Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Руплівыя гаспадары
Бабры – руплівыя гаспадары. Уважліва сочаць яны за станам свайго жылля, заўсёды ўмацоўваючы яго і рамантуючы. На хатку, пакінутую бабрамі, нагамі не станеш: яна адразу праваліцца...
Знізу і знутры бабровыя хаткі моцна сцэментаваныя глеем. Нялёгка прабрацца ў такую хатку. У ёй бабёр адчувае сябе ў поўнай бяспецы. Іншы раз воўк, пачуўшы бабра, спрабуе кіпцюрамі разбурыць яго хатку. Але ніколі яму гэта не ўдаецца, так моцна яна зроблена. Мядзведзь, а іх у запаведніку шмат, таксама не супроць таго, каб паласавацца тлустым бабровым мясам, асабліва ранняй вясной, калі ён галодны і худы пасля зімняй спячкі і калі яму прыходзіцца харчавацца ў асноўным толькі леташнімі журавінамі на балоце. Мядзведзь, зразумела, дужэйшы за ваўка, ён можа разбурыць бабровы дом, але да гаспадароў яму ніколі не дабрацца, таксама як і ваўку. Пакуль ён будзе старацца над хаткай, бабёр заўсёды здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей.
Звычайна бабёр выбірае месца для пабудовы хаткі між каранёў старой вольхі. На балоце вольха расце кустом. З густа пераплеценых карэнняў узнімаецца некалькі ствалоў і маладых парасткаў. Прамежкі паміж імі запоўнены леташнім лісцем, сухімі галінкамі і наноснай зямлёй, якая засталася тут пасля паводкі. Зверху ўсё гэта зарастае мохам. У такім вось месцы і будуе часцей за ўсё сваю хатку бабёр. Вырыўшы пасярод узгорка, між ствалоў вольхі, яму, ён стварае дно і сценкі логава, а зверху кладзе тоўстыя, ачышчаныя ад кары палкі, робячы над логавам скляпенне. На гэтыя бэлькі ён кладзе лягчэйшую насцілку з больш тонкіх і неачышчаных палак і галін. Калі столь над логавам узведзена, бабёр будуе вакол яго галерэю. Для гэтай мэты ён кладзе на верхнюю насцілку логава доўгія галіны, камлямі ўгору. Тонкія канцы гэтых галін упіраюцца ў зямлю. Вакол усёй пабудовы робіцца такім чынам галерэя, якую бабёр пакрывае зверху глеем і зямлёй. На галіны, якія ўтвараюць галерэю, ён кладзе наступныя рады галін і палак, таксама пакрываючы іх зверху глеем і зямлёй.
Будуе хатку галоўным чынам бабрыха. Гэта яна абкладвае логава палкамі, абмазвае іх глеем і глінай, кладзе зверху новыя рады палак. Бабёр тым часам рыхтуе будаўнічы матэрыял. Ён валіць маладыя дрэўцы, ачышчае іх ад сучча, разгрызае ствалы на роўныя часткі і па вадзе дастаўляе іх да месца будоўлі. Бабрыха час ад часу нырае ў ваду, залазіць у хатку і там пярэднімі лапамі, як сапраўдны тынкоўшчык, абмазвае столь сваёй кватэры глеем. Унутры хаткі бывае часам некалькі пакояў і некалькі выхадаў пад ваду. Логава ці гняздо ў хатцы знаходзіцца заўсёды над узроўнем вады...
Старыя бабровыя хаткі, у якіх бабры жывуць з пакалення ў пакаленне, штогод іх пашыраючы і павялічваючы, дасягаюць часам вялізных памераў...
Бабры жывуць сем’ямі. Кожная сям’я мае пэўны ўчастак, больш ці менш аддалены ад іншых сем’яў. Бабровае жыллё з усімі падсобнымі пабудовамі – норамі, каналамі і плацінамі, пабудаванымі адной сям’ёй, якая жыве асобна, – называецца бабровым паселішчам.
Часам некалькі хатак знаходзяцца блізка адна ад адной, на адлегласці ад 10 да 15 метраў. Яны пабудаваны маладымі бабрамі, якія дасягнулі двухгадовага ўзросту і, аддзяліўшыся ад бацькоў, пасяліліся па суседстве. Такія групы блізкіх паселішчаў называюцца бабровымі калоніямі.
(486 слоў)
Паводле В. Вольскага.
Похожие статьи:
Артур Вольскі → Артур Вольскі - Вожык-дзівачок