Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пра Чорную Даму

   Князі Радзівілы, што валодалі Нясвіжскім замкам, належалі да вельмі старажытнага і знатнага роду. Многа пакаленняў гэтага роду каля пяцісот гадоў былі ўладарамі шматлікіх маёнткаў на Беларусі. Тое, што расказваюць, адбылося ў XVІ стагоддзі.
   Князёўна Барбара Радзівіл – сястра грознага князя Мікалая Чорнага – рана выйшла замуж, але ўжо ў дваццаць два гады аўдавела. Муж яе быў забіты на вайне. Маладая княгіня жыла ў Вільні. Барбара была вельмі прыгожай, разумнай і адукаванай жанчынай. У той самы час у Вільні жыў княжыч, пляменнік вялікага князя Літоўскага – Жыгімонт. Аднойчы юнак убачыў Барбару і закахаўся ў яе. Яны пачалі таемна сустракацца. Малады княжыч з’яўляўся спадчыннікам вялікага князя. Барбара была старэйшая за юнака на тры-чатыры гады. Можа, яна таксама шчыра кахала яго. А можа, разумная і хітрая княгіня проста хацела стаць жонкай будучага караля.
   І вось аднойчы, калі закаханы пералез праз высокую каменную сцяну ў сад да сваёй любай, яго схапілі. Ён мусіў ажаніцца з княгіняй, іх таемна павянчалі ў Вільні. Праз нейкі час Жыгімонт стаў польскім каралём Зыгмундам Аўгустам ІІ. Але польскі сейм і духавенства не хацелі прызнаваць Барбару Радзівіл каралевай. Аднак кароль дабіўся свайго, і яго жонка стала прызнанай каралевай. Праз год пасля каранацыі яна памерла. Яе атруцілі. Пасля смерці Барбары кароль вельмі засумаваў і перастаў цікавіцца дзяржаўнымі справамі. Жаніцца ён больш не хацеў, бо моцна кахаў Барбару. Прыдворныя запрасілі з Англіі чарнакніжніка, каб той вызваў дух Барбары, які загадаў бы каралю ажаніцца. І вось аднойчы ў цёмную залу, дзе сядзелі кароль і яго світа, увайшла дама, апранутая ва ўсё чорнае. Кароль кінуўся да яе і хацеў абняць, але адразу пачуўся выбух...
   Гавораць, што дух Барбары ў вобразе Чорнай Дамы з той пары пасяліўся ў Нясвіжскім замку. Апоўначы ў замку з’яўляецца Чорная Дама. Гавораць, што яна аберагае закаханых. Таму ў народзе існуе павер’е: на каго Чорная Дама паглядзіць, таму выпадзе шчасце.
(299 слоў)

 

Похожие статьи:

Раіса БаравіковаРаіса Баравікова - Барбара Радзівіл

Пераказы, дыктантыСямейная муза Францішкі Радзівіл

Пераказы, дыктантыКіраўніца Нясвіжскага тэатра