Вельмі выразна ўспамінаю драўлянае вядро, даверху поўнае празрыстай, халоднай вадой. Мама нясе яго па двары, а са страхі злятае мой голуб Сняжок і садзіцца на край вядра. Вада ў вядры калышацца, і піць яе нязручна. Ды голуб п’е, а мама смяецца і ставіць вядро на зямлю.
Вада ў вядры памалу перастае калыхацца, і голуб п’е, не адымаючы дзюбы.
– Перадыхнуў бы хоць! – гаворыць мама.
Яна смяецца. Я сяджу ля вядра на зямлі, і гэтак мне добра глядзець на вясёлую маму. Таксама добра глядзець, што мой Сняжок сядзіць на краёчку вядра, учапіўшыся за гэты край чырвонымі маршчыністымі ножкамі.
І вось ён нарэшце напіўся. Паглядзеў на нас і скочыў у ваду.
– О, гэта дык гэта! – замахнулася мама.
– Ты не гані яго, – крычу я. – Няхай пакупаецца.
Кажу таксама, што я сам прынясу вады. Ды мама зноў смяецца.
– Здаравяка знайшоўся. І сама прынясу. Ды ён вады не замуціць, ён чысценькі.
Сняжок вады не замуціў. Ён скончыў купацца, і мама паднесла вядро на парог хлява. Карова Падласка зусім спакойна пачала піць.
А мой Сняжок тым часам ужо на страсе. Ён ужо дакарае за нешта сваю галубку, сварыцца на галубянят. Яны сядзяць на тым баку страхі. Сняжок надзімаецца, кружыцца ваўчком і ўсё вурчыць. Я разумею, што ён кажа. Ён сварыцца на сваю белую сяброўку Волечку, якая залішне песціць малых.
Нарэшце, нібы выказаўшы ўсё, Сняжок узняўся, залопаўшы крыламі. За ім узляцела яго паслухмяная Волечка, а ўслед за імі – маладыя. Маладых двое. Яны яшчэ пішчаць і часта лезуць да дзюбы бацькоў. Сняжок дарэмна бурчыць на маладых, што яны гультаі. Яны лятаюць вельмі ахвотна.
Ды Сняжок ужо не злуе. Ён уздымаецца ўсё вышэй, спыняецца і пачынае заўзята куляцца, а побач з ім куляецца і кружыць белай пушынкай па ветры спрытная Волечка. Толькі маладыя «гультаі», як называе іх Сняжок, не могуць яшчэ куляцца. Яны нясмела прысядаюць на распушчаныя хвасты, патрымцяць крыламі, як жаўрукі, і зноў пачынаюць лятаць.
А я гляджу, не магу наглядзецца.
(309 слоў)
(Паводле Я. Брыля)
Похожие статьи:
Васіль Жуковіч → Васіль Жуковіч - Скалечаны голуб
Пераказы → Слухайце адзін аднаго!
Пераказы → Як сказаць «не»?
Ян Чачот → Ян Чачот - Да голуба
Пераказы → Дзікі голуб