Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Жук - Песня

   — Чаго гэта ты ўстаў не ў пару?
   Ён сцепануўся ад нечаканасці, разгублена аглянуўся: Настася стаяла ля ложка басанож і адзявалася.
   — Што гэта цябе зранку да акна прыляпіла? — зноў запыталася сястра, спраўна закруціла вакол стану спадніцу.
   — Выспаўся. Старому і сну няма.
   Сястра нічога не адказала: зусім слабым і нядужым здаваўся ён тут, у вёсцы,— па-старэчаму сухенькі і чысценькі самаўпэўнены гарадскі дзядок.    Дзе ўжо ў яго пытацца здароўя! I як гэта ён надумаўся ў такую слату ехаць у гэту глуш? I пісем жа не пісаў — маці толькі некалі бывае ўспомніць, што недзе Паўлік яе «вялікім» чалавекам стаў. Настася ўжо і не думала, што жыў ён яшчэ недзе, гэты невядомы яе брат, а ўчора ўвечар, у дождж, заявіўся.
   Брата пытаўся, а пра яе не ведаў!..
   Павел зноў завярнуўся да акна. Ля пачарнелага ад вільгаці плота стаяла рабінка, і на яе чырвоных ягадах віслі цяжкія кроплі.
   Было чуваць, як Настася мылася ў мыцельніку, потым пачала падпальваць у печы, выйшла на двор, мабыць, выпусціла з хлеўчука курэй, бо раптам на варотах з’явіўся залацісты вялікі певень, залопаў крыламі, коратка кукарэкнуў і нечага спужаўся, саскочыў на зямлю, азірнуўся, выцягваючы шыю...

   Вялікі чырвона-залацісты певень са скрываўленым і звіслым набок грэбенем кінуўся біць яго, і ён закрычаў спуду. На крык з хаты выбегла маці з хвартухом у руцэ і пачала адганяць пеўня, лупцуючы паскамі, а той не хацеў здавацца, і толькі калі маці добра такі даняла яго, закудахтаў ад болю і кінуўся ўцякаць.
   Маці выцірала яму слёзы, і па руцэ яе з ранкі буйна кацілася крывінка...

   Як гэта было даўно! I маці тады была ўдвая маладзей, чым ён цяпер.
   — Ты б малака хоць пакуль выпіў, — паклікала Паўла з кухні сястра.
   Яна змахнула хвартухом табурэтку, але ён не сеў, стоячы выпіў паўлітровы эмаліраваны кубак сырадою.
   — Дзякуй, Насця, — падзякаваў ён, сумеўся гэтай сваёй далікатнасці і выйшаў у чысты пакой, у задуменні абышоў вакол круглага стала, зазірнуў у люстэрка, што стаяла на ім, паправіў гальштук, які з’ехаў набок.
   Позірк яго ўпаў на рамкі з фотакарткамі, якія віселі над вокнамі. Ён падышоў бліжэй, пачаў углядацца. То хлопцы недзе на танцах, ля плота на вясковай вуліцы, — у шырачэзных штанах і кашулях з закасанымі рукавамі... Лупатае немаўля на дыванчыку старанна кусае палец на назе... Насцярожана застыў на фатаграфіі юнак у новым касцюме, з галыптукам-лапаткаю на грудзях. Ах, як няёмка і нязвычна яму ў гэтым убранні!
   А вось пажоўклы здымак: мужчына ў дабротным галіфэ, у доўгай, чуць не да каленяў, гімнасцёрцы, перахопленай камсастаўскай папругаю, стаіць, паклаўшы руку на спінку крэсла. Аж свецяцца наглянцаваныя боты!.. Два дзядзькі ў кажушках, пры зброі — аўтамат у аднаго на каленях, у другога — за плячыма вінтоўка,— кураць самакруткі і, мабыць, не здагадваюцца, што іх здымаюць.
   Здымкі большасць старыя, цьмяныя. I рамкі абклеены палоскамі белай паперы ў зубчыкі. Папера пажаўцела і пасохла.
   I нешта адно няўлоўна-падобнае ў рысах твару і гэтых дзядзькоў, і юнака: неяк аднолькава глядзяць іх вочы, аднолькава акрэслены падбародкі...
   «Няўжо гэта Настасін такі? — падумаў ён пра юнака.— А то мо браты?»
   — Уключы радзіва, Павел! — папрасіла з кухні Настася.
   Ён уключыў невялічкую пляскатую радыёлу, ад якой паўз бэльку вілася расцягнутая залацістая спружынка антэны. Ігралі скрыпкі, і мелодыя была лёгкая і балючая, як даўні, прыглушаны часам успамін.
   Павел падышоў да ложка, выцягнуў з-пад яго свой чорны лакіраваны чамадан з жоўтым замком-«маланкаю», паклаў яго на ложак, расчыніў. Усміхнуўся — падарунак вёз толькі аднаму брату, адрэз на касцюм...

   ...Братава калыска вісела ля печы, над палком, насланым з дошак. На адной з вяровак быў раскудлачаны вузел. Ён, калі хацеў паглядзець на брата, станавіўся на палок і чапляўся рукою за гэты вузел, цягнуў да сябе калыску. Калі толькі маці бачыла гэта, хапалася за хвартух, хлёсткія паскі якога ён добра ведаў.
   — Куды пабраўся? А каб цябе кроўная доля! Дзіця выкінеш!..
   Стала горача ад думкі, што Настасі нічога не ўзяў. Ніколі б і не падумаў, што ў яго ёсць яшчэ і сястра, і другі брат яшчэ быў. I ў самога яго прозвішча другое, не бацькава, — Ляткоўскі.
   Яшчэ малога яго некалі забраў да сябе пан Ляткоўскі, даў сваё прозвішча, вывучыў на спевака... Цэлае жыццё прайшло, рэвалюцыі, войны... Паўлу нават і не верылася, што недзе і сапраўды была тая вёска, і тая калыска з братам. Жыццё пражыў...
   Яшчэ ўчора, калі ішоў ад шашы па гразкай восеньскай дарозе, зразумеў, што не было чаго ехаць яму ў гэту глуш. Прамоклі ногі, і не хапала толькі прастудзіцца і захварэць. Не, як можна было яму, старому, бітаму жыццём, паддацца спакусе паказацца дадому, пафарсіць... I давялося пытацца ў людзей, а пасля, мокраму, зліняламу, як кату пад дажджом, тлумачыць незнаёмай жанчыне, што ён яе брат, той самы, пра якога некалі гаварыла ёй маці!..

   Настася затупала да стала. Прынесла на талерцы горку блінцоў, яешню і печанае сала, гуркоў, бульбы, якая густа парыла, потым насіла кілбасу, сырое сала, нібы збіралася на добрыя госці.
   Павел глядзеў на яе, і зноў пачала быццам прыходзіць заспакоенасць і лагоднасць — і добрым быў шэры восеньскі дзень за акном, рабінка, далёкі лес...
   — Нашто гэтулькі? — здзівіўся ён.
   — А то ж шкадаваць буду! У мяне ж есці няма каму. Хіба Шура з сям’ёю ў госці наедзе,— адказала яна і паставіла на стол гранёныя стограмоўкі.
   Ён паглядзеў на яе, мажную, са спакойным круглым тварам, нібы не было за плячыма больш шасцідзесяці год, на яе вялікія рукі...
   — То садземся, паснедаем.
   Яна скінула хустку, павесіла на біла ложка. Яе густыя пасівелыя валасы былі роўна зачэсаны і закручаны на патыліцы.
   — Ну давай, братка, за ўсё, што перажылося і каб яшчэ жылося! — падняла яна чарку.
   Ён глядзеў, як яна спраўна выпіла гарэлку, і падумаў, што калі вып’е, то ап'янее. Адпіў ён некалькі глыткоў. Яна толькі глянула на яго і нічога не сказала.
   — А я Антосю на касцюм прывёз,— пачаў ён.
   — Дзе яму той касцюм! Мо і касцей ужэ німа. Яны ж са Сцяпанам разам і леглі.
   — Пра цябе і Сцяпана я не ведаў... А дзе іх пахавалі?
   — Хто яго ведае. Іх, казалі, ранілі, як на дарогу хадзілі, немцы жывымі пабралі. Замучылі недзе. За гэту вайну тут уся зямля магілаю стала. Столькі палажылі!
   Сястра гаварыла проста, спакойна, як пра будзённае.
   — Мне ўжэ после іх картачку людзі перадалі, после вайны.
   Настася паглядзела на рамку з фатаграфіямі:
   — А гэта мой стаіць. Яшчэ як прадсядацелям сільсавецкім быў. Год толькі і пабыў, адале і злёг. Збіты быў, зранены...
   — А сем’і братоў?
   — Спалілі. Тады ж тут усіх палілі. Акружылі і запалілі. Гэта ўсё пасля вайны адбудавалі. А ты што робіш там? — запыталася сястра.
   Павел разгубіўся.
   — Спяваў... некалі. А цяпер нічога.
   — З нашага роду ўсе галасістыя. А грошы як зарабляў?
   — Спяваў...
   — А-а! Дак гэта як арціст?
   — Так. А пра цябе, прабач, нічога не ведаў. Адрэз хоць хлопцу свайму вазьмі.
   — Нашто ён яму! Ён і сам інжынер, хватае ўсяго.
   — Не павязу ж я назад! Пакладзі хоць...
   — Да ўжэ ж... Ну, то дзякуй, Павел!
   Паўлу не хацелася больш есці. Ад выпітага забалела галава.
   — Астаўся б ты ў мяне. Пагуляў бы, патаптаўся ля дому, пад’еў усмак, паспаў, а то — што цень, як ветрам не паваліць,— зноў загаварыла сястра, і ў голасе яе была спагада.
   Хацеў адказаць, што нельга яму. I што ён рабіў бы тут сярод гэтага лесу, гразі? Увесь век пражыў у горадзе. А Настасі і праўда ён жаласлівы ў сваім убранні, па-гарадскому і кволы.
   — Няма як, Настася,— адказаў ён і ўстаў з-за стала. Нечаму зрабілася так балюча і маркотна, што ўваччу навярнуліся слёзы, і каб не заўважыла сястра, ён нахіліўся над чамаданам, пачаў вымаць пакупкі.
   — Якія гэта ў цябе пласцінкі?
   — А, гэта мае арыі,— адказаў ён.
   — А я думала: вальцы. Вольчыны пабілі маю пласцінку. «На сопках Манжура». Вот я ж любіла яе слухаць! Казалі адкупяць, да ўсё не збяруцца.
   Павел прамаўчаў і сунуў пакунак назад у чамадан. Гэта былі яго любімыя арыі, і запісаны яны ў даўні час, калі ён «грымеў» і не ўспамінаў пра далёкую лясную вёсачку...
   — Мо пайду, запрагу каня? Куды ты з чамаданам пойдзеш!
   — Не трэба! Правядзеш мяне лепш,— запярэчыў ён. Яму не хацелася заставацца аднаму ў пустой хаце, захацелася хутчэй пайсці.
   Па вуліцы ішлі побач. Настася ў новай куфайцы, у гумавых ботах, ступала збоку паўз сцежку на рэдзенькай гразі.
   Павел уцягваў галаву ў каўнер плашча і шкадаваў, што не ўзяў шалік. Ступаў ён па старых слядах на сцежцы — было сушэй. Чаравікі, якія Настася была паставіла ноччу на печ, ссохліся і ціснулі ногі. Капялюш Павел нацягнуў на лоб, — каб не сагнаў вецер, — думаў, што трэба нешта загаварыць да сястры, але не ведаў пра што, і толькі яшчэ больш уцягваў галаву ў каўнер паліто.
   За вёскаю, цярэспаля, да самае шашы, вілася бліскучая ад вільгаці, выбітая нагамі сцяжынка, па якой дзеці бегалі ў школу.
   Настася спынілася, паставіла на вытаптаную прыдарожную траву чамадан.
   А Павел усё думаў, што б сказаць, адчуваў, што нешта яшчэ забыўся,— і не мог успомніць. Ён не заўважыў, калі спынілася сястра, і ўсё ступаў наперад.
   — Павел! — абазвалася Настася.
   Ён разгубіўся і вінавата падышоў да яе. Твар сястры быў спакойны, як і тады, калі яна падавала на стол, і калі пакавала яму ў чамадан і кілбасу, і яблыкі,— навошта яны яму, калі хапае і грошай? Але ён не адмаўляўся: баяўся пакрыўдзіць.
   — Ну, то хай цябе бог сцеражэ! — спакойна сказала Настася, паклала рукі яму на плечы і тройчы пацалавала. Шчокі і вусны ў яе былі халодныя.
   — Настася, а Настася! — паклікаў ён.
   Яна павярнулася да яго.
   — Маці дзе, Настася? Я думаў, ты мяне зводзіш...
   — Парцізан на могілках акружылі былі. Танкамі ўсё зраўнялі...
   Яна яшчэ нешта гаварыла сваім сумным, спакойным голасам, але ён не чуў, адчужана ішоў па сцяжынцы, якая мякка гойдалася ўваччу...

Похожие статьи:

ВВясельныя песні

ВВалачобныя песні

ВВосеньскія песні

ППесня

Ян ЧачотЯн Чачот - Песні і балады