Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сумую па прыналежных прыметніках...
Наш пастаянны чытач Сцяпан Станюк у сваім лісце ў рэдакцыю піша, што апошнім часам у нашым беларускім друку амаль забыліся на прыналежныя прыметнікі. У газетах найчасцей абыходзяцца родным склонам назоўніка.
«А звярніцеся да нашай класікі, – зазначае аўтар ліста, – “Рыбакова хата”, “Міхасёвы прыгоды” Якуба Коласа, “Тарасова доля” Янкі Купалы, “Вавёрчына гора” Васіля Віткі».
Вельмі слушная і надзённая ваша заўвага, шаноўны Сцяпан Іосіфавіч. І выдатныя прыклады.
Вядома, у нашай мове ёсць два сродкі выказвання прыналежнасці. Гэта прыналежныя прыметнікі і родны склон прыналежнасці (братава кніга і кніга брата). Але правільна падкрэсліваецца ў лісце: асноўнай формай былі і застаюцца прыналежныя прыметнікі.
Вельмі цікавыя падлікі гэтых абедзвюх формаў у фальклорных запісах і ў мове мастацкай літаратуры зрабіў некалі даследчык М. Стэльмах. Думаю, яны будуць цікавыя і для нашага чытача. Так, напрыклад, у аб’ёмістым «Белорусском сборнике», які выйшаў у Кіеве ў 1886 годзе і ў якім пададзены багаты фальклорны матэрыял – песні, прыказкі, прымаўкі, – родны склон прыналежнасці зусім не сустракаецца. У «Хрэстаматыі па беларускай дыялекталогіі» (Мінск, 1962), дзе змешчаны матэрыялы, сабраныя ў 1948-1959 гадах у розных мясцовасцях Беларусі, ужыты 81 прыналежны прыметнік, у той час як з родным склонам прыналежнасці без паясняльнага слова толькі 3 прыклады.
А цяпер – з мастацкай літаратуры. У аповесці «Дрыгва» Якуба Коласа са 148 прыналежных канструкцый 127 прыпадае на прыналежныя прыметнікі і 21 – на родны склон назоўнікаў. У рамане «Людзі на балоце» Івана Мележа з прыналежнымі прыметнікамі налічваецца 157 прыкладаў, а з родным склонам – толькі 10.
У сучаснай рускай мове прыналежныя прыметнікі ўтвараюцца ад назваў асоб (галоўным чынам сваякоў), уласных імёнаў і назваў прафесій.
І калі ў рускай мове трэба зважаць не толькі на род, але і на тып скланення, да якога адносіцца той ці іншы назоўнік (отцов, братцев, дедушкин, Зоин, Ванин), то ў беларускай усё вельмі проста. Ад назоўнікаў мужчынскага роду (незалежна ад тыпу скланення) прыналежныя прыметнікі ўтвараюцца з дапамогаю суфіксаў -оў(-ёў), -аў, -еў (дзядзькаў, Міхасёў, Толеў), а ад назоўнікаў жаночага роду толькі з суфіксам -ін(-ын) (Зоін, матчын, бабчын). Так што адразу відаць і род уладальніка: Алесева кніга (кніга Алеся), Алесіна кніга (кніга Алесі).
Вядома, трэба мець на ўвазе: перад суфіксам -ін у нашай мове заднеязычныя памякчыліся ў шыпячыя (а -ін пасля шыпячых дае -ын): бабка – бабчын, мачаха – мачашын (параўн. руск. бабкин, мачехин).
Родны ж склон назоўнікаў для выказвання прыналежнасці ў нашай мове непазбежны, па сутнасці, толькі ў двух выпадках:
1) пры назоўніку стаіць яшчэ хоць бы адно слова: што дзённік Міхася Кунцэвіча, часопіс майго сябра;
2) прыналежнага прыметніка нельга ўтварыць ад прыметніка, які зрабіўся назоўнікам (ложак хворага).
Вось збольшага ўсё. Таму калі ў газетах бачыш: ноўтбук выкладчыка, машына дырэктара, капялюш брыгадзіра, думаеш: няўжо аўтару цяжка напісаць гэта больш натуральна: выкладчыкаў ноўтбук, дырэктарава машына, брыгадзіраў капялюш. І сумуеш па беларускіх прыналежных прыметніках.
(444 словы)
Рубрыку вядзе Анатоль Клышка