў зацверджаны старшынёй калгаса ў Альховых Крыніцах. Пасля першай сяўбы ў Сцяпана з Ганькай было вяселле. .

VII

   Жыта жалі не мераючы. "Жалі, як даўно згаладаліся па такой рабоце, быццам правяралі, ці не забыліся, як серп у руках трымаюць". На поле прыехала калгаснае і раённае начальства, нават карэспандэнта прывезлі, каб у друку расказаў пра "новы вопыт". У постаці сакратара райкома, у яго імклівай хадзе Дзямідчыку ўбачылася штосьці знаёмае, нібыта ён калісьці ведаў гэтага чалавека. Газета змясціла матэрыял пра Альховыя Крыніцы і Сцяпан даведаўся прозвішча сакратара райкома партыі.

VIII

   Зжатыя снапы высахлі. Але зноў паказвала на дождж і Сцяпан адправіўся шукаць машыны, каб звезці збожжа.
   Стаяў сапсаваны камбайн. Шафёры і трактарысты святкавалі дзень нараджэння Рыжага. Дзямідчыка яны не захацелі слухаць. "Ты от што, дзядзька Дзямідчык, нам ты не ўказ. Тваё жыта, ты і думай. Нам другі нарад сёння старшыня даў. Я да цябе як да чалавека, а ты — жыта. Не збяднее па ім калгас!.. Праўду пра цябе гавораць..." — такую водпаведзь даў брыгадзіру шафёр, забіраючы назад бутэльку (Дзямідчык адмовіўся піць за нарадзіны).
   Жоглы, участковага міліцыянера, дома не было, не аказалася нікога і ў калгаснай канторы. Тады Сцяпан набраў нумар дарожнай інспекцыі. Міліцыя прыехала з "варанком" і забрала ўсю п'яную кампанію.
   Назаўтра Дзямідчыку перадалі, што яго выклікае ў праўленне старшыня. У сувязі з чым — брыгадзір здагадваўся і ўсё ж сабраўся ехаць. Але памёр стары каваль Даніла і Дзямідчык заняўся пахаваннем.
   Прымачак прыехаў на наступны дзень сам і ў той час, калі збіраліся выносіць труну. Ён адразу ж наляцеў на Дзямідчыка: "Ты мне яшчэ адкажаш за гэтую міліцыю, за механізатараў! Гаспадар мне знайшоўся! Снапы яму не звезлі!.. Г... твае снапы супраць таго, што на полі стаіць... Пара ўжо знаць, што кончыўся твой час, што твае Альховыя Крыніцы бур'янам зарастуць! Неперспектыўныя яны, няма чаго на іх глядзець. А ты ўсё шчэмішся!.." Сцяпан выгнаў старшыню з вёскі, ледзь не схапіўшы яго загрудкі.

IX

   Вясной Дзямідчык напісаў заяву на звальненне — вызваляў месца для маладога спецыяліста, якога размеркавалі ў калгас. Пазней брыгадзір даведаўся, што старшыня сам папрасіў гэтага спецыяліста, каб па закону і "культурна" пазбавіцца ад уедлівага старога. Праз чатыры дні пасля напісання заявы былі гатовы провады Дзямідчыка на пенсію.
   Пасля ўрачыстага сходу Сцяпан усіх запрасіў да сябе, дзе ўжо чакалі накрытыя сталы. Захмялелы гаспадар не мог пагадзіцца з суседам, што яго "адцёрлі", "выперлі" з калгаса, прарочыў, што праз год ці два "старшыню мятлою выметуць... Морду як азадак наеў, па калгасе — хоць трава не расці". Прымачак чуў Сцяпанавы словы, злосны, абражаны, ён пакінуў застолле. Перапрошваць яго былы брыгадзір не захацеў.
   Дзямідчык пакінуў гасцей і апынуўся на поплаве, там скуб траву забыты ўсімі Ворлік. Разам з ім чалавек трапіў у кароўнік, "дзе добра знаёма пахла сенам, хлявом, і Сцяпан у сваім парадным касцюме, пры медалях заснуў... на пару з апошнім канём у Альховых Крыніцах". Раніцай даяркі знайшлі Сцяпана, але яго "подзвіг" зацміў сусед, які на пахмелку выпіў шклянку воцату. .

X

   Па першым часе Дзямідчык улёг у работу ля дома, давёў усё да ладу, да чаго доўгія гады не даходзілі рукі. Ён яшчэ спадзяваўся, што да яго звернуцца, паклічуць у калгас. Брыгадзірам замест Сцяпана стала маладая дзяўчына. Адной сустрэчы з ёй старому хапіла, каб пераканацца, што гэта чужы, абыякавы да зямлі чалавек.
   Па вёсцы пайшла пагалоска, што на плаціне панішчылі баброў. Дзямідчык заняўся следствам і пераканаўся, што без Прымачака тут не абышлося. Дзярэча, старшыня паляўнічага таварыства, паабяцаў разабрацца і прапанаваў Сцяпану ўзначаліць мясцовае таварыства. За вочы Дзямідчыка сталі зваць заечым пастухом.

XI

   З дапамогай Сашкі Навалачы, мясцовага п'яніцы і злодзея, наезжыя паляўнічыя знішчылі ўсю калонію баброў.

XII

   Сцяпан апісаў браканьерскія дзеянні і паехаў да сына ў горад, спадзеючыся на яго дапамогу. Прыезду дзеда вельмі ўзрадаваўся ўнук. Дзямідчык расказвае малому казку пра Апошняга Жураўля. Апошні Журавель стаў жыць сярод людзей, але ніяк не мог забыцца на сваю чараду. Прыйшла пара, калі ён зноў стаў птушкаю. "А жонцы сваёй, Гаспадыні, і дачцэ сказаў, што песню сваю, як душу, ён тут пакідае, каб шанавалі яны яе, каб нікому глуміцца з яе не давалі, бо ён будзе кожнае восені прылятаць, будзе душу сваю гукаць. І пакуль душа тая будзе, пакуль ён па яе прылятаць будзе, датуль і род наш чалавечы на зямлі будзе.
   Але... дачку яго харошую маці Гаспадыня за чалавека з чужое стараны аддала, а ён дачку жураўліную ад песні свае адвучыў, дзецям яна яе не пакінула. А Апошні Журавель усё прылятае, усё тую душу сваю ў нас гукае..."
   Бацькавы скаргі сын аднёс да былога свайго аднакурсніка ў газету. Той паабяцаў надрукаваць іх, калі будзе агульны матэрыял пра прыроду. Некалькі тыдняў Дзямідчык чакаў адказу, але так і не дачакаўся. Тады ён зразумеў, што дарэмна ездзіў да сына шукаць праўду.

XIII

   Гэту праўду Сцяпан выправіўся шукаць у самага высокага раённага начальства. Чакаючы сакратара райкома, Дзямідчык успомніў блакаду. Ён здагадваўся, чыім сынам быў Яновіч.
   Карнікі раскалолі атрад папалам. Паранены ў руку Сцяпан апынуўся сярод той часткі партызан, месцазнаходжанне якіх немцы ведалі. У атрадзе было шмат жанчын і дзяцей. Людзі маглі ўратавацца ў вялікім балоце, але дарогу да яго перагарадзіла набрынялая ранняй веснавой вадой рэчка. Шукалі броду. На пагорку ўжо былі відаць нямецкія танкі, усё бліжэй падыходзілі аўтаматчыкі.
   Не сціхаючы, плакала дзіця, здавалася, што яго крык чуе ўвесь свет. Стары мужчына раіў маладой маці накрыць дзіця кажушком, каб яно задыхнулася. Жанчына адмоўна круціла галавой і адпаўзала па лёдзе ад настаўленай вінтоўкі. Дзядзька піхаў жанчыну да глыбокай палонкі, якую яна не бачыла. Дзямідчык адштурхнуў старога і пад няўхвальны шэпт людзей пагнаў маці з дзіцём перад сабой на другі бок рэчкі. Яны шчасліва перабраліся па гнуткім лёдзе, калі "ззаду, за рэчкаю, глуха вухнуў снарад, нема закрычалі людзі".
   Пасля таго Дзямідчык Лену, сваё першае каханне, якое недзе жыло ў душы да гэтага часу, не сустракаў.
   Ад сакратара Сцяпан даведаўся, што яго бацька, Іван Яновіч, памёр некалькі гадоў назад, а маці жывая. Дзямідчык папрасіў перадаць ад яго паклон.
   Калі ў кабінеце Дзярэчы Сцяпан называў нумар машыны, што ноччу палявала на зайцоў, яму падалося, што старшыня паляўнічых адразу здагадаўся, чыя гэта машына. Сцяпан у цемры пераблытаў тройку з пяцёркай, і Дзярэча паведаміў сакратару райкома партыі, што ў іх раёне машыны з такім нумарам няма. Але перад гэтым ён папярэдзіў начальніка ўпраўлення Цыганкова, што наступны раз нумар назавуць правільна.

XIV

    Дом, у якім жыла Алена Яновіч, павінны былі знесці. Жанчыне здавалася, што "з жыццём гэтага дома канчаецца і яе жыццё". Маці чакала сына апошні раз у гэтым доме. Дачка жыла на Далёкім Усходзе, да таго ж яна была заўсёды нібы чужая для маці.
    Жонкай Яновіча Алена стала досыць нечакана для самой сябе. Акружэнец, потым партызанскі камандзір, ён падабаўся сваёй смеласцю, настойлівасцю. Дзед не хацеў аддаваць унучку замуж у такі час. Тады на хату напалі паліцаі, якраз у той момант, калі там знаходзіўся Яновіч. "Іван, мацюкаючыся на старых, ускінуў на Алену свой паўшубак, вывалак на двор паўз хлявы, паўз вішняк, да каня. У яе аж замірала сэрца... А "паліцаяў" тых, ні жывых ні мёртвых, ніхто тады ў вёсцы так і не бачыў". Сапраўдныя паліцаі праз паўтара года расстралялі дзеда і бабу за тое, што іх унучка — жонка камандзіра партызанскага атрада.
    У час сустрэчы з маці Яновіч успомніў пра дзівакаватага старога, які ведаў яе і бацьку. Алена адразу назвала прозвішча Дзямідчыка і расказала сыну, як гэты чалавек выратаваў іх у час апошняй блакады. Па вяртанні на працу прасіла перадаць Дзямідчыку прывітанне.
    Ноччу жанчына доўга не магла заснуць. Успамінала сваё жыццё: незразумелы развод бацькоў і ад'езд, падобны на ўцёкі, маці з горада, арышт бацькі, выкладчыка універсітэта, жыццё ў дзеда ў вёсцы. Утаіць, што бацька "нацдэм" не ўдалося. "Ратавала маці тое, што развод быў узяты да яго арышту. Але за два гады яна быццам звяла і сканала ціхая, як свечачка дагарэла". Мужа свайго Алена не кахала. Пасля вайны ён ніяк не мог пераламаць сябе, перастаць думаць, што яму ўсё дазволена. На работу Алену ён не пусціў "спачатку з-за свайго вялікага гонару, потым з-за непатрэбнае рэўнасці да яе маладосці, а потым яго ўжо глядзець трэба было".
    Прысніўся ёй малады Сцёпка Дзямідчык, які праводзіў яе з вечарынкі і першы раз у жыцці пацалаваў. "Саладзейшага, шчаслівейшага пацалунку яна так і не зведала ў жыцці. Можа і другое было б у яе жыццё, другое, не сцерлася б так ні маладосць, ні сталасць.
    Алена не адчувала, што плача".
    Праз дзень Яновіч даведаўся, што Сцяпана Дзямідчыка застрэліў шафёр Цыганкова...

XV

    Сцяпан паміраў тры дні. "Ён ні разу не расплюшчыў вачэй, не сказаў ніводнага слова, не паварухнуўся нават, нібы доўга і ўпарта плыла ягоная душа тою, не пазнанаю нікім паласою ўздоўж смерці і жыцця..."
    Пахавалі Сцяпана Дзямідчыка на сваіх могілках. Ганна першы год пасля смерці мужа не паехала да сына ў горад, Жанчына вясной і восенню пачала прыслухоўвацца да жураўлінага поклічу. Потым Жогла сказаў, што бачыў, як вясною над могілкамі кружыўся і крычаў адзінокі журавель. З Жоглы перасталі смяяцца, калі на помніку, які паставіў сын на магіле бацькі, праступіў лёгкі абрыс лятучага жураўля. "...Легенда пайшла па наваколлі, і многія пачынаюць паўтараць, што чуюць вясною і восенню над палямі кліч Апошняга Жураўля."

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВяртанне з выраю

Іван НавуменкаІван Навуменка - Падранены журавель

Пераказы, дыктантыРанішні канцэрт

Пераказы, дыктантыТанец жураўлёў

Максім ТанкМаксім Танк - Журавель і Чапля