Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Слуцкія паясы

   Слуцкія паясы – выдатная з’ява культурнай спадчыны Беларусі. Яны невыпадкова сталі нацыянальным сімвалам краіны. Мы ганарымся тым, што менавіта нашы продкі стварылі адметны ўзор мастацкага ткацтва, які набыў сусветную вядомасць. Слуцкая фабрыка працавала менш за сто гадоў, але хутка набыла шырокую вядомасць. Яе прадукцыя служыла прыкладам для мануфактур Рэчы Паспалітай, Францыі, Аўстрыі, Расіі.
   У сувязі з тэрытарыяльнымі падзеламі Рэчы Паспалітай залаты век беларускага ткацтва закончыўся каля сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Доўгі час паясы, каштоўныя тканіны слуцкай вытворчасці захоўваліся ў скрынях шляхецкіх сядзіб. Прайшло шмат часу, пакуль слуцкія паясы занялі пачэснае месца ў прыватных і музейных калекцыях.
   У пачатку XX стагоддзя дзеячы беларускага Адраджэння звярнулі ўвагу на ўнікальныя творы, знітаваныя з роднай зямлёй і створаныя нашымі выдатнымі продкамі. Слуцкія паясы становяцца своеасаблівым знакам культурнай спадчыны. Стылізаваныя арнаменты з кветкавых букетаў упрыгожвалі плакаты мастацкіх выставак, вокладкі зборнікаў паэзіі, часопісаў. Верш Максіма Багдановіча "Слуцкія ткачыхі" прасякнуты эмацыянальным адзінствам аўтара з нацыянальнай гісторыяй і народнай культурай. У тыя часы ён максімальна адпавядаў уяўленням творчай інтэлігенцыі аб цяжкай працы прыгонных.
   Пасля Другой сусветнай вайны ў музейных зборах Беларусі не засталося ніводнага цэлага слуцкага пояса. Толькі ў выніку актыўнай дзейнасці музейныя супрацоўнікі набылі не калькі фрагментаў паясоў. Некаторыя творы былі перададзены ў беларускія музеі з музеяў Масквы, з Чарнігаўскага дзяржаўнага гістарычнага музея. З гэтай прычыны ўзнікалі цяжкасці пры вывучэнні мастацкага ткацтва.
   Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь найлепшая ў краіне. Праўда, слуцкія паясы ў ёй да апошняга часу былі прадстаўлены двума фрагментамі. У архіве музея захоўваюцца 22 фотаздымкі слуцкіх паясоў, якія ў свой час былі перададзены з Нясвіжскага замка, але зніклі падчас Другой сусветнай вайны. Вядома, што найбольш буйныя калекцыі паясоў знаходзяцца ў шматлікіх музеях Польшчы ў Варшаве, Кракаве, Познані. Значныя зборы ёсць і ў Расіі. Найбольш вядомы знаходзіцца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.
   Неабходнасць вяртання нацыянальнай спадчыны стала відавочнай. Пры Беларускім фондзе культуры была створана камісія "Вяртанне" па збіранні інфармацыі аб помніках беларускай культуры за межамі нашай краіны. Самыя каштоўныя вынікі працы гэтай камісіі надрукаваны ў спецыяльных зборніках.
   Па ініцыятыве кіраўніцтва Нацыянальнага мастацкага музея з дапамогай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі ажыццёўлены міжнародныя праекты па экспанаванні паясоў у мастацкім музеі. Дзякуючы намаганням навуковых супрацоўнікаў розных краін грамадства Беларусі ўпершыню атрымала магчымасць усебакова пазнаёміцца з разнастайнымі ўзорамі слуцкіх паясоў, якія вырабляліся ў Польшчы, Францыі, Аўстрыі.
   Наведвальнікам дапамагалі навуковыя супрацоўнікі музея, якія падрыхтавалі тэматычныя экскурсіі, стваралі праграмы для аматараў мастацтва, праводзілі творчыя семінары для спецыялістаў. У міжнародным праекце прынялі ўдзел гістарычныя і мастацкія музеі Масквы і Вільнюса.
   Кожная экспазіцыя мела свае адметныя рысы, вабіла непаўторнымі якасцямі твораў. Дэманстравалася восем твораў шаўковага ткацтва высокай мастацкай якасці. Наведвальнікі музея атрымалі магчымасць на працягу двух гадоў знаёміцца з выдатнымі ўзорамі нацыянальнай культуры.
   Выстаўкі ўражвалі цудоўнай захаванасцю паясоў, складанай колеравай гамай, шматлікімі ўзорамі выкарыстання залатых і срэбных нітак.
   Акрамя ўсеагульнай падтрымкі гэтага праекта грамадскасцю, галоўным вынікам стала падтрымка на дзяржаўным узроўні. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Дзяржаўную праграму адраджэння традыцый вырабу слуцкіх паясоў.
   Права вяртання нацыянальнай спадчыны працягваецца і ўзбагачаецца новымі формамі, падтрымліваецца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Галоўным вынікам дзейнасці беларускіх вучоных у гэтым напрамку будзе фарміраванне ў свядомасці нашага грамадства разумення ўнікальнасці здабыткаў нацыянальнай культуры. Слуцкія паясы закліканы шанаваць духоўныя вытокі беларускага народа, гонар за нашу Айчыну, за яе багатую гісторыю.
(519 слоў)

Паводле У. Пракапцова.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСлуцкія паясы

Пераказы, дыктантыПаясы беларускай красы