Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
У Купалаўскім парку
Варыянт 1 (245 слоў)
Парк імя Янкі Купалы размешчаны ў цэнтры Мінска, недалёка ад плошчы Перамогі. Улетку парк выглядае ўтульным і цяністым, узімку – заснежаным. Давайце спусцімся па прыступках у гэты любімы куточак мінчан.
Парк быў закладзены пасля вайны. Рукамі жыхароў горада тут былі высаджаны сотні дарослых дрэў амаль усіх парод, якія ёсць на Беларусі. Да з’яўлення парку Свіслач у час веснавой паводкі разлівалася так, што прыносіла мінчанам шмат бед. Калі пачалі закладаць парк, гэта месца паднялі амаль на тры метры, а раку ўзялі ў бетонныя берагі.
Раней на месцы парку былі кварталы драўляных дамоў. Усё гэта згарэла ў першыя ж дні вайны. Згарэў і дом, дзе жыў наш народны пясняр. Згарэлі амаль усе яго рукапісы. Засталася толькі адна таполя, што вартавала ўваход у двор Купалавага дома. Пасля вайны і яна павалілася ад ветру, а ад жывых каранёў вырасла новае дрэва. Каля яго ў 1959 годзе збудавана двухпавярховая камяніца. Гэта Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.
Крыху воддаль знаходзіцца фантан «Купалінка». Як жывыя, хоць і з бронзы, сядзяць на беразе невялікага азярца дзве дзяўчыны, плятуць вяночкі з кветак і пускаюць іх на ваду. А зверху на дзяўчат абрынаецца цэлы дождж пырскаў. На сонцы яны ўтвараюць вясёлку.
Трэба прайсці яшчэ па адной дарожцы, каб сустрэцца з самім Янкам Купалам. Вось невялікі курганок, а на ім, ахінуўшыся плашчом, стаіць пясняр. Дайшоў да краю і спыніўся. Унізе бруіць крынічка жывой вады, выбіраючыся з-пад вялізнай папараць-кветкі. Купала ж з горда ўзнятай галавой як бы кідае свой пранікнёны позірк да сонца, да зор.
Варыянт 2 (160 слоў)
Парк імя Янкі Купалы ў Мінску ўлетку выглядае ўтульным, цяністым, узімку – заснежаным. Спусцімся па прыступках у гэты любімы куточак мінчан.
Раней на месцы парку былі кварталы драўляных дамоў. Усё гэта згарэла ў першыя ж дні вайны. Згарэў і дом, дзе жыў наш народны пясняр. Засталася адна таполя, што вартавала ўваход у двор Купалавага дома. Пасля вайны і яна павалілася ад ветру. Ад жывых каранёў вырасла новае дрэва. Каля яго збудавана двухпавярховая камяніца. Гэта Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы.
Крыху воддаль – фантан «Купалінка». Як жывыя, хоць і з бронзы, сядзяць на беразе азярца дзве дзяўчыны, плятуць вяночкі з кветак і пускаюць іх на ваду. А зверху на дзяўчат абрынаецца цэлы дождж пырскаў.
Пройдземся яшчэ адной дарожкаю, каб сустрэцца з самім Янкам Купалам. Вось невялікі курганок, а на ім, ахінуўшыся плашчом, стаіць пясняр. Унізе бруіць крынічка жывой вады, выбіраючыся з-пад вялізнай папараць-кветкі. Купала ж з горда ўзнятай галавой як бы кідае свой пранікнёны позірк да сонца, да зор.
Паводле У. Юрэвіча
Похожие статьи:
Пераказы → У Купалаўскім парку
Янка Купала → Янка Купала - Пясняр беларускага народа