Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Слуцкія паясы

   Сёння яны ўпрыгожваюць самыя вядомыя музеі Лондана і Парыжа, Варшавы і Кіева, Масквы і Нью-Ёрка. Вельмі багаты і каштоўны збор гэтых дзівосных вырабаў захоўваўся таксама ў Мінску, але ў гады Другой сусветнай вайны рабаўнікі вывезлі яго за межы Беларусі. Таму ў нашай краіне засталіся толькі чатыры поўныя слуцкія паясы: два знаходзяцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, па адным – у Дзяржаўным музеі гісторыі і культуры Беларусі і Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Глядзіш на іх, і міжволі згадваецца ранішні расяны луг, што пад першымі сонечнымі промнямі ажно зіхаціць, пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. А на памяць адразу прыходзяць радкі з цудоўнага верша Максіма Багдановіча «Слуцкія ткачыхі»:

 

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
I цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.


   З сівой даўніны і на працягу доўгіх стагоддзяў ткацкі станок надзейна служыў людзям. З пакалення ў пакаленне перадаваліся таямніцы ткацкага майстэрства, і ўрэшце нялёгкая праца ператварылася ў высокае мастацтва. Сведчаннем таму – створаныя пад сялянскімі стрэхамі і ўпрыгожаныя спрадвечнымі ўзорамі-замовамі абрусы, дываны, ручнікі і, вядома ж, паясы, якія нашы продкі лічылі ці не галоўнаю аздобаю ў вопратцы. Сяляне, праўда, насілі ваўняныя ці льняныя апаяскі, а магнаты і заможная шляхта падпярэзваліся паясамі з залатою ці срэбнаю асноваю, прывезенымі з далёкіх усходніх краін. Каштавалі яны нямала, але ахвотнікаў выглядаць прыгожа заўсёды хапала.
   Каб задаволіць патрэбы пакупнікоў, князі Радзівілы заснавалі ў 1736 годзе ў Слуцку мануфактуру, якая дасягнула сапраўднага росквіту толькі праз дваццаць гадоў, калі па запрашэнні Міхала Радзівіла яе ўзначаліў Ян Маджарскі. Нарадзіўся ён у Турцыі, доўгі час працаваў ва Украіне. Дзякуючы бездакорнаму ткацкаму ўмельству набыў шырокую вядомасць і павагу. У Беларусь Ян Маджарскі прыехаў не адзін, а з некалькімі вопытнымі майстрамі, магчыма, сваімі землякамі. Слуцкі люд называў іх персамі, а прадпрыемства, дзе яны шчыравалі, з часам стала называцца персіярняй.
   На самай справе ткалі славутыя слуцкія паясы не дзявочыя, як напісаў паэт, а дужыя мужчынскія рукі. Бо гэты занятак, акрамя цярплівасці, вымагаў і нямала сілы. Дарэчы, спрактыкаваны майстар за год мог выканаць каля дзесяці паясоў. У шырыню яны мелі да сарака сантыметраў, а ў даўжыню – ажно за два метры. Асабліва каштоўным было тое, што на вырабах амаль не сустракалася падобных узораў.
   У канцы XVIII і на пачатку XIX стагоддзяў Слуцкую мануфактуру арандаваў сын Яна Маджарскага Лявон. Пры ім працавалі шэсцьдзясят ткачоў, большасць з якіх паходзіла з навакольных вёсак і мястэчак. Акрамя паясоў, яны выраблялі габелены, дываны, тканіны для царкоўнай службы. Будучы не рамеснікамі, а найперш творцамі, тутэйшыя майстры няспынна шукалі і знаходзілі сваё разуменне хараства. Таму і па сённяшні дзень цвіце і ніколі не адцвіце на іхніх дзівосных вырабах «заміж персідскага ўзору цвяток радзімы васілька».
   У сярэдзіне XIX стагоддзя Слуцкая персіярня перастала існаваць, пакінуўшы нам, нашчадкам, казачныя паясы-вясёлкі.
(455 слоў)

Паводле У. Ягоўдзіка.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСлуцкія паясы

Пераказы, дыктантыПаясы беларускай красы